Ганна Шапуцька: Курапаты зараз у вялікай небяспецы

‎

 Ганна Шапуцька:  За тры гады мы без усялякай дапамогі дзяржавы, сваімі рукамі расчысцілі ад смецця і кустоўя трэць мемарыяла. Не хапае людскіх рэсурсаў.

Каардынатар ініцыятывы «За ўратаванне Курапатаў» Ганна Шапуцька адказала на пытанні  "Беларускага дакументацыйнага цэнтра":

  - Ганна, як Вы ставіцеся да апошняй заявы Лукашэнкі наконт Курапатаў, якую ён зрабiў падчас размовы з незалежнымі журналістамі?

  - Курапаты зараз у вялікай небяспецы, напэўна, самай вялікай з моманту іх адкрыцця. Словы Лукашэнкі сведчаць аб тым, што яму даўно мулiць вочы гэтае месца, дзе ляжаць тысячы закатаваных НКУСаўцамі людзей. Нармальны чалавек не стаў бы казаць, што трэба прыбраць крыжы, якія пастаўлены ўздоўж дарогі, ці аднесці далей углыб лесу, што крыжы на такім жахлівым месцы - гэта палітычная акцыя. Нармальны чалавек, кіраўнік краіны, дапамог бы годна ўшанаваць памяць закатаваных людзей, і не толькі ў Курапатах, але і ў іншых падобных месцах. А замест гэтага гісторыка-культурная каштоўнасць першай катэгорыі міжнароднай значнасці «Месца гібелі ахвяр палітычных рэпрэсій 30-40-х гадоў XX стагоддзя» фактычна не мае гаспадара. Зямля належыць птушкафабрыцы,  лес павінен даглядаць «Зелянбуд», а пра мемарыял дзяржава «забылася». Міністэрства культуры спекулюе землямі ахоўных зон мемарыяла, то даючы дазвол на будаўніцтва розных забаўляльных і выставачных комплексаў, кшталту «Бульбаш–холу», то пачынае пераглядаць памеры ахоўных зон, змяншаючы іх. Каб не ўвага грамадства, то Лукашэнка даўно б знішчыў мемарыял і забудаваў бы гэтыя землі. У яго не баліць сэрца аб мільёнах закатаваных сталіністамі, ён не адчувае адказнасці перад імі, перад іх роднымі, і гэта, насамрэч, страшна. Гэта не здзіўляе, бо ў Лукашэнкi ўжо ёсць свае асабістыя Курапаты, я маю на ўвазе зніклых людзей, маю на ўвазе рэпрэсаваных палітыкаў, іх сем'і, грамадскіх актывістаў, сучасных палітвязняў... Не здзіўляе, паўтару, але ж, страшна. Страшна, што падобнае злачынства можа паўтарыцца ў любы момант, усё дзеля гэтага падрыхтавана і падзеі Плошчы 2010, і арышты, катаванні пасля яе яскрава сведчаць аб гэтым. Каб ушанаваць памяць закатаваных у Курапатах, трэба пакаяцца, прызнаць памылкі, але ж у гэтым выпадку Лукашэнка павінен быў бы сысці. Такога не будзе, а будзе новы наступ на Курапаты, будзе чарговы здзек з памяці закатаваных і вайна са сваім народам. Нам трэба быць гатовымі да гэтага.

  - Ці звязваеце Вы гэтую заяву з будучымі выбарамі, якія павінны адбыцца ў кастрычніку?

  - Усе гэтыя заявы Лукашэнка робіць у той час, калі Беларусь знаходзіцца ў вельмі складаным эканамічным стане, у час перадвыбарчай кампаніі. Ён робіць гэта мэтанакіравана, выкарыстоўваючы і Курапаты, як закладніка, як ужо прызвычаіўся выкарыстоўваць палітвязняў. Ён спекулюе Курапатамі, ведае балючую кропку палякаў, я маю на ўвазе пошукі беларускага катынскага спісу. Лукашэнку зараз вельмі патрэбна падтрымка Польшчы, патрэбна хоць такім чынам, паабяцаўшы правесці эксгумацыю, пошукі польскіх афіцэраў у Курапатах, заахвоціць польскі ўрад весці з ім дыялог. Дзеля гэтага, як мы бачым, прыкладаюцца ўсе намаганні. І нам вельмі хацелася б верыць, што палякі не стануць верыць абяцанкам дыктатара, што спыняць з ім перамовы аб эксгумацыі ў Курапатах.

  - Вы з’яўляецеся каардынатаркай ініцыятывы «За ўратаванне мемарыяла Курапаты», колькi ўжо існуе гэтая ініцыятыва? Ці шмат чаго зроблена?

  - Наша ініцыятыва «За ўратаванне мемарыяла Курапаты» трэці год запар, пачынаючы з 3-га чэрвеня і заканчваючы 29-га кастрычніка, праводзіць Талаку. У гэтым годзе два разы на тыдзень, па суботах з 11:00 да 15:00 і па аўторках з 17:00 да 20:00. За тры гады мы без усялякай дапамогі дзяржавы, сваімі рукамі расчысцілі ад смецця і кустоўя трэць мемарыяла. Не хапае людскіх рэсурсаў. Не ўсе ведаюць, не ўсе разумеюць, наколькі гэта важна. Нас, пастаянных валанцёраў, чалавек 20, а каб было чалавек 100, то даўно прывялі б помнік у парадак. Нам патрэбныя прылады, сякеры, рыдлёўкі, бензатрымеры і г.д. Таму заклікаем, асабліва хлапцоў, мужчын далучацца да талок, усёй грамадой прывесці Курапаты ў парадак і абараніць помнік ад чарговай пагрозы.

 

"Беларускі дакументацыйны цэнтр" 

 

Обратите внимание

Полезное видео

Публичный источник пополнения базы данных нарушения прав человека в Республике Беларусь
Заполните форму на нашем сайте. Пришлите ее нам. Собираем документы вместеПодробнее
15 лет и полное молчание

Наши партнеры