Ігар Мельнікаў: Людзі жадаюць ведаць праўду пра сваіх дзедаў і прадзедаў, пра якіх у часы СССР забылі

6 ліпеня ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі пачала працу выстава "Беларусы ў Войску Польскім 1939-1945 гг. з прыватнага архіва Ігара Мельнікава". На адкрыцці прысутнічала каля 100 чалавек, а адкрыў яе амбасадар Рэспубліцы Польшча ў Беларусі спадар Конрад Паўлік, які адзначыў: "Дадзеная выстава будзе спрыяць захаванню памяці пра беларускіх герояў Другой Сусветнай вайны, якія разам з палякамі аднымі з першых у Еўропе сказалі “Не” нацызму". Аўтар выставы — кандыдат гістарычных навук, магістр Варшаўскага ўніверсітэту, аўтар больш за 100 навуковых і публіцыстычных артыкулаў у айчынных і замежных выданнях — Ігар Мельнікаў адказаў на пытанні “Беларускага дакументацыйнага цэнтра”.

— Дазвольце спачатку павіншаваць з вельмі ўдалай выставай — такое рэдка бывае, што на адкрыцці ў зале не змяшчаюцца ўсе жадаючыя, і людзі стаяць і на лесвіцы... Ці чакалі Вы, што выстава выкліча такую цікавасць? Як нарадзілася ідэя правесці яе

Дзякуй вялікі за віншаванні. Так, сапраўды, на адкрыцці было вельмі шмат людзей, амаль пад 100 чалавек. Але, шчыра кажучы, я чакаў нешта такога, бо ведаю, што гэтая тэма сёння вельмі запатрабавана беларускім грамадствам. Людзі жадаюць ведаць праўду пра сваіх дзедаў і прадзедаў, пра якіх у часы СССР забылі. А яны былі сапраўднымі героямі. Беларускія жаўнеры польскага войска мужна змагаліся з нацыстамі з першага дня Другой Сусветнай вайны. Іх подзвігам варта ганарыцца, а ў Беларусі пра іх забыліся. Таму, я і імкнуся распавесці праўду пра беларускіх герояў верасня 1939 года, а таксама андэрсаўцаў, якія вызвалялі Еўропу ад нацызму. Ідэя зрабіць выставу жыла два гады з моманту закрыцця выставачнага праекту “Заходнебеларуская Атлантыда” у Заслаўі ў верасні 2014 года. Зараз вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы выставы “Беларусы ў Войску Польскім 1939–1945 гг.” аказала Амбасада Польшчы ў Беларусі. За гэта ёй вялікі дзякуй. 

— Выстава прайшла ў дзяржаўнай установе, і, у сувязі з гэтым, ці не было нейкіх умоў: вось пра гэта можна казаць, а вось гэтую тэму лепш не чапаць?

— Не было ніякіх умоў, і я шчыра дзякую адміністрацыю Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, які пагадзіўся прыняць нашу выставу. Насамрэч, нашая выстава павінна адкрывацца не ў нейкім заштатным музеі ці выставачнай залі, а ў галоўным музеі краіны, у сталіцы краіны. І вельмі файна, што ўдалося рэалізаваць гэты праект менавіта з Нацыянальным гістарычным музеем Беларусі.

— Цікава, як склаўся лёс беларусаў, якія ваявалі не ў савецкай арміі, а ў польскай, а потым жылі ў СССР — ці былі яны прызнаныя ветэранамі, ці насілі свае ордэны і медалі, ці карысталіся ўсімі льготамі нароўні з іншымі ветэранамі?

— Гэта вельмі вялікая тэма і напэўна не змесціцца ў рамках невялічкага інтэрв’ю. Скажу толькі, што лёс беларускіх жаўнераў Войска Польскага склаўся па рознаму, але гэтым людзям прыйшлося прайсці праз вельмі цяжкія выпрабаванні. Не дай Бог нашаму пакаленню прайсці праз тое, праз што ішлі беларусы ў верасні 1939 г. і пазней. Шмат нашых суайчыннікаў загінула падчас Вераснёўскай кампаніі, некаторыя трапілі ў нямецкі, ці савецкі палон. Частка беларусаў была дэпартавана савецкімі ўладамі ў 1940–1941 гг. і пасля нападу Германіі на СССР папоўніла шыхты Арміі Андэрса. Дарэчы, сам Уладзіслаў Андэрс вельмі высока ацэньваў баявую вартасць беларусаў. Шмат нашых суайчыннікаў удзельнічала ў вызваленні Італіі ад гітлераўцаў. Пасля вайны вялікая колькасць андэрсаўцаў вырашыла вярнуцца ў БССР, але Сталін не толькі не даў ім медалі “За перамогу над Германіяй”, але выслаў іх у Сібір увесну 1951 года. Вось такая была падзяка жаўнерам, якія мужна змагаліся супраць “карычневай чумы”. Пасля вяртання на Радзіму ў канцы 1950-х беларускія жаўнеры Арміі Андэрса не атрымалі статуса “удзельнік Вялікай Айчыннай вайны”. Большасць іх да канца жыцця не карысталіся льготамі, санаторным лячэннем, яны не атрымлівалі савецкія юбілейныя ўзнагароды. Пра іх памяталі ў Польшчы, а ў Беларусі забыліся. Пры чым не толькі дзяржава, але і грамадства…

— Ці не здаецца Вам, што тэма Заходняй Беларусі знаходзіцца ў ценю гісторыі БССР, і яе гісторыя не толькі вывучалася мала, але і цяпер яе вывучэннем займаюцца больш самі палякі, чым беларусы? Чым выкліканы такі «перакос»?

— Я не люблю рабіць такі жорсткі падзел паміж Захадам і Усходам. Беларусь — адзіная дзяржава. Але сапраўды ў нас не вельмі любяць афішыраваць “несавецкую” мінуўшчыну нашай краіны. І тычыцца гэта не толькі міжваеннай гісторыі Заходняй Беларусі, але і, напрыклад, гісторыі Вялікага княства літоўскага. Толькі апошнім часам да беларусаў прыйшло ўсведамленне, што Нясвіж, Радзівілы, Сапегі, Агінскія гэта наша, роднае, беларускае. Што ж тычыцца заходнебеларускай тэматыцы, то, сапраўды, яна стала асаблівай “Атлантыдай” для беларусаў. Яе вывучалі толькі праз дзейнасць КПЗБ, падзеі 17 верасня 1939 года, ды “панскі прыгнёт”. А там было шмат іншага, пачынаючы, ад прыгожай моды, еўрапейскіх брэндаў і заканчаваючы беларускім селянінам-гаспадаром, якога савецкія ўлады называлі “кулаком” і бязлітасна вынішчалі. Пра ўсё гэта я пішу ў сваіх кнігах “Заходнебеларуская Атлантыда 1921–1941 гг.” і “Мяжа ля Заслаўя 1921–1941 гг.”. А ўвосень 2016 года плануецца выданне чарговай кнігі “Заходнебеларуская Атлантыда 1921–1941 гг. Кніга другая. Паміж Варшавай і Масквой”.

— Прайшло ўжо больш за 70 гадоў пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, але абсалютна зразумела, што гэта занадта маленькі тэрмін, каб забыць гэтую вайну. З новай сілай ўспыхваюць старыя крыўды, і асабліва, калі гэта тычыцца міжнацыянальных адносін: украінцы і палякі (факт прызнання ў Польшчы Валынскай разні генацыдам), палякі і яўрэі, украінцы і яўрэі... Ці бачыце Вы нейкія шляхі вырашэння гэтай праблемы?

— Паглядзіце на нашую беларуска-польскую гісторыю. Другая Рэч Паспалітая не была маці для беларусаў. Наадварот, у Віленскім, Навагрудскім, Палескім ваяводствах праводзілася палітыка паланізацыі, зачыняліся беларускія школы. Але гэта не перашкодзіла 70 тысячам беларусаў у верасні 1939 года запісацца ў Войска Польскае і змагацца з нацысцкім агрэсарам. Дзеля таго, каб разбірацца ў гісторыі, яе трэба, для пачатку, ведаць. І ведаць не прапагандысцкія лозунгі, а увесь кантэкст. Звычайны чалавек павінен сабраць у сябе ў галаве увесь гэты гістарычны пазл. Толькі тады беларус пачне разумець, што без 17 верасня 1939 года не было б сучаснай Беларусі. Пры гэтым ён будзе разумець, які кошт заплаціла Беларусь за гэтае аб’яднанне. Колькі людзей рознай нацыянальнасці сталі ахвярамі сталінскай сістэмы, і які лёс чакаў шматлікія беларускія культурныя каштоўнасці. Усе сённяшнія праблемы толькі з-за таго, што да апошняга часу шмат аспектаў беларускай гісторыі замоўчвалася. Дзякуй Богу, зараз сітуацыя змяняецца ў лепшы бок.

— Тое, што ў гэтых канфліктах мала згадваюцца беларусы, і, падобна, што да іх ні ў каго няма вялікіх прэтэнзій, — гэта следства нейкай асаблівай беларускай нацыянальнай талерантнасці?

— Не зусім. У верасні 1939 года былога прэм’ера БНР Рамана Скірмунта расстралялі… беларусы. Бо той быў “панам”. І такіх злачынстваў было шмат. Але быў і Лерыполь, дзе беларусы ратавалі польскіх асаднікаў. Ёсць Армія Краёва, якая ўдзельнічала ў крывавых акцыях супраць беларускіх вёсак на Падляшшы, але гэта не выключае, што ў шыхтах гэтага партызанскага фарміравання змагалася шмат этнічных беларусаў. Проста не трэба дзяліць гісторыю на “белую” і “чорную”. Не трэба выхопліваць факты з кантэксту, а трэба даваць усе факты. Тады звычайны беларус, паляк, украінец, расіянін зможа зразумець падзеі Другой Сусветнай.

— У нашай краіне вельмі мала цяпер кажуць пра сталінскія рэпрэсіі, гэтая тэма стаіць у цені, але пра яе хоць часам кажуць, даследуюць, ведаюць... Польскую дзяржаву 1920-1930, наўрад ці, можна назваць ідэальнай ў плане вырашэння нацыянальнага пытання, там ішлі вельмі складаныя працэсы, якія можна назваць і паланізацыяй, і дыскрымінацыяй... Чаму пра гэта ўвогуле не размаўляюць?

— У Польшчы вельмі шмат даследаванняў наконт гісторыі даваенных “крэсаў”. У тым ліку, шматлікія польскія даследчыкі спрабуюць разабрацца, чаму ж у польскіх улад не атрымалася ператварыць “Польшчу Б”, якой яны неафіцыйна называлі усходнія ваяводствы, у “Польшчу А” — развіты ў эканамічным і сацыяльным плане рэгіён. Насамрэч, аб’ектыўных даследаванняў вельмі шмат. Можна ўзгадаць працы таго ж прафесара Пятра Ціхарацкага з Уроцлава. Проста, моўны бар’ер абмяжоўвае шматлікім беларусам магчымасць пазнаёміцца з даследаваннямі гэтай праблематыцы, якія праводзяцца за Бугам. 

— Частка беларускага грамадства вельмі хваравіта ставіцца да цікавасці палякаў да Курапатаў, з другога боку з'яўляюцца меркаванні гісторыкаў, што там нароўні з Катынню расстрэльвалі польскіх ваеннапалонных. Але ж Курапаты сталі сапраўдным сімвалам беларускага адраджэння... Якога пункту гледжання Вы прытрымліваецеся ў гэтым пытанні?

Курапаты — агульная трагедыя не толькі для беларусаў і палякаў, але і прадстаўнікоў іншых народаў. Артэфакты, якія былі знойдзены ў Курапатах у 1990—я гады, сведчаць, што там былі расстраляны жыхары Заходняй Беларусі, арыштаваныя пасля далучэння гэтага рэгіёну да СССР. Гэтыя людзі былі забітыя ўвесну 1940-га. Але мала, хто звяртае ўвагу на тое, што там пахаваныя і шматлікія члены КПЗБ, камуністы, якія беглі ад рэпрэсій польскіх улад і былі знішчаны сталінскім НКУС. Гэтых людзей у БССР абвінавачвалі ў супрацы з польскай выведкай. Атрымліваецца, што тыя, хто сядзеў у польскіх турмах, мелі лепшыя ўмовы ў параўнанні з тымі, хто “уратаваўся”, збегчы ў Мінск. Вось яшчэ адзін парадокс беларускай гісторыі. Нарэшце, лічу, што калі ў Курапатах быў расстраляны паляк, грамадзянін Другой Рэчы Паспалітай, які ўсё жыццё правёў у Заходняй Беларусі — то гэта не чужы для нас чалавек. І не важна якой ён нацыянальнасці. Ён — частка беларускай гісторыі. 

— Мы ўсе бачым, якога ўзроўню дасягнула ў адной нашай суседцы — Расіі — жаданне «вяртаньня страчаных тэрыторый», і да чаго гэта прывяло. Як Вы ацэньваеце падобныя памкненні па вяртанні "усходніх тэрыторый» у нашай заходняй суседцы — Польшчы? Ці існуе нешта падобнае, і ці трэба беларусам чагосьці баяцца і з гэтага боку?

— Няма гэтых імкненняў у Польшчы. Ёсць невялічкая “маргінальная” група, якая ўзгадвае “крэсы”, але гэта не сур’ёзна. У сённяшняга польскага грамадства ёсць жаданне захаваць нашую агульную гістарычную спадчыну, тое, што беларусаў і палякаў аб’ядноўвала стагоддзямі, і вось гэта трэба шанаваць і падтрымліваць.

— І апошняе пытанне. Вы з'яўляецеся рэдактарам вельмі папулярнага сайта "Гістарычная праўда", якімі Вы бачыце свае галоўныя задачы?

“Гістарычная праўда” — гэта праект, якому ўжо 4 гады. Я з’яўляюся яго рэдактарам. І, шчыра кажучы, ганаруся гэтым. Галоўная задача нашага выдання, даць чытачу факты па гісторыі Беларусі і свету, і няхай ён сам робіць высновы пра тыя, ці іншыя падзеі. З большага гэта ўдаецца зрабіць. Па сутнасці, гэта адзіны беларускі гістарычны партал, які ў даступнай форме раскрывае шматлікія таямніцы мінуўшчыны Беларусі. Цікавасць да “Гістарычнай праўды” штогод узрастае, і гэта не можа не радаваць.

 

Беларускі дакументацыйны цэнтр

 

p class=

Обратите внимание

Полезное видео

Публичный источник пополнения базы данных нарушения прав человека в Республике Беларусь
Заполните форму на нашем сайте. Пришлите ее нам. Собираем документы вместеПодробнее
15 лет и полное молчание

Наши партнеры