Беларусы пачынаюць больш актыўна адстойваць сваё канстытуцыйнае права на беларускую мову

У апошні час вялікі грамадскі рэзананс атрымалі выпадкі, калі беларусы адстойваюць у судах сваё канстытуцыйнае права на атрыманне адказаў ад афіцыйных асоб ці абслугоўванне на дзяржаўнай беларускай мове. “Беларускі дакументацыйны цэнтр” задаў некалькі пытанняў герою апошняй такой гісторыі, якая адбылася ў рэстаране хуткага харчавання “Burger King”, калі ні касірка, ні адміністратар не змаглі зразумець пакупніка, які звярнуўся да іх на беларускай мове, — Анатолю Новікаву.  

— Анатоль, няўжо ні менеджэр, ні адміністратар зусім не зразумелі беларускай мовы? Бо гэта простыя, вядомыя кожнаму словы "гарбата" і "цукар". Ці проста такім чынам яны прадэманстравалі сваё стаўленне да нашай мовы?

— Я бы сказаў, што яны зусім не рэагавалі на тое, што я казаў. Сказала, што не разумее, і стаіць нічога не робіць. Такога кшталту бяздзейнасць абурае, але, каб не абурацца на персанал, сублімую, як магу. Дырэктарка аднаго з “Макдональдсаў” падказала, што лепш  у падобных выпадках падказаць касіру, каб яна звярнулася да свайго мэнэджэра і ўдакладніла пераклад. У “Макдональдсу” гэта працуе, а ў “Бургер Кінгу” не спрацавала. На конт дэманстрацыі. У мяне толькі здагадка, але думаю што касірша была з Расеі і не валодала мовай, мэнэджэрка, якая сказала, што мы не павінны ведаць беларускую мову, думаю, спрабавала сказаць, што, калі супрацоўнік з іншай краіны, ён можа не валодаць беларускай мовай. Але яго ўзялі на працу ў межах заканадаўства Беларусі, якое гэта, відаць, дазваляе. Але гэта толькі мая здагадка. З мэнэджэркай не спрабаваў высветліць пытанне, папрасіў кнігу скаргаў і прапаноў.

— Чаму ты вырашыў адрэагаваць такім чынам на ўчынак мэнэджара — мог жа проста прамаўчаць і перайсці на рускую мову?

— У мяне ёсць розныя варыянты рэакцыі на розных прадаўцоў/прадавачак. Калі нешта зусім дрэннае адбываецца, то пішу скаргу ў кнізе. Напрыклад, бывае наліваюць каву замест гарбаты — гэта прыклад прамой страты ад не валодання беларускай мовай, тут не трэба пісаць скаргі, сама касірка нясе страты. Часцей за ўсё, прадавачкі не ведаюць,  што я хачу, але вырашаюць пытанне самастойна (пытаюць у супрацоўніцы побач, пытаюць у мэнэджэра), ці пытаюць у мяне з улыбкай. Яшчэ часта людзі разумеюць, але размовы вядуць на расейскай мове ўсё роўна, ім так прасцей хутка абслугоўваць, відаць. У такіх выпадках скаргі не пішу.

— Сутыкнуўся ці ты пасля таго, як інфармацыя аб гэтым выпадку стала вядомай, з нейкай агрэсіяй, пагрозамі ці асуджэннем твайго ўчынку?

— Нешта ў каментах бачыў, людзі розныя, па рознаму праяўляюць свае эмоцыі.

 — Раскажы крыху пра сябе. Як ты прыйшоў да беларускай мовы, чаму для цябе гэта так важна?

— Я працую грузчыкам на “Беларусьфільме”, частку вольнага часу валанцёру. Аднойчы, дапамагаючы Арт-суполцы імя Тадэвуша Рэйтана, хадзіў па вёсках, запрашаў на штогадовы фестываль “ДАХ” і сутыкнуўся з тым, што большая частка вясковага насельніцтва не размаўляе на мове. Тады асэнсаваў, што моўнае пытанне (як ўжываецца беларуская мова ў нашай краіне) мяне раней ніколі не турбавала. Было ўяўленне, што ў нейкіх умоўных вёсках Беларусі жывуць умоўныя бабулі і дзядулі, якія адукуюць умоўных унукаў, і таму беларуская мова ніколі не знікне. А тут сутыкаюся з тым, што тыя самыя бабулькі і дзядулькі самі не валодаюць мовай (а гэта была Берасцейская вобласць). З таго часу вырашыў, што для сябе, калі буду размаўляць сам на мове — мова будзе жыць, калі не буду — будзе гінуць. Таму намагаюся размаўляць на ёй, як мага больш часу. Канешне, паралельна яшчэ пачаў даведвацца пра гісторыю нашай краіны, з'явілася шмат знаёмых і сяброў якія размаўляюць на беларускай мове, і гэта значна палягчае пераход.

— З якімі асноўнымі праблемамі ты сутыкнуўся пры пераходзе на родную мову ў рускамоўным асяроддзі?

— Мне 32 гады, а размаўляю на мове толькі 1 год. Ёсць жаданне напісаць пра тое, як пераходзіць на родную мову для тых, хто яшчэ шукае “адмазкі”. Для мяне вельмі важна сяброўства са Змітром Юркевічам, ён не толькі добра валодае нашай мовай, займаецца добрымі справамі і распавядае пра гісторыю нашай краіны, але і вельмі лёгкі суразмоўца ў перыяд пераходу на мову. Растлумачу. У перыяд пераходу вельмі важна падтрымка. У гэты час людзі для мяне дзеляцца на дзве катэгорыі. Тыя, хто тыкае на памылкі кожны раз (быццам ведае мову лепш, а сам не размаўляе на мове са мною). А іншыя не звяртаюць увагі на памылкі і ў размове, кажучы правільныя словы, даюць мне шанец самому выправіцца, запомніць самому праз паўтарэнні. Зраблю вынік таго што напісаў: шукайце людзей, якія выкарыстоўваюць мову кожны дзень, шукайце людзей, якія ведаюць гісторыю нашай краіны, шукайце людзей, якія не будуць вас асуджаць за памылкі — чым больш такіх вакол, тым прасцей пераход на родную мову.

Першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёна А. Краеўскі паведаміў, што ў дачыненні да кіраўніка рэстаранам складзены пратакол аб адміністрацыйным парушэнні за стварэнне перашкод і абмежаванняў у карыстанні дзяржаўнай мовай (арт. 9.22 КаАП). Справа перададзена ў суд.

 

Беларускі дакументацыйны цэнтр

Обратите внимание

Полезное видео

Публичный источник пополнения базы данных нарушения прав человека в Республике Беларусь
Заполните форму на нашем сайте. Пришлите ее нам. Собираем документы вместеПодробнее
15 лет и полное молчание

Наши партнеры