« — Каго любiш? — Люблю Беларусь. — То ўзаемна! »

Новости

Мой новы пошук інфармацыі аб рэпрэсаваным

Алёна Дробыш 16.04.2021

Мой пошук інфармацыі аб рэпрэсаваным Дробышу Антоне Андрэевічу пачаўся з дакумента, што атрымаў яго сын у 1990-м годзе. У Даведцы Вярхоўнага суда БССР ад 14.02.1990 па справе па абвінавачванні Дробыша Антона Андрэевіча, 1895 г.н., народжаннага ў в. Вінісціл (гэтак у даведцы), Грэскага р-на, паведамляецца аб пераглядзе яго справы Вярхоўным судом. Згодна даведцы 5.06.1962 пастанаўленне Асобай тройкі, вынесенае 15.09.1937, адменена, Дробыш А.А. рэабілітаваны.

Акрамя гэтага мне было вядома, што пражываў Антон Андрэевіч з сям'ёй на х. Плюшнік (перапіс гаспадарак 1925, 1926 гг), дзе і нарадзіўся іх сын Міхаіл (пасведчанне аб нараджэнні). Таксама ў сямейным архіве было дзве даведкі аб месцы працы Дробыша А.А.: даведка Асіповіцкага райкамбіната ад 14.06.1937 і даведка, што выдаў «ТРЭСТ «Белхімлес».

Я напісала ў КДБ і МУС Рэспублікі Беларусь і атрымала даведкі і копіі дакумантаў са справы Дробыша А.А., з якімі мне можна знаёміцца. Дарэчы справа захоўвалася не ў Мінскім КДБ, дзе, як я думала, ён жыў да арышту, а з КДБ Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці.

Згодна гэтым даведкам, лістам і дакументам са справы рэпрэсаванага Дробыша Антона Андрэевіча вынікае наступнае:

Дробыш Антон Андрэевіч, 1895 г.н., нарадзіўся ў в. Вынісцы (рус. варыянты напісання «Вынисци», «Винисти») Грэскага р-на (на сёння Слуцкі р-н) Мінскай вобласці.

06 жніўня 1937 г. ён быў арыштаваны Асіповіцкім РО НКУС па неабгрунтаваным абвінавачванні ў контррэвалюцыйнай агітацыі (арт. 72 КК БССР).

Згодна дадзеным з пратакола арыштаванага ад 6 жніўня 1937 г. Дробыш Антон Андрэевіч быў беларусам, малапісьменным, беспартыйным, паходзіў з сялян, да рэвалюцыі і пасля быў селянінам, меў ва ўласнасці 11 дзесяцін зямлі (5+6), 2 кані, 3 каровы, 4 авечкі і 3 свінні. Летам быў зняты з воінскага ўліку. У белых і іншых к-р (контррэвалюцыйных) арміях не служыў, у бандах і паўстаннях супраць Савецкай улады не ўдзельнічаў. Пад арышты не трапляў.

У 1931 г. яго гаспадарка была раскулачана і перададзена ў мясцовы саўгас. Сам Антон Андрэевіч быў высланы з сям'ёй у г. Асіповічы.

Склад сям'і на той момант: жонка Анна Аляксееўна, 1904 г.н. (так у дакументах, насамрэч Анна Аляксандраўна) − дамашняя гаспадыня, займалася сельскай гаспадаркай, сын Міхаіл − 10 год, дочкі: Валянціна − 7 год і Лёдзя − 1 год.

Адпаведна, перад арыштам Антон Андрэевіч усё ж жыў з сям'ёй у г. Асіповічы і працаваў на Асіповіцкім лесазаводзе чорнарабочым.

Пратакол допыта абвінавачанага ад 12.09.1937, г. Бабруйск складаецца толькі з аднаго пытання і аднаго адказа: «Ці прызнаяце Вы сябе вінаватым у прад'яўленным Вам абвінавачванні − антысавецкай агітацыі?» − «Не, не прызнаю, т.я. антысавецкай агітацыі не праводзіў».

З выпіскі з пратакола № 23 засядання тройкі НКУС БССР ад 16.09.1937 вынікае, што па гэтай жа справе (№ 17822-Асіповіцкага РО НКУС БССР) з Дробышам А.А. праходзіў яшчэ Дарожка («Дорожко»), верагодна таксама супрацоўнік лесазавода. Яны быццам распаўсюджвалі чуткі, што хутка будзе вайна, і СССР непазбежна пацерпіць паразу ў гэтай вайне.

У гэтай выпісцы, дарэчы, Антон Андрэевіч запісаны ўжо палякам, відаць, каб дадаць да абвінавачвання яшчэ і «польскага шпіёна» (шырокая практыка следчых таго часу ў адносінах да каталікоў). Таксама тут пазначаецца, што ён кулак, раскулачаны, збеглы з высылкі і працуе на лесазаводзе. Але больш падрабязнай інфармацыі па раскулачванні і пабегу, згодна адказу КДБ, у справе няма.

Затое ў сямейным архіве захаваліся Ваенны білет, выдадзены Слуцкім райваенкаматам у лютым 1932 г. Дробышу Антону Андрэевічу, і даведка, што выдаў «ТРЭСТ «Белхімлес» Слуцкі Тэхнічны ўчастак, 26.01.1935, аб тым, што Дробыш Антон працаваў на падсобным промысле з 1933 па 1935 гг., і быў звольнены з-за змены працы. Гэта пацвярджае, што Антон Андрэевіч не знаходзіўся ўвесь час высылкі (з 1931 г.) у Асіповічах, а вяртаўся на радзіму на Случчыну.

Згодна даведцы Асіповіцкага райкамбіната ад 14.06.1937 Дробыш Антон Андрэевіч ужо працуе на Асіповіцкім райпрамкамбінаце ў якасці чорнарабочага. Гэтую даведку ён браў для абмена пашпарта, верагодна, маючы пэўныя планы на будучыню…

Але гэтыя планы перарваў арышт 6 жніўня 1937 г.

16 верасня 1937 г. пастановай асобай «тройкі» НКУС БССР Антон Андрэевіч быў прысуджаны да 10 год пазбаўлення волі. Наказанне адбываў у папраўча-працоўным лагеры ў Архангельскай вобласці. Там і памёр 21 сакавіка 1938 г. На жаль, яго справы ў архівах Архангельскіх ФСБ і МУС няма.

Цікава, што ў атрыманых мной дакументах прозвішча Антона Андрэевіча запісана «Дробуш», хаця сам ён пратакол падпісаў «Дробыш».

Рэабілітаваны Дробыш А.А. 05.06.1962 г. Вярхоўным судом БССР. У выніку перагляду справа ў адносінах да яго спынена з-за адсутнасцю доказаў абвінавачвання.

Але жонка Антона Анна Аляксандраўна так і не даведалася, што яе муж памёр ужо праз год пасля арышту і цераз столькі год усё ж быў рэабілітаваны, бо памерла ў 1963 г. да атрымання даведкі сынам.

Яшчэ ў справе ўзгадваецца, што бацькі Дробыша Антона памерлі ў 1935 г., іх імёны ў матэрыялах справы не пазначаны, і невядома, ці былі яны раскулачаны і сасланы ў Асіповічы. Але імя бацькі можна вызначыць па дадзеных перапісаў гаспадарак 1925 і 1926 гг. Згодна якім на х. Плюшнік па суседству мелі гаспадаркі Дробыш Антон Андрэевіч і Дробыш Андрэй Іванавіч. Такія супадзенні малаверагодны, таму прымаем, што гэта сын і бацька.

Прозвішча Дробыш, дарэчы, вельмі распаўсюджана ў вёсках былога Грэскага раёна, шмат людзей з гэтым прозвішчам ёсць і ў адкрытых спісах рэпрэсаваных (Антона Андрэевіча ў іх не было), але даследаваць іх лёс пакуль могуць толькі сваякі, што здолеюць падцвердзіць сваяцтва. Таму шматлікія Дробышы і іншыя бязвінна асуджаныя пакуль толькі чакаюць, калі стануць продкамі – людзьмі, што калісьці жылі – а не забытымі статыстычнымі дадзенымі і радкамі ў спісе.

Іншыя артыкулы Алёны Дробыш:

Алёна Дробыш: як я шукала Суворава ў архівах КГБ-ФСБ

Знойдзен: Шаўковы Раман -- начальнік броневых цягнікоў атамана Сямёнава, падпалкоўнік

Як увогуле можна застацца "нармальнай", патрапіўшы цяжарнай пад арышт АДПУ?

Беларускі дакументацыйны цэнтр