« — Каго любiш? — Люблю Беларусь. — То ўзаемна! »

Новости

Заява праваабарончых арганізацый аб нападзе на грамадзянскую супольнасць Беларусі і аб прызнанні затрыманых палітвязнямі

15.07.2021

14 ліпеня 2021 года адбылася чарговая атака на грамадзянскую супольнасць: па ўсёй Беларусі прайшлі ператрусы, допыты і затрыманні праваабаронцаў, журналістаў, грамадскіх актывістаў, сябраў некамерцыйных арганізацый.

Ператрусы прайшлі ў офісах Праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускай асацыяцыі журналістаў, грамадскай арганізацыі «Імёны», Цэнтра прававой трансфармацыі «Lawtrend», «Руха «За свабоду!», Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», Цэнтра эканамічных даследванняў BEROC, арганізацыі «Гендэрныя ініцыятывы», праваабарончай арганізацыі «Беларускі Хельсінкскі камітэт», Беларускага ПЭН-Цэнтру,  грамадскай арганізацыі “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, БНФ, АГП, на пляцоўцы «Тэрыторыя правоў».

Пасля ператрусаў па ўсёй Беларусі былі затрыманыя праваабаронцы і актывісты: 

1.       Уладзімір Лабковіч, юрыст «Вясны»

2.       Ніна Лабковіч, дырэктарка аб'яднання інвестараў Angels Band

3.       Валянцін Стэфановіч, сябра Рады «Вясны»

4.       Алесь Бяляцкі, кіраўнік «Вясны»

5.       Сяргей Сыс, журналіст і праваабаронца

6.       Алена Лапцёнак, праваабаронца «Вясны»

7.       Андрэй Палуда, праваабаронца «Вясны»

8.       Яўгенія Бабаева, праваабаронца

9.       Віктар Сазонаў, праваабаронца «Вясны»

10.   Марына Статкевіч, былая сябра «Вясны»

11.   Аляксандр Харытон

12.   Мікола Шарах, кіраўнік ячэйкі свабоднага прафсаюза з Полацка

13.   Сяргей Мацкевіч, Цэнтр Супольнасць

Відавочна, што матывам іх пераследу ёсць праваабарончая і грамадская дзейнасць: прасоўванне міжнародных стандартаў правоў чалавека і дэмакратычных каштоўнасцяў, дзеянні ў абарону права на жыццё, свабоду слова, мірных сходаў і асацыяцыі, права на справядлівы суд і свабоду ад катаванняў.

На падставе гэтага мы лічым іх пераслед і пазбаўленне волі палітычна матываваным, звязаным з іх негвалтоўнай дзейнасцю, накіраванай на абарону правоў чалавека і асноўных свабод, а іх саміх - палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(b) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”,

Пераслед грамадзянскай супольнасці Беларусі, ад жніўня 2020 года і да сёння, набыў беспрэцэдэнтны маштаб. Такіх масавых рэпрэсій Беларусь не бачыла ад моманту набыцця незалежнасці. На дзень падпісання заявы ў Беларусі прызнаныя палітвязнямі больш за 500 чалавек, прынамсі 1500 знаходзяцца ў турмах і тысячы людзей – пад следствам па палітычна матываваных абвінавачваннях. Цягам году, ад жніўся 2020, амаль 40 000 чалавек былі незаконна затрыманыя і пацярпелі ад катаванняў. Галоўныя незалежныя СМІ заблакаваныя.

Рэпрэсіі такога маштабу скіраваныя на знішчэнне не толькі праваабарончых і некамерцыйных арганізацый, але і любых праяваў грамадскай актыўнасці ў Беларусі.

Рэальнасць гэтай пагрозы пацвярджаюць словы міністра замежных справаў Беларусі Уладзіміра Макея, які абвясціў перспектыву знішчэння грамадзянскай супольнасці у выпадку ўзмацнення санкцый, заява намесніка начальніка следчага ўпраўлення КДБ аб тым, што «ў Беларусі ідзе аперацыя зачысткі ад радыкальна настроеных асобаў», і ўрэшце заява Аляксандра Лукашэнкі аб правядзенні «маштабнай антытэрарыстычнай аперацыі».

Беларуская праваабарончая супольнасць рашуча выступае супраць чарговай хвалі бесперарыўных рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі. Нягледзячы на нечуваны ціск, нашы арганізацыі працягнуць прасоўванне правоў чалавека ў Беларусі. 

Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць вышэйзгаданых палітвязняў   і спыніць іх крымінальны пераслед, спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх палітычных вязняў.

Мы заклікаем міжнародныя арганізацыі і праваабаронцаў усіх краін выказаць рашучы пратэст супраць грубых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі і патрабаваць ад уладаў сваіх краін настойваць на неадкладным вызваленні ўсіх беларускіх палітвязняў.


Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

ГА “Беларуская ассацыяцыя журналістаў”;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

РГА "Прававая ініцыятыва”;

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Human Constanta.