Ларыса Геніюш - жыццё для Беларусі (частка 1)

«Беларускі дакументацыйны цэнтр» пачынае цыкл артыкулаў, прысвечаных адной з найлепшых беларускіх паэтак, чалавеку бясконца адданаму Беларусі, які прайшоў сталінскія лагеры ... – Ларысе Геніюш.

Ларыса Антонаўна Геніюш нарадзілася 9 жніўня 1910 ў фальварку Жлобаўцы Гродзенскага павета (цяпер Ваўкавыскі раён Гродзенскай вобласці) у сям'і заможнага селяніна-землеўласніка, у якога было 7 дзяцей. Бацька – Антон Паўлавіч Міклашэвіч нарадзіўся ў 1882 годзе ў мястэчку Крынкі на Беласточчыне, удзельнік руска-японскай і першай сусветнай войнаў. Маці – Аляксандра Васільеўна ў дзявоцтве Манюта, нарадзілася ў вёсцы Завадзічы (цяпер Гродзенскі раён, Гродзенская вобласць) у вялікай сям'і. Як успамінае Ларыса, у сям'і ўсе размаўлялі на беларускай мове.

«Благаславенны родны дом, гдзе бацькі і ўся дарагая сям'я. Благаславенны маленькі кусочак роднай, бацькавай зямлі на вялізнай планеце, які называўся Жлобаўцы. Называўся, бо сяння яго няма, таго нашага фальварачка, і нават яго назовы. Там калгас з нейкай ультрасавецкай назовай, дом перавезены ў Ваўкавыск, разам з гумном, а там, гдзе была наша сяліба, стаіць толькі даўгі мураваны хлеў і некалькі дрэў, якіх яшчэ не пасьпелі выкарчаваць на апал сяляне» – распавядала Ларыса Антонаўна пра лёс роднай хаты ў «Споведзі».

Неўзабаве пасля нараджэння Ларысы сям'і прыйшлося пакінуць родны дом – пакуль толькі часова. Падчас нямецкай акупацыі ў гады першай сусветнай вайны, калі бацька сышоў на фронт, маці з дзецьмі, як і сотні тысяч беларусаў, сталі бежанцамі. Часовы прытулак яны знайшлі дзесьці ва Украіне, дзе яны і даведаліся аб рэвалюцыі і канцы вайны. На шчасце, бацька вярнуўся з фронту. На радзіму ў Жлобаўцы сям'і ўдалося вярнуцца толькі ў 1919 годзе. Пасля савецка-польскай вайны, якая скончылася ў 1921 годзе Рыжскім мірным дагаворам, падзяліўшым Беларусь на дзве паловы, – тады ўся Заходняя Беларусь трапіла ў склад Польшчы.

Ларыса вучылася ў польскай школе ў Гудзевічах, а ў 1928 годзе скончыла ваўкавыскую польскую гімназію – бо беларускіх не было. Хоць яе сям'я была даволі заможная, і да яе асабіста ўсюды ставіліся як да паненкі, але Ларыса цяжка перажывала сацыяльнае, нацыянальнае і рэлігійнае ўшчамленне беларусаў палякамі. У гэты ж час яна знаёміцца з сусветнай літаратурай: польскай, скандынаўскай, ангельскай класікай. Яна пачынае пісаць вершы. Нягледзячы на адносную забяспечанасць сям'і, далей вучыцца ў яе не было магчымасці – Ларыса была старэйшым дзіцём, і бацька часта ўскладаў на яе адказныя абавязкі гаспадара дома. Яна вазіла прадаваць бульбу і збожжа, самастойна дамаглася адтэрміноўкі распродажы іх маёмасці з публічных таргоў за нядоімкі, дамагалася магчымасці разбіць на часткі выплату вялікага банкаўскага доўгу.

У гэтыя часы сітуацыя ў Польшчы была напружаная (аднойчы ў час масавых арыштаў паліцыя нават затрымала дзядзьку Ларысы, у якога яна жыла) – нарастала міжнацыянальная і міжканфесійная варожасць, што часта пераходзіла ва ўзброенае супрацьстаянне. Палітычная апазіцыя пераследвалася, у адносінах да нацыянальных меншасцяў праводзілася палітыка «культурнага падаўлення». У сваю чаргу беларусы і ўкраінцы адказвалі партызанскім рухам (актыўна падтрыманым СССР), актамі тэрору, падпаламі, забойствамі польскіх ураднікаў. Актам помсты за «Пацыфікацыю» стала забойства 15 чэрвеня 1934 ў цэнтры Варшавы сябрам АУН Рыгорам Мацейкам міністра ўнутраных спраў Рэчы Паспалітай Браніслава Перацкага. Праз два дні, 17 чэрвеня, прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масціцкі выдаў распараджэнне аб стварэнні на тэрыторыі Заходняй Беларусі канцэнтрацыйнага лагера ў Бярозе-Картузскай.

Аднак і сярод усяго гэтага супрацьстаяння, гвалту і несправядлівасці стала магчымым хай кароткае і хісткае, але, усё ж такі, шчасце. Менавіта тады Ларыса пазнаёмілася са сваім будучым мужам, як яна сама адзначала, «як і хацела – беларусам». «Жыў і вучыўся недзе ў Чэхаславаччыне малады беларус... якога не зусім сьляпы лёс прызначыў мне другам і мужам. Я яго ведала. Я ведала і ягоную хату, і ўсе іх будынкі, са сну, безумоўна. Ведала нават, як выглядае Прага… Ягоны бацька, убачыўшы мяне ў нашых сваякоў, так захапіўся тоненькай і паважнай дзяўчынай, што не забыўся аб гэтым расказаць сваяму сыну: «Вось я, сын, на тваём месцы толькі яе ўзяў бы…». 3 лютага 1935 года яна абвянчалася ў Воўпенскай царкве са сваім земляком Янам Геніюшам (нарадзіўся ў 1902 годзе), які ў гэты момант быў студэнтам медычнага факультэта ў Карлавым універсітэце ў Празе. Каб плаціць за вучобу, яму прыходзілася шмат працаваць, у тым ліку і фізічна.

Пасля вяселля Ларыса Геніюш пераехала ў Зэльву да сваякоў мужа, які вярнуўся на вучобу ў Чэхаславакію. У сваіх успамінах Ларыса, зазначала, што менавіта яе муж стараўся пазнаёміць яе з беларускай літаратурай: «Утульная хата, маленькі кусочак зямлі, дваіх бацькоў і мы з мужам пакуль што, — але хутка ж яму трэба ехаць, канчаць мэдыцыну, — так, вось у Зэльве. Муж вельмі ласкавы, стараецца мяне пазнаёміць з беларускай літаратурай, якой амаль ня знаю. Ведаю М.Танка й вельмі захапляюся яго творчасьцю, гэта на ўзроўні, гэта тое, што трэба. Муж мне чытае Купалу». З'яжджаючы ва ўніверсітэт, Ян Геніюш пакінуў маладой жонцы дзясятак кніг на беларускай мове: Купалу, Коласа, Багдановіча, Максіма Танка, творы якога яна палюбіла больш за ўсё. Яшчэ перад вяселлем Ларыса папярэдзіла свайго Яна, што будзе жыць толькі для Беларусі.

Напружанасць паміж палякамі і беларусамі нарастала. У 1935 годзе ў Зэльве зноў пачаліся арышты. Ларыса ўспамінала, што аднойчы ў зэльвенскай турме, не вытрымаўшы катаванняў, скончыў жыццё самагубствам малады беларус. Тады, прыйшоўшы на яго пахаванне, ужо будучы цяжарнай Геніюш ўслых паклялася, што і ўсю сябе і, калі ў яе народзіцца сын, яна выхавае яго і аддасьць для барацьбы за свабоду беларусаў. «Вокал сядзелі жанчыны, зьбялелыя нейкія ад гора, сплаканыя. Хвіліна — і я на каленях, малюся, малюся горача як ніколі. Устаю й кажу: «У мяне будзе Сын, і я так Яго выхаваю, што Ён разам са мною будзе змагацца супраць акупантаў, каб нашыя людзі ня рэзалі сябе ад чужога зьдзеку!..»

У канцы 1935 г. ў сям'і Геніюш нарадзіўся сын Юры. «I так нам 21/X 1935 г. радзіўся сын. Здавалася, што ўсе тыя непаладкі з ад'ездам, усе гэта толькі патое, каб шчасьліва, пры мужу нарадзіўся сын. А можа, яно так і было? Радзіўся ўдома ў нас, і роды былі вельмі цяжкія… А дзіцятка крычала, прагна ссала малако, варушыла энергічна ручкамі й нагамі, рвалася да жыцьця. Радзілася дробненькім — 2 кг 800 г., але хораша прыбывала. Я зьмянілася, мацярынства пранікла да глыбіні душы. Даць жыцьцё чалавеку раўнамерна цуду, перад якім моўкнуць усе іншыя справы».

Муж настойваў, каб Ларыса з'ехала да яго ў Прагу, але на працягу двух гадоў ёй не дазвалялі гэтага зрабіць, і толькі ў 1937 г. Геніюш пераехала жыць у Чэхаславакію. «Я паехала разьвітацца з бацькамі. Усе былі радыя, што мы едзем, а я так плакала, так плакала, як ніколі. Мне так цяжка было іх усіх пакідаць. Гэта зноў я сваімі нэрвамі, сваім завостраным адчуваньнем прадбачыла ўсю трагэдыю, якая чакала маю сям'ю». У гэты час у Еўропе на гарызонце ўжо з усёй відавочнасцю ўставала новая вайна, адной з першых ахвяр якой стала менавіта Чэхаславакія, а потым і Польшча.

Працяг:  Ларыса Геніюш - жыццё для Беларусі (частка 2)

 Беларускі дакументацыйны цэнтр 

Статьи по теме

  • 10.05.2016

    Ларыса Геніюш - жыццё для Беларусі (частка 2)

    Ларыса Геніюш - жыццё для Беларусі (частка 1) Працяг У 1937 годзе пасля нараджэння сына Юрыя Ларыса Геніюш сабралася пераехаць да мужа ў Прагу.... Читать далее

Обратите внимание

Полезное видео

Публичный источник пополнения базы данных нарушения прав человека в Республике Беларусь
Заполните форму на нашем сайте. Пришлите ее нам. Собираем документы вместеПодробнее
15 лет и полное молчание

Наши партнеры