Ларыса Геніюш - жыццё для Беларусі (частка 2)

Ларыса Геніюш - жыццё для Беларусі (частка 1)

Працяг

У 1937 годзе пасля нараджэння сына Юрыя Ларыса Геніюш сабралася пераехаць да мужа ў Прагу. Спачатку яна з сынам трапіла ў Варшаву, дзе іх сустрэлі знаёмыя, якія перасадзілі на пражскі цягнік. Ларыса добра запомніла тую паездку: «Нямодна апранутая, худая й сумная, я трымала на каленях цікавага хлопчыка, тоўсьценькага й чырванатварага. Людзі частавалі хлопчыка ў купэ хто чым меў, а ён шчабятаў ім па-беларуску». 

Ян Геніюш сустрэў Ларысу з сынам і адвёз у Модржаны – прыгарад Прагі. Там у гэты час жыў Васіль Захарка, які ўжо даўно быў вымушаны збегчы ад бальшавікоў – так як быў адным з самых уплывовых дзеячаў Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). У 1925 годзе ён стаў намеснікам старшыні Рады БНР Пятра Крэчэўскага, а ў 1928 годзе, пасля яго смерці стаў на чале Рады. Пра яго Геніюш пісала ў сваіх успамінах: «Гэта быў вельмі паважны чалавек з думкамі толькі пра Беларусь. Ён вельмі цікавіўся ўсім, што рабілася на нашых землях. Ад мяне ён многа даведаўся… Галоўнай рысай характару дзядзькі Васіля была яго беззаганная чэснасць. Жыў ён вельмі скромна, ды я й не спаткала там багатых эмігрантаў». У адным з ім доме жыла і ўдава Крэчэўскага – Марыя. У яе быў адзін пакой, а ў Захаркі, у якога нядаўна памерла жонка, – два пакоі і кухня. Адзін ён і аддаў Ларысе. Так Геніюш трапіла ў самы цэнтр беларускага ўраду ў выгнанні, пазнаёмілася са многімі дзеячамі БНР, а паступова і сама стала адыгрываць важную ролю ў беларускім жыцці ў эміграцыі.

Ларыса заўважыла, што ў Чэхаславакіі тады была сапраўдная дэмакратыя і свабода: «Мне падабалася, што на вуліцах цудоўнай Прагі мы свабодна гутарылі на роднай мове й ніхто не паказваў на нас пальцамі, не высмейваў нас і не праследаваў, як гэта было ў Польшчы». Хоць у практычным плане эмігрантам было, вядома, нялёгка. Як адзначала Геніюш, чужынцаў, якіх у Чэхаславакіі таго часу было вельмі шмат, там не вельмі любілі. Былі нялёгкія часы, і сваіх беспрацоўных там хапала, таму з працаўладкаваннем для эмігрантаў было складана. Ян Геніюш пакінуў Ларысу з сынам у Модржанах і з'ехаў у Прагу, дзе ён сам жыў і працаваў нелегальна, замяняючы ўрача па скурна-венерычных захворваннях — атрымліваў нейкія грошы, што дазваляла ім выжываць.

Хутка, усё ж такі, сям'і ўдалося зняць жыллё ў самой Празе. Горад зрабіў на Ларысу незгладжальнае ўражанне: “Прагаю я захаплялася болей, як людзьмі ў ёй, якія, тады здавалася мне, былі куды ніжэй яе велічнасці. Некранутая войнамі Прага захапляла, прамаўляла гісторыяй старых будынкаў, вузенькіх вулачак сярэднявечча. Прагу я палюбіла, але кахала толькі маю Беларусь”. Туга па Беларусі часта абвастралася смуткам і перажываннямі за бацькоў. На чужыне Ларыса часта з болем ўспамінала пра іх: «Як жа часта шчаміла мне сэрца туга па сваіх. У вачох стаяла мама з сьлязамі пры прашчаньні – так я апошні раз яе бачыла й болей ужо не сустрэла ў жыцьці». Але, як гэта часта бывае ў жыцці, галоўныя выпрабаванні былі яшчэ наперадзе. Хутка многія чэхі самі сталі бежанцамі.

14 сакавіка 1939 года Гітлер выклікаў чэхаславацкага прэзідэнта Эміля Гаху ў Берлін і прапанаваў яму прыняць германскі пратэктарат. Гаха пагадзіўся на гэта, і германская армія ўвайшла ў краіну практычна без якога-небудзь супраціву. Пачаліся сур'ёзныя перамены. Габрэі былі выгнаныя з дзяржаўнай службы, палітычныя партыі былі забароненыя, многія лідэры камуністычнай партыі Чэхаславакіі перабраліся ў Савецкі Саюз. У эміграцыі ў Лондане з пачаткам 2-й сусветнай вайны Эдвард Бенеш, другі прэзідэнт Чэхаславакіі, стварыў ўрад Чэхаславакіі ў выгнанні, які карыстаўся падтрымкай антыгітлераўскай кааліцыі.

Муж Ларысы вырашыў аддзячыць чэхаў за гасціннасць і запісаўся ў добраахвотнікі, але ваяваць яму не прыйшлося. Ларыса запомніла дзень, калі немцы ўвайшлі ў Прагу: «Пасля 15 сакавіка 39-га года ў бурны, ветраны, заснежаны дзень увашлі ў Прагу немцы. У гэтыя дні я на вуліцу не выходзіла. Мала хто плакаў цяпер, людзі кінуліся ў крамы й пачалі купляць усе – ад мыла й сала пачынаючы». Пасля падзелу Чэхаславакіі палякі сталі патрабаваць, каб Ларысу і яе сям'ю вярнулі ў Польшчу. У адну хвіліну іх маглі выгнаць з краіны, і толькі асабістае умяшальніцтва аднаго з чэшскіх сенатараў выратавала іх ад дэпартацыі.

Неўзабаве Ларыса пераехала з сям'ёй у іншую кватэру, якую ім пакінулі жыўшыя там раней румынскія яўрэі, вымушаныя збегчы ад нацыстаў. Суседкай сям'і Геніюш стала Аляксандра Косач-Шыманоўская – сястра Лесі Украінкі, чыя творчасць аказала вялікі ўплыў на Ларысу. Хутка немцы, а за імі Чырвоная армія напалі на Польшчу, што абярнулася катастрофай для бацькоў Ларысы.

З падзеннем Польшчы Геніюшы страцілі сваё грамадзянства, і іх прававое становішча яшчэ больш пагоршылася. Але гэта была далёка не самая вялікая бяда. Сапраўдная трагедыя разгортвалася на “вызваленай” бальшавікамі Радзіме. Ларыса атрымала ліст, што яе “бацька памяняў кватэру на горшую ў Гародні”. Яна правільна зразумела гэтую фразу: Антон Міклашэвіч трапіў у гродзенскую турму. Маці Ларысы і дзве яе сястры былі сасланыя ў Казахстан, адкуль праз Польшчу ім атрымалася пераправіць ліст Ларысе – маці пісала, што яна зайздросціць тым сваякам, якіх бальшавікі забілі адразу. Толькі некалькім сваякам ўдалося збегчы праз мяжу з СССР – ад іх Ларыса даведалася пра зверскія катаванні, у якіх памерлі многія яе родныя, тыя, што засталіся ў БССР. Не вытрымаўшы падобных навін, Ларыса спрабавала скончыць жыццё самагубствам, адкрыўшы газ, але яе выратаваў своечасова зайшоўшы муж.

Геніюш працягвае жыць для Беларусі – яна пачынае актыўна друкавацца, становіцца сакратаром Васіля Захаркі, займаецца захаваннем і ўпарадкаваннем архіва БНР, апякае беларускіх эмігрантаў, палітычных уцекачоў і ваеннапалонных. У той час у Берліне пад рэдактарствам Фабіяна Акінчыца пачала выходзіць беларуская газета "Раніца", якая хутка трапіла і ў Прагу. На яе старонках 28 красавіка 1940 г. адбыўся дэбют Ларысы – яна напісала сваю маленькую фантазію на тэму вясны і Радзімы. Вершы Геніюш спрабавала пісаць яшчэ ў Беларусі, але толькі ў Празе адчула магутны творчы імпульс. Яе літаратурны талент рос імкліва – ад часу першай публікацыі на старонках «Раніцы» да выхаду першага зборніка прайшло ўсяго 2 гады – ў 1942 г. у Празе выйшла кніга «Ад родных ніў», у якую патрапіла далёка не ўсё ёю напісанае.

У гэты час Васіль Захарка быў у цяжкім стане – ён хварэў на сухоты і знаходзіўся ў санаторыі для цяжка хворых. Перад гэтым, як па сакрэце распавяла Ларысе Крэчэўская, нейкi падазроны кватарант пырнуў яго нажом. Захарка напісаў Ларысе паштоўку і прасіў, каб яна прыехала да яго, бо баяўся іншых людзей і нікога не хацеў бачыць. Геніюш так ўспамінала гэтую сустрэчу: «Ён сказаў мне, што прыходзіць канец яго жыцьця, што ён быў адным з тварцоў акту Дваццаць Пятага Сакавіка 1918 г., пасьля сьмерці Крэчэўскага зьяўляецца Старшынею БНР і, як выбраны народам сябра ўраду, адыходзячы, хоча перадаць свае паўнамоцтвы дастойнаму чалавеку. Што рабіць? Няма адпаведнага чалавека, ёсьць толькі такая жанчына, а жанчына ня можа быць прэзыдэнтам. Што ж, гэта быў 1943 год… Не, кажу, так рабіць нельга! Нельга браць у магілу ідэі незалежнасьці нашага народу! «Нікому ня веру, донечка. Ёсьць многа людзей, але ў кожнага на некага арыентацыя, а тут трэба быць верным толькі народу. На гэтае становішча я мог бы паставіць толькі цябе, каб ты не была жанчынай».

Ларыса прапанавала кандыдатуру Мікалая Абрамчыка. Яна доўга даказвала Захарке, чаму менавіта гэтага чалавека бачыць на пасадзе прэзідэнта: «ўсю паважнасьць, прадбачлівасьць і любоў да Беларусі гэтага чалавека. Я толькі не сказала, што Мікола крыху замяккі, крыху задобры, каб стаць на такое змаганьне. Мікола ведаў мовы, вельмі добра арыентаваўся ў палітыцы, ненавідзеў немцаў, умеў выкарыстаць любую нагоду, каб толькі нешта вартаснае зрабіць для Беларусі». Было складзена завяшчанне: Мікола Абрамчык быў прызначаны прэзідэнтам БНР, Ларыса Генюшы – генеральным сакратаром БНР. Ім перайшоў увесь архіў, які знаходзіўся ў кватэры дзядзькі Васіля. Архіў трэба было вывезці з Прагі – Ларыса разам з Міколай спакавалі пару чамаданаў, і ўсё гэта ён перавёз у Францыю. Васіль Захарка памёр 14 сакавіка 1943 г.

У Геніюшаў з’явілася магчымасць паехаць на Радзіму мужа – да ягоных бацькоў у Зэльву, дзе Ларыса змагла пагутарыць і са сваімі сваякамі. Ваенная Беларусь вельмі ўразіла яе: руіны, галеча, расстрэлы... А аднойчы Яну Геніюшу патэлефанавалі і сказалі прыйсці ў гестапа, дзе яму загадалі: «каб мы траіх – муж, я і Юра – ехалі адразу ў Менск на Кангрэс». Ларыса вырашыла ехаць адна, а мужа папрасіла ўзяць з месца працы даведку, што ён не можа пакінуць сваё працоўнае месца. Горад зрабіў на яе цяжкае ўражанне: «Менск ляжаў паранены, разьбіты, адны руіны й нішчата. Я пачала плакаць, нэрвы мае ня вытрымалі. Не магла глядзець на шэрых, убогіх маіх землякоў, на іх твары худыя й на кантраст – сытых немцаў…». Ім паказалі будынак, дзе праходзіў Кангрэс, але яны прыехалі занадта позна – з'езд ужо скончыўся. Аднак падчас гэтай паездкі ёй удалося пагутарыць з вельмі многімі ўплывовымі беларусамі, якія супрацоўнічалі з немцамі, у надзеі стварыць беларускую дзяржаву    аднолькава ненавідзячых і нацыстаў, і бальшавікоў.

Калі Ларыса вярнулася дадому ў Прагу з Мінска, яе муж нават не спытаў, як яе справы, а перш за ўсё задаў ёй пытанне: «ці прывезла яму кніжкі з Зэльвы?.. Як я вярнулася жывая, як перажыла ўсе, як там Бацькаўшчына перад фронтам – аб гэтым ні слова… I тут я расплакалася… Мне ўспомніліся тыя, якія хацелі бараніць мяне да апошняга дыху, тыя, якія плакалі дзіўна па-мужчынску, пакідаючы Бацькаўшчыну. Я нагрэла ванну, памылася й заснула сном каменным».

 Вайна набліжалася да канца, да межаў падыходзіла Чырвоная армія. Большасць чэхаў з вялікай надзеяй чакалі яе прыход: “Чэхі былі амаль стопрацэнтна супраць немцаў і прагна чакалі рускіх, вельмі ружова рысуючы сваю будучыню пры іх. У нас наконт гэтага ніякіх ілюзій не было, горкай практыкай лягла на маю сям’ю хваленая рознымі агентамі ўсходняя культура. Перспектыва была нецікавай. А час ляцеў, і вясною пачалі людзі пакідаць Прагу. Цягнікі былі поўныя, людзі лезьлі вокнамі, ехалі пад амэрыканскія бомбы, а ўсе ж ехалі”. Да Ларысы прыходзілі сябры і ўгаворвалі ратавацца і ехаць з імі: «Там з кожным днём будзе лепей, – казала мне Ольга, сястра Лэсі Украінкі, – а там, гдзе вы хочаце застацца, ніколі добра ня будзе, ніколі…». Пасля, Геніюш неаднаразова ўспамінала гэтыя словы, так як паслухалася мужа, які лічыў сябе сацыялістам і чакаў рускіх з радасцю. Ларыса была гатовая забраць сына і ехаць ўдваіх, але муж не аддаваў ёй дзіцяці, і яна засталася. “Мяне калаціў ніколі яшчэ няведамы страх з таго, што чакала нас наперадзе. Маё найбольшае жаданне было ехаць як найдалей з прагі, каб пазбегнуць лёсу маіх бацькоў, які быў страшнай рэальнасцю. Вялікай мужнасцю было стрымаць сябе й не ўцячы, калі ўцякалі найразумнейшыя”.

Сканчалася адна жахлівая старонка жыцця Ларысы Геніюш    яна ўжо выдатна ведала, што такое бальшавікі. Жудасны вынік далёка не ўсім яе стратам сярод блізкіх, якія заставаліся ў савецкай Беларусі, выклала ў сваім лісце сястра Люся: «Муж адчыняе ліст, чытае, маўчыць, зьбялеў нейк… Божа мой, мама памерла ў 45-м годзе з голаду ў Казахстане, тата загінуў у гродзенскай турме, Расьціслаў загінуў у арміі Касьцюшкі ў 45-м годзе 28 красавіка, Аркадзій загінуў у 44-м годзе 27 ліпеня ў арміі Андэрса ў Італіі… Ногі мае з ваты, і сьвет кружыцца, кружыцца… Праўда гэта? Праўда гэта? Ці не замнога столькі на чалавека за раз? О, мама… О, Славачка, няўжо й ты наважыўся мяне пакінуць, браціку мой… Аркадзічак, Тату… Гэта няпраўда, няпраўда, няпраўда… Бяда мне, бяда, як перажыць мне й пашто жыць?.. Божа мой, барані дзіця мае адзінае, ратуй маяго мужа… Юрачка, сыночак мой, як табе, Юра? Я, здаецца, згубіла розум, білася аб падлогу галавою, грызла зямлю. Сапраўды, я, здаецца, здурэла».

Пачалося новае жыццё. За Геніюш пастаянна сачылі шпікі, яна іх ведала ў твар і разумела, што ў любы момант яе могуць арыштаваць. Чэхі хутка гублялі свабоду ў сваёй дзяржаве, уладу над імі ўсё больш забіраў сабе Сталін. “Так пасля высокай еўрапейскай культуры ў Чэхаславаччыну прыходзілі паняцці: мядзведзь – начальнік, тайга – закон”. Для Ларысы і яе сям'і гэта было трагічным часам. Іх пачалі падганяць, каб яны аформілі грамадзянства, муж хацеў чэшскае, што было не так лёгка, але ўсё-ткі, яго ўдалося атрымаць.

Вельмі моцным было расчараванне Геніюш у тых беларусах, хто ўжо пажыў нейкі час пад Саветамі: “Мы вельмі расчароўваліся ў т.зв. савецкіх людзях-беларусах, яны йшлі ўсімі абманамі да сваіх шкурных мэтаў, не ведаючы ніякае этыкі. Былі спрытнымі й хітрымі, іх метады былі часам страшныя. Гэта былі ваўкі. Ніякае дабрыні ці міласэрнасці й ніякіх граніцаў для зла. Гутарка з імі не акрыляла, а настарожвала тым, што прыніжалі яны лепшае ў людзях і людкасці. Здавалася, што цяжкія варункі жыцця даўно ўжо забілі ў іх розныя ідэалы, акрамя тых, якія ў даны мамэнт аплочваліся”…

Бальшавікі хутка паказалі, хто цяпер гаспадар у Чэхаславакіі.  “Тры гады, ад 45-га да 48-га, гэта былі самыя страшныя гады, калі людзі мерлі ў лагерох, як мухі, іх проста нішчылі “велікадушныя” пераможцы абедзвюма рукамі, асабліва нацыянальна ідэйных. З яўна нямецкімі прыслужнікамі яны адразу знаходзілі супольную мову й рабілі іх правай рукою ў вынішчэнні ўсяго беларускага. Людзі, каб захаваць жыццё, падлелі неймаверна, каяліся нат у тым, чаго ніколі не рабілі. Кляліся ў вернасці Сталіну й камунізму, страшнае называлі – гуманным, дурное – мудрым, сваё добрае хрысцілі паганым, ад беларускага з болем сэрца шарахаліся, як ад агню, згубіўшы надзею, што наагул ажывем калі-небудзь”.

Новыя парадкі сталі лепш зразумелыя і мужу Яну Геніюшу, калі яго – беспартыйнага звольнілі з працы. Сябры ўсё рабілі, каб Геніюш з сям'ёй пакінула Прагу, іх клікалі ў Парыж, даслалі паперы, каб было лягчэй дастаць дазвол і візу. Знайшліся ў іх там нават нейкія сваякі. «Муж не хацеў слухаць, а мудры Юра так радзіў: «Хадзі, мамачка, паедзем з табою, а татачка так нас любіць, што хутка за намі прыедзе, ня вытрымае». У выніку Ларыса з мужам пераехала жыць недалёка — у мястэчка Вімперк, размешчанае ў 13-ці кіламетрах ад мяжы з Германіяй. Сын Юрка вучыўся ў чэшскай гімназіі... Здавалася б, жыццё набыла нейкую стабільнасць, стала наладжвацца, але на даляглядзе ўжо ўставалі новыя выпрабаванні.

“…Ішлі мне па пятах, сачылі, акружалі… Крывавыя кіпцюры ўжо памалу заціскаліся ля майго горла…”

Працяг будзе.

 Беларускі дакументацыйны цэнтр

Статьи по теме

  • 26.03.2016

    Ларыса Геніюш - жыццё для Беларусі (частка 1)

    «Беларускі дакументацыйны цэнтр» пачынае цыкл артыкулаў, прысвечаных адной з найлепшых беларускіх паэтак, чалавеку бясконца адданаму Беларусі, які... Читать далее

Обратите внимание

Полезное видео

Публичный источник пополнения базы данных нарушения прав человека в Республике Беларусь
Заполните форму на нашем сайте. Пришлите ее нам. Собираем документы вместеПодробнее
15 лет и полное молчание

Наши партнеры