Беларусы прачыталі вершы расстраляных паэтаў
- Подробности
- 28.10.2016
У Мінску пачаліся мерапрыемствы ў рамках Дня памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій, які беларуская грамадскасць неафіцыйна адзначае 29 кастрычніка — у гадавіну аднаго з самых трагічных дзён нашай гісторыі. У ноч з 29 па 30 кастрычніка 1937 года і бліжэйшыя дні ў падвалах «амерыканкі» было расстраляна больш за 130 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку, больш за 17 паэтаў — большасці з якіх не было і 40 гадоў. На жаль, у адрозненне ад суседзяў у Беларусі няма афіцыйнага Дня памяці рэпрэсіяў (напрыклад, у Расеі Дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій усталяваны Пастановай Вярхоўнага Савета РСФСР ад 18 кастрычнiка 1991 года і штогод адзначаецца 30 кастрычніка).
У Літаратурным музеі Петруся Броўкі паэты, літаратары, творчыя людзі і грамадскія актывісты распавялі школьнікам аб гэтым трагічным дні, а таксама прачыталі любімыя вершы расстраляных паэтаў. Некаторыя радкі з вершаў, напісаных у 20-я гады ХХ стагоддзя, ня страцілі сваю актуальнасць і цяпер. Напрыклад, вядомы верш Алеся Дудара «Пасеклі наш край папалам…», у якім ёсць такія радкі:
…За ўсходнім дэспатам-царком
Мы бегаем на задніх лапах,
Нью-Ёрку грозім кулаком
І Чэмберлена лаем трапна.
Засыплем шапкамі яго,
Ура, ура – патопім ў соплях.
А нас тым часам з году ў год
Тут прадаюць ўраздроб і оптам.
Мы не шкадуем мазалёў.
Мы за чужых праклёны роім,
Але без торгу і без слоў
Мы аддаем сваіх герояў.
Не смеем нават гаварыць
І думаць без крамлёўскай візы,
Без нас ўсё робяць махляры
Ды міжнародныя падлізы.
Распаўся б камень ад жальбы
Калі б ён знаў, як торг над намі
Вядуць маскоўскія рабы
З велікапольскімі панамі.
О, ганьба, ганьба! Ў нашы дні
Такі разлом, туга такая!
І баюць байкі баюны
Северо-Западного края...
На мерапрыемстве, якое правяла Ганна Севярынец, выступілі Віктар Жыбуль, Павел Дзюсекаў, Васіль Дранько-Майсюк, Антон Рудак, Яўген Батура, Егор Бабій, Анатоль Шырвель, Аляксей Стрэльнікаў і Зьміцер Дрозд, які распавёў пра важнасць пошуку інфармацыі пра рэпрэсаваных.
Беларускі документацыйны цэнтр