Зрабіць дзень 29 кастрычніка Днём Памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій (зварот)

 Курапаты, 29 кастрычніка 2017 года

 

 

 

Зварот удзельнікаў Дня Памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій у Беларусі. 

Да грамадзян Рэспублікі Беларусь і беларусаў свету


Шаноўныя суайчыннікі!
Заўчасная смерць — бяда і непапраўная страта не толькі для блізкіх, але і для ўсёй чалавечай супольнасці. Але ж падчас крывавага разбою бальшавіцкіх ЧК, ГПУ, НКВД, МДБ, бадай, не было той сям’і і радзіны, каб з іх асяродку чорнае груганнё не вырвала бацьку, маці, сына, брата, сястру, дарослых і нават непаўналетніх. А хто ацалеў — застаўся запалоханым на ўсё жыццё. І што гэта былі за страты! Боль за іх не згас, не вычарпаў сябе у народзе дагэтуль.
Сёлета беларускае грамадства мае адзначыць сумнае 80-годдзе. Акурат у 1937-м крывавы патоп сталінскіх рэпрэсій дасягнуў найвышэйшага ўздыму. Няпрошаныя госці ўвальваліся ў гарадскія кватэры і сялянскія хаты. Цэлымі сем’ямі вывозілі людзей у Сібір і на Поўнач, чынілі расстрэлы ў шматлікіх Курапатах. 
Лепшыя з лепшых абвяшчаліся ворагамі народа і траплялі ў рукі бальшавіцкіх катаў. Кузьму Чорнага, класіка беларускай літаратуры, садзілі на кол. Народнага паэта Янку Купалу давялі да таго, што пазбягаючы глуму над сабой, спрабаваў скончыць жыццё самагубствам. 
Пасля дзікунскага здзеку і гвалту дзяржаўны дзеяч і пісьменнік Цішка Гартны (Жылуновіч) загінуў у Магілёўскай псіхіатрычнай бальніцы. Глум над людзьмi i iх вынішчэнне чэкістамі насiлi планавы характар. 
Толькі ў 1920–50-я катаржныя гады ГУЛАГ праглынуў больш за 600 тысяч ураджэнцаў Беларусі, а з улікам другіх катэгорый афіцыйна рэпрэсаваных гэтая лічба сягае за 1,5 мільёна. Нават цяжка ўявіць: найбольш здольнае да творчай і стваральнай працы насельніцтва вялікага еўрапейскага горада, роўнага сучаснаму Мінску, і яно трапляе ў лапы і пекла ГУЛАГу! Шмат у якіх выпадках рэпрэсіі насілі характар генацыду беларусаў. 
Ад самага ўтварэння БССР і да 1953 года ў Беларусі была вынішчана амаль уся свядомая, культурная, адукаваная нацыянальная інтэлігенцыя. І каб не гэтыя страты, сёння ў нас была б зусім іншая краіна. У адносінах беларускіх уладных структур да нацыянальных каштоўнасцей становішча не выпраўлена да гэтага часу. 
А 29 кастрычніка 1937 года асабліва цяжкі і трагічны дзень у гісторыі беларускага народа. Толькі за адну ноч у Мінску сталінскія апрычнікі расстралялі 100 выдатных прадстаўнікоў творчай і навукова-тэхнічнай інтэлігенцыі, у тым ліку народных камісараў асветы — Аляксандра Варончанку і Аляксандра Чарнушэвіча, наркома фінансаў Івана Кудзельку, рэктараў БДУ — Ананія Дзьякава, Язэпа Каранеўскага, Аляксея Кучынскага, дэкана Яўгена Успенскага, прафесара Сцяпана Маргелава, дырэктараў Белпедтэхнікума — Міхаіла Радзеўскага, Ігната Афанасьева разам з выкладчыкамі, — другога сакратара ЦК КПБ(б) Міколу Арабея, шэраг адказных работнікаў ЦК, СНК, ЦВК, іншых устаноў, 22-х пісьменнікаў і грамадскіх дзеячаў: Міхася Чарота, Янку Нёманскага, Платона Галавача, Алеся Дудара, Міхася Зарэцкага, Васіля Каваля, Юлія Таўбіна, Валерыя Маракова, Васіля Сташэўскага, Зяму Піваварава, Ізю Харыка, Тодара Кляшторнага, Анатоля Вольнага, Юрку Лявоннага…, вядомых тады журналістаў Віктара Войнава, Паўла Шастакова… Многія з вязняў былі змардаваны настолькі, што не маглі стаяць на нагах і іх волакам цягнулі на расстрэл. А жонак, дзяцей і бліжэйшых родзічаў расстраляных тады ж кінулі ў канцэнтрацыйныя лагеры. 
Вынішчэнне інтэлектуальнай эліты нашай нацыянальнай супольнасці 29 кастрычніка было праведзена і ў абласных гарадах — Віцебску, Гомелі, Магілёве. І гэта — чарговы ўдар па беларускай адукацыі, па духоўнай культуры, па мове, жорсткая праява генацыду народа і нацыі. 
Мы зноу прапануем грамадскасці лічыць 2017 год Годам Памяці аб нічым не апраўданых рэпрэсіях супраць беларускага народа. Нашым агульным клопатам павінна быць вяртанне кожнаму змардаванаму, забітаму, абясслаўленаму грамадзяніну Беларусі яго добрага імені. 
Мы разлічваем на падтрымку гарадскімі і сельскімі выканаўчымі ўладамі, на выяўленне, упарадкаванне, аздабленне крыжамі, памятнымі знакамі ўсіх мясцін расстрэлаў і захавання парэшткаў пакутнікаў з магчымым выяўленнем невядомых імёнаў і перадачай інфармацыі пра іх у мясцовыя музеі, гістарычныя і культурныя ўстановы.
Мы прапануем Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускаму дзяржаўнаму універсітэту, іншым навуковым і асветным установам краіны звярнуцца да трагічных падзей беларускага адраджэння, прыгадаць Інбелкульт і расправу з плеядай вучоных колькасцю звыш 100 чалавек на мяжы 1920–30-х гадоў, з выдатнымі нацыянальнымі дзеячамі, у асяродку якіх былі Усевалад Ігнатоўскі, Вацлаў Ластоўскі, Уладзімір Пічэта, Язэп Лёсік, Сцяпан Некрашэвіч, Аркадзь Смоліч, браты Максім ды Гаўрыла Гарэцкія. Вучоным варта зрабіць свой унёсак у Год Памяці.
Заклікаем далучыцца да гуманнай грамадскай ініцыятывы прафесійныя творчыя саюзы, каля вытокаў якіх нярэдка стаялі выдатныя дзеячы нацыянальнай культуры, рэпрэсаваныя крыважэрным рэжымам.
Заклікаем праявіць свой грамадзянскі абавязак сяброў маладзёжных суполак краіны. Усе яны, незалежна ад роду заняткаў і ідэалагічнай арыентацыі, павінны актывізаваць сваю дзейнасць па адраджэнні і ўшанаванні памяці ахвяраў камуна-бальшавізму. 
Мы звяртаемся да заканадаўчых і выканаўчых улад краіны, да кіраўніка дзяржавы з хадайніцтвам зрабіць дзень 29 кастрычніка Днём Памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій і адзначаць яго адпаведным чынам штогод.
Мы заклікаем кампетэнтныя ўстановы — Камітэт дзяржаўнай бяспекі, Міністэрства унутраных спраў і Пракуратуру Рэспублікі Беларусь — перагледзець справы пакуль яшчэ нерэабілітаваных ахвяраў тэрору, у тым ліку былых ваеннапалонных, а таксама жыхароў, якія працавалі на часова акупаванай тэрыторыі ў 1941–1944 гадах, замежных грамадзян, абнародаваць імёны расстраляных , адкрыць спісы афіцэраў польскай арміі, расстраляных у 1940 годзе. 
Спадзяемся, што ўсе дзяржаўныя і грамадскія структуры краіны, усе грамадзяне Рэспублікі Беларусь і беларусы замежжа прадэманструюць у Год Памяці сваю салідарнасць і ўзаемапавагу.


Удзельнікі Дня Памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій у Беларусі.

Обратите внимание

Полезное видео

Публичный источник пополнения базы данных нарушения прав человека в Республике Беларусь
Заполните форму на нашем сайте. Пришлите ее нам. Собираем документы вместеПодробнее
15 лет и полное молчание

Наши партнеры