(Не) расстраляная паэзія

29 кастрычнiка ў клубе “Брюгге” прайшла прэзентацыя праекту парталу TuzinFM “(Не) расстраляная паэзія”. Роўна 80 год назад ва ўнутранай турме НКУС у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку 22 паэта і пісьменніка (Міхась Чарот, Тодар Кляшторны, Алесь Дудар, Ізі Харык, Юрка Лявонны, Міхась Зарэцкі, Платон Галавач, Юлі Таўбін, Янка Нёманскі, Валеры Маракоў, Масей Кульбак — і дзясяткі іншых). У канцэрце ўдзельнічалі вядомыя беларускія музыкі і паэты. “Беларускi дакументацыйны цэнтр” запытаў у іх, чаму яны вырашалі прыняць удзел у гэтым праекце.

Удадзiмiр Лянкевiч (“TonqiXod”): “Мы адразу пагадзіліся прымаць удзел, таму што трэба вяртаць памяць, трэба не забываць гэтых рэпрэсаваных людзей. Калі мы ня можам кожнага чалавека, які быў раскулачаны, сасланы ў Сібір... успомніць, то, калі мы гаворым пра творчых асоб, мы можам гэтай творчасцю іх памяць аднавіць. І таму, мне здаецца, што гэта выдатны праект, які дапамагае вярнуцца да гэтай тэмы”.

Лявон Вольскі: “Есць такія мерапрыемствы, у якіх нельга не ўзяць удзел. Сёння я з жахам падумаў, што ўсе гады, так званай беларускай незалежнасці да гэта не прыцягвалася ніякай увагі, што былі расстраляны сто прадстаўнікоў інтэлігенцыі, дзеячаў розных накірункаў творчасці. І толькі зараз, дзякуючы Сяргею Будкіну, гэтай ініцыятыве, мы можам казаць пра гэта, шырокія масы могуць пра гэта даведацца”.

Алесь Дзянісаў (“Dzieciuki”): “Нам прапанавалі і мы пагадзіліся. Трэба адзначыць, што гэта ініцыятыва належыць Сяргею Будкіну. Чаму Чарот? Сяргей Будкін мне прапанаваў прыглядзецца да гэтага аўтара, мы выбралі, магчыма, самы папулярны яго верш, самы знаёмы. Але, чаму не? Правесці такое мерапрыемства — выдатная ідэя”.

Анастасія Шпакоўская (“Naka”): “Мне здаецца, што такія падзеі нельга творчым людзям абыходзіць увагай: столькі забітых бязвінна людзей, творчых людзей. Што не можа пакідаць абыякавымі людзей, звязаных з творчасцю, з мастацтвам. Мне было вельмі цікава, я адкрыла для сябе шмат новага. Я вельмі рада, што праект адбыўся, адбыўся на высокім узроўні”.

Зьмiцер Папко (Vinsent”): “Я лічу, што гэтае мерапрыемства паказвае нашу сувязь з творцамі, якія загінулі за Беларусь 80 гадоў таму. І, хоць мы жывем у іншым стагоддзі, я лічу, што сітуацыя падобная — так сама рэпрэсіі, у тым ліку — творчыя. Я, напрыклад, шмат часу ня мог граць сваіх канцэртаў — мне адмаўлялі беспадстаўна — гэта з’яўляецца таксама формай рэпрэсій. І я адчуваю сувязь з беларускамоўнымі творцамі, якія пісалі 80 гадоў таму свае вершы. Я адчуваю сувязь, таму, мне не ўсе роўна, што адбываецца сёння, а сённяшняга дня няма без гісторыі, тое, што было даўно, і мы павінны пра гэта памятаць. І, калі арганізатары прапанавалі мне ўзяць удзел у гэтым праекце, я адразу пагадзіўся, таму што гэта справа гонару, у першую чаргу, і вельмі цікавая музычна — вершы творцаў, якія былі расстраляны — гэта вельмі вартыя ўвагі творы, гэтыя вершы трэба чытаць, трэба вучыць у школах... Тое, што мы напісалі песні на гэтыя вершы — гэта дапаможа ў нейкай ступені папулярызацыі творчасці гэтых паэтаў. Я ўзяў твор "Метрапалітэн" Зямы Піваварава. Я думаю, што хтосьці пачуе гэтую песню і зацікавіцца творчасцю Зямы Піваварава, таксама як і іншыя песні праекту — яны зацікавяць людзей, людзі пачнуць чытаць творы гэтых паэтаў, і калі гэтае слова жыве, калі людзі чытаюць — гэта значыць, што наша культура жыве і будзе жыць”.

Паэт Андрэй Хадановіч (мадэратар праекта): “Найперш таму, што бываюць праекты індывідуальныя, а бываюць правільныя, супольныя праекты, такія як "Народны альбом", "Я нарадзіўся тут", "Святы вечар"... Мне здаецца, што праект на вершы расстраляных паэтаў — гэта тое, што па-першае, ўсім нам аднолькава баліць, па-другое, ўсім нам аднолькава кадзіць, усім  нам аднолькава хочацца вярнуць гэта з забыцця, зрабіць геніяльных паэтаў 20-30-хх гадоў агульна вядомымі. Таму гэта ідэя "Тузіна гітоў" сабраць 12 твораў (11 вершаў і 1 прозу), зрабіць гэта хітамі, дастукацца з імі да ўсіх... Я гэтую ідэю падтрымліваю і як паэт, і як перакладчык, і як даследчык літаратуры. Таму я адразу пагадзіўся мадэраваць гэтае мерапрыемства. Я даю свае пераклады, я буду, як лектар чытаць лекцыі пра маіх любімых паэтаў — Юлія Таўбіна і Тодара Кляшторнага. Таму я сказаў: я буду праводзіць гэты канцэрт, таму што мне гэта баліць, гэта павінна быць сёння ў вушах. Каб сённяшняя дзяўчынка-студэнтка, сённяшні малады паэт... змаглі прачытаць гэта і зрабіць штосьці сваё, абапіраючыся на гэта”.

Сяргей Будкін (арганiзатар праекта): “Мы вырашылі зрабіць гэты праект, таму што мы думаем пра сябе, мыслім сябе беларусамі, мы разумеем, што трэба ўзгадваць сваю гісторыю. І таму накіраваць нават трагічную гісторыю ў нейкае канструктыўнае, сучаснае, пазітыўнае рэчышча. Я падкрэслю, праект пазітыўны. Мы не праклінаем як бы ворагаў, катаў... Мы пра гэта думаем, але ня кажам. Мы ўшаноўваем тых людзей, таму што яны варты таго. І таму ёсць і вясёлыя песні, ёсць трагічныя песні, ёсць песні пра каханне, смерць...”

Павал Аракелян: “Я вырашыў прыняць удзел таму, што мене запрасіў Сяржук (Сяргей Будкін) — трэба было тэрмінова замяняць аднаго з музыкаў. Я ня змог адмовіцца ад удзелу, нягледзячы на вельмі плотны графік. Я ня вельмі добра ведаю гісторыю, але, калі нават я ведаю гэтыя даты, мне здаецца, што як мага больш людзей павінны ведаць і не забываць. Бо гэта забываць нельга”.

 Беларускi дакументацыйны цэнтр

Обратите внимание

Полезное видео

Публичный источник пополнения базы данных нарушения прав человека в Республике Беларусь
Заполните форму на нашем сайте. Пришлите ее нам. Собираем документы вместеПодробнее
15 лет и полное молчание

Наши партнеры