Алёна Дробыш: як я шукала Суворава ў архівах КГБ-ФСБ

Мы працягваем публікацыю артыкулаў, якія паступілі ад экспертаў "Школы пошуку інфармацыі аб рэпрэсаваных".

 Аўтар: Алёна Дробыш

Сям'я Бяляўскіх паходзіць са Смаленшчыны. Насамрэч, калі я пачынала пошукі, я не ведала іх прозвішча, дакладней лічыла, што ў іх было іншае прозвішча. Існаваў сямейны міт, быццам бы яны былі Суворавы. Ва ўсялякім разе мая прабабуля Аня пры жыцці часта з гонарам казала, што яна з Суворавых. А з гонарам, бо яна, як і ейныя сваякі, лічылі сябе рускімі.

Мне было вядома, што бацька і браты Анны Васільеўны "Суворавай", што жыла ў в. Кузьміно Ярцаўскага раёна Смаленскай вобласці, былі рэпрэсаваныя. Паколькі імёнаў братоў я ня ведала, то запыт у ФСБ пісала толькі на бацьку - Васіля Суворава. І адказ быў, што інфармацыі аб такім не маецца.

Паралельна я шукала іншую інфармацыю аб продках па сваяках. Аказалася, што мая цёця лістуецца са сваім дзядзькам Бяляўскім (не Суворавым) Мікалаем Аляксандравічам, якому за 80 год і які жыве ў Астрахані. На мой ліст Мікалаю Аляксандравічу адказала яго дачка. Згодна яе лісту дзед Васіль быў раскулачаны, і яго дзеці, магчыма, узялі прозвішча маці - Бяляўская. Таму яны ўжо былі: Бяляўскі Аляксандр Васільевіч і Бяляўская Анна Васільеўна. Аляксандр Васільевіч ажаніўся на дачцэ святара Максімавай Валянціне Цітаўне і ў іх нарадзіліся двайняты: Зоя і Мікалай. Згодна лісту маёй сваячніцы, Зою і Мікалая сваякі потым вельмі шкадавалі і казалі, што яны сіроткі. Чаму, я даведалася пазней.

Другі запыт ужо быў на Бяляўскага Васіля і Бяляўскага Аляксандра Васільевіча з пазнакай усіх іх родных (жонка, сястра, цесць), пра якіх я ведала. Запыты я адпраўляла ў Дзяржаўны архіў, МУС і ФСБ Смаленскай вобласці. Ад ФСБ я і атрымала архіўную даведку на рэпрэсаваных братоў Бяляўскіх, якія нарадзіліся і жылі ў в. Мякішана, Ярцаўскага раёна, Смаленскай вобласці, былі арыштаваныя 14.11.1930 Ярцаўскім ПП ОГПУ Заходняй вобласці:

Бяляўскі Аляксандар Васільевіч (па-руску Белявский Александр Васильевич), 1905 г.н., земляроб, малапісьменны, не судзімы. Склад сям'і: жонка Валянціна Цітаўна (18 год), сястра Екацярына (35 год), бацька Васілій Фёдаравіч (70 год). Меў на момант арышту: ворыва 0/1 га, сенажаці 1 га, 1 каня, 1 жарабя, 2 каровы, 1 цяля, 2 авечкі, 1 свінню; 2 хаты, лазню, плуг, барану, веялку;

Бяляўскі Мікалай Васільевіч (па-руску Белявский Николай Васильевич), 1903 г.н., земляроб, скончыў 2-ю ступень у Духаўшчыне ў 1920 г., быў пад судом у 1924 г. за абразу старшыні с/с. Склад сям'і: жонка Аляксандра Анісім (30 год), дачка Іраіда (1 ? года), выхаванка Ксенія Іванаўна (8 год). Быў пазбаўлены выбарчых правоў у 1929 г., зараз узноўлены. Меў на момант арышту: ворыва 2 га, сенажаці 1 га, 1 каня, 1 жарабя, 1 корову, 3 авечкі, 1 свінню; дом, пуню, двор, ? лазьні, свіран; плуг, барану;

Бяляўскі Міхаіл Васільевіч (па-руску Белявский Михаил Васильевич), 1897 г.н., інвалід, земляроб, пісьменны, не судзімы. Склад сям'і: жонка Алена Іванаўна (34 гады), дачка Варвара (6 год). Да рэвалюцыі меў: ворыва 40 га, сенажаць, лес, 2 каня, 2 жарабят, 3 каровы, 1 цяля, 6 авечак, 4 свінні. Меў на момант арышту: ворыва 5 га, 1 коня, 2 каровы, 5 свіней; дом, хату (надворная пабудова); плуг, барану.

Усе тры браты абвінавачваліся па артыкулах 58-8, 10, 11 КК РСФСР. Утрымліваліся пры Ярцаўскім Гораддзеле ПП ОГПУ Заходняй вобласці з 14.11.1930. Паседжаннем Тройкі ПП ОГПУ па Заходняй вобласці ад 3.12.1931 прысуджаны да зняволення тэрмінам на 5 год канцлагераў. Тэрмін адбывалі ў канцлагеры г. Маршанск.

07.06.1989 г. рэабілітаваныя заключэннем Пракуратуры Смаленскай вобласці.

Яшчэ ў справе маецца падпіска Ярцэўскаму гар. аддзелу ОГПУ ад 16.11.1930 Бяляўскага Васіля Фёдаравіча з в. Мякішана аб "...не адлучацца з пазначанага месца жыхарства і з'явіцца па першаму патрабаванню, за парушэнне падпіскі нясу адказнасць перад ОГПУ…"

Быў і пратакол допыту ад 01.12.1930 сведкі Бяляўскага Васіля Фёдаравіча, 71 гадовага, рускага, які нарадзіўся ў с. Радынь Ярцаўскага раёна, скончыў Духоўную семінарыю, "з (б) памешчыкаў", жыў у в. Мякішана. Займаецца с/гаспадаркай, мае 9 дз. зямлі, 2 каня, 2 каровы. Да рэвалюцыі: "(б) памешчык", меў 130 дз. зямлі, 4 каня, 4 каровы.

Такім чынам, Бяляўскіх спачатку (пасля 1917 г.) раскулачылі, а потым яшчэ абвінавацілі па крымінальным кодэксе.

Пра раскулачванне пісала і сваячка. Згодна ўспамінаў роднай сястры Бяляўскай (Максімавай) Валянціны Цітаўны, у Максімавых і Бяляўскіх пасля 1917 г. 10 вялікіх дамоў адабралі і перадалі Савецкай уладзе.

У Смаленскім архіве я знайшла пратаколы камісій па пазбаўленню выбарчых праў за 1927 і 1930 гг., згодна якім пазбаўляліся выбарчых правоў: Бяляўскі Васілій Фёдаравіч, "былы вінагандляр і эксплуататар наёмнай працы", і яго дачка Екацярына, Бяляўскі Мікалай (сын былога гандляра) і яго жонка Аляксандра, Бяляўскі Міхаіл (сын былога гандляра) і яго жонка Алена.

Калі я даведалася, што можна са спраў рэпрэсаваных атрымліваць не толькі даведкі, але і копіі дакументаў, я напісала запыт і на іх. Для пацверджання сваяцва спатрэбіліся дадатковыя запыты ў ЗАГСы і архівы, і грошы, каб натарыяльна заверыць дакументы. Самае цяжкае, гэта пацвердзіць дзявочае прозвішча прабабулі. У мяне гэта атрымалася, бо ў ЗАГСе Смаленскай вобласці захавалася пасведчанне аб шлюбе за 1921 г.

У выніку я атрымала ад ФСБ Смаленскай вобласці копіі на 49 лістах.

Згодна гэтым дакументам, браты былі ўдзельнікамі контррэвалюцыйнай групы з "іншымі былымі памешчыкамі, афіцэрамі, ураднікамі і асобамі духоўнага культа, якія былі пакрыўджаны савецкай уладай". А адзін з братоў Бяляўскі Мікалай Васільевіч нават быў адным з кіраўнікоў гэтай групы. Іншыя ўдзельнікі: Чэпікаў П.А. (другі кіраўнік), Андронаў М.А., Коцікаў А.Г., Кіселёў Е.А., Тухолка В.І., Вераб'ёў Н.І., Максімаў С.П. і Максімаў С.П. Мэтамі "контррэвалюцыйнай групіроўкі" былі: барацьба з Савецкай ўладай і аднаўленне манархічнага лада. Для гэтага з красавіка 1924 г. па лістапад 1930 г. ладзіліся нелегальныя сустрэчы, дзе, да прыкладу, "абмяркоўваліся метады антыкалгаснай агітацыі". І гэтая агітацыя аказалася настолькі паспяховай, што арганізаваны калгас імя "11-га Октября", разваліўся праз 2 месяцы існавання. А ўдзельнікі групы толькі і казалі, што калгас - гэта абарона лотраў, а тыя, хто ўвойдзе ў калгас, пазбавяцца сваёй маёмасці, перададуць яе лайдакам, якія яе прамантачаць.

Яшчэ групу абвінавачвалі ў прымяненні тэрарыстычных актаў да асобных грамадскіх дзеячаў мясцовай улады. Так, у красавіку 1924 г. загадчык Дуброўскага с/с Багачоў з "членам вёскі" Абраменкавым Н. прыйшлі ў дом Бяляўскага Мікалая, каб зрабіць вопіс маёмасці за наўмысную няплату с/г падатку. Тут былі ўсе ўдзельнікі групы пад выглядам гасцей. Калі гаспадар даведаўся, дзеля чаго прыйшлі наведвальнікі, ён падышоў бліжэй да Багачова, выцяў яго па твары, назваў "савецкай сволаччу" і загадаў сесці і чакаць. Праз некалькі хвілін Бяляўскі Мікалай вярнуўся з суседняга пакоя з рэвальверам у суправаджэнні іншых удзельнікаў к-р групы. Яны абражалі Багачова і пагражалі яго забіць. З-за чаго Абраменка, а за ім і Багачоў кінуліся ўцякаць з хаты. На допыце (з пратакола) Мікалай Васільевіч казаў, што пералічаныя асобы пры сварцы з Багачовым не прысутнічалі, і прыехалі пазней.

Іншыя ўдзельнікі групоўкі браты Максімавы (родныя браты жонкі Бяляўскага Аляксандра), казалі сялянам, што штогадовыя бальшавіцкія хлебанарыхтоўкі задушылі сялян, і тыя з кожным годам становяцца бяднейшымі. А яшчэ яны таксама білі загадчыка Багачова, калі той адымаў у іх быка ў залік нясплачанага с/г падатку.

Яшчэ Бяляўскія і іншыя абвінавачаныя верылі самі і казалі сялянам, што савецкая ўлада не на доўга, што рабаўнікі і злачынцы не могуць доўга пратрымацца, і што іншаземныя "капіталісты" рыхтуюць вайну супраць СССР…

Амаль усе абвінавачаныя не прызналі сваёй віны, акрамя Чэпікава. Ён прызнаў, што арганізаваў разам з Бяляўскім Мікалаем контррэвалюцыйную групоўку, быў яе "членам" на працягу 6 год, сам антысавецкую агітацыю не праводзіў (астатнія, з яго слоў, праводзілі), бо ўжо стары (69 год), але ў сходах удзельнічаў і "навучаў", як трэба. Магчыма за прызнанне ён прыкладна праз месяц быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе са сталага месца жыхарства. У любым выпадку ніводзін абзац з 49 старонак ніяк не пацвярджае існаванне арганізаванай групы, ажыцяўленне ёй скаардынаваных дзеяў і планаванне тэрарыстычных актаў.

Ніводнае слова, сказанае абвінавачанымі не цягне на 3, 5, 8 і 10 год лагера, і пакалечаных лёсаў іх сямей.

Дарэчы, з гэтых дакументаў вынікае, што толькі Бяляўскі Аляксандр атрымаў 5 год, а яго браты Міхаіл і Мікалай - па 10 год. Астатніх "удзельнікаў групы" прысудзілі: на 5 (у тым ліку Чэпікаў) і 8 год ссылкі ў "Сеўкрай" і ад 3 да 10 год лагера.

На жаль, дакументаў аб адбыцці Бяляўскімі пакарання ў г. Маршанску я не здолела знайсці (МУС Тамбоўскай і Смаленскай вобласці не валодае інфармацыяй аб іх), таму іх далейшы лёс мне невядомы. Улічваючы, што яны былі прысуджаны ў лютым 1931 г., яны маглі і не даехаць да месца адбыцця пакарання, асабліва Бяляўскі Міхаіл, які быў інвалідам (дарэчы, яго прызналі прыдатным для працы). Мне толькі вядома, што ніхто з іх так і не вярнуўся дадому. А Бяляўскі Аляксандр ні разу не ўбачыў сваіх дзяцей - двайнят: Зою і Мікалая.

Родныя потым спрабавалі даведацца пра іх лёс, але марна.

Яшчэ ў атрыманых дакументах зафіксавана, што ў сям'і было 90 дзес. зямлі, "дробная лаўка», якая працавала да 1924 г., 2 сталыя працаўнікі і наёмныя падзённыя. У атрыманых дакументах ёсць інфармацыя аб памеры с/г падатку, якім абкладалі братоў Бяляўскіх, і што браты падзялілі маёмасць, "з мэтай схавацца ад падаткаў".

Акрамя Міхаіла, Мікалая і Аляксандра быў яшчэ адзін Бяляўскі, які патрапіў пад рэпрэсіі - гэта дзядзька маёй прабабулі святар Бяляўскі Аляксандар Фёдаравіч (па-руску Белявский Александр Фёдаравич), 1868 г.н., які да арышта жыў у с. Безабразава Туманаўскага раёна Смаленскай вобласці. Арыштаваны 01.11.1937 г. Утрымліваўся ў КПЗ Туманаўскага раённага аддзела міліцыі. Да арышту быў святаром с. Безабразава Ермалінскага с/с Туманаўскага раёна. Яго бацька таксама быў святаром, памёр.

Бяляўскі А.Ф. Скончыў у 1890 г. Смаленскую духоўную семінарыю. Самотны. Дачка - Белякова Марыя Аляксандраўна замужам, працуе і жыве ў сельскай школе Цёмкінскага раёна Смаленскай вобласці. З пратакола допыта ад 02.08.1937 відаць, што Аляксандар Фёдаравіч у 7 год застаўся сіратой, да 10 год жыў у дзядзькі ў с. Крутое Вяземскага раёна, затым адпраўлены ў духоўную школу, пасля ў семінарыю. Вучыўся прыкладна да 21 года. Быў у г. Смаленску псаломшчыкам 4 гады. Ажаніўся. Паступіў дзьяканам у с. Капыраўшчына Ярцаўскага раёна, дзе жыў 7 год. У 1902 г. пераехаў у с. Крутое Вяземскага раёна святаром. У 1929 г. год жыў у с. Дуброўна Цёмкінскага раёна, а затым у с. Безабразава. Гаспадаркі не меў.

Згодна выпісцы з пратакола паседжання нумар 53 тройкі УГБ УНКВД Заходняй вобласці ад 16.11.1937 г. Бяляўскі Аляксандар Фёдаравіч асуджаны па арт. 58 п. 8, 10 КК РСФСР да расстрэлу. Прысуд выкананы 09.12.1937. Інфармацыі аб месцы расстрэлу і пахавання не маецца. Заключэннем пракуратуры Смаленскай вобласці ад 26.04.1989 Бяляўскі Аляксандар Фёдаравіч рэабілітаваны.

Мая прабабуля Анна Васільеўна, у дзявоцтве Бяляўская, сама пад рэпрэсіі не папала, бо яшчэ раней пайшла, насуперак волі бацькі, за "галадранца" з былых "дваран", і бацька пазбавіў яе спадчыны.

У выніку яна з мужам і дзецьмі жыла сціпла са сваёй працы, працаўнікоў не наймалі. А яе муж заўсёды называў свайго цесця скнарай. І казаў, што той замест таго, каб дапамагчы дзецям ды ўнукам, закапаў значную частку свайго багацця недзе ў хляве (гэта другі сямейны міт). Памятаючы тое, мой дзед нават яшчэ неяк ездзіў з бацькам на радзіму з лапатай, але скарб не знайшоў.

Хаця Анна і не трапіла сама пад рэпрэсіі, ніводная з уладаў не прынесла ёй нічога добрага. Савецкая ўлада саслала братоў у лагер, і тыя не вярнуліся. Іншых сваякоў, сяброў ды проста суседзяў расстралялі, ці саслалі. У часы 2-й сусветнай немцы ўсю яе сям'ю павезлі ўжо ў нямецкі лагер недзе пад Барысавам, дзе памёр яе малодшы сын Васіль, 1937 г.н. (на жаль, у Смаленскім архіве дакументаў аб выгнанні сям'і Анны Васільеўны не выяўлена). Яна доўгі час нічога не ведала пра лёс мужа і двух старэйшых сыноў. І пасля вызвалення з лагера, яна не захацела вяртацца дадому. Некалькі год яна пісала суседзям і знаёмым, каб даведацца аб лёсе родных, але або зусім не атрымлівала адказу, або атрымлівала несуцяшальныя навіны. Яе дом згарэў у вайну, блізкіх на Смаленшчыне не засталося. Таму Анна Васільеўна ўладкавалася жыць і працаваць у самотнай настаўніцы ў адной з вёсак Крупскага раёна, і менавіта тая прымусіла Анну напісаць чарговы ліст. І гэты ліст вярнуў ёй мужа і сына…

Так яна даведалася, што яе муж і сярэдні сын, мой дзед Міхаіл, збеглі, калі іх везлі ў нямецкі лагер і доўгі час бадзяліся па Магілёўшчыне, рамантавалі чужы абутак і з таго існавалі (часта галадалі). Толькі ў 1944 г. майго дзеда прызвалі ў войска, а ягоны бацька выправіўся назад у Смаленшчыну. Паколькі дом згарэў, а вестак ад родных не было, ён з часам "прыжаніўся". Адзінае, што ён папярэджваў "новую жонку", што калі вернецца яго Аня, то ён сыдзе… Як і калі старэйшы сын Анны Аляксандр патрапіў у шэрагі Чырвонай арміі, мне не вядома, але ён быў прызваны Аршанскім РВК, загінуў 16.10.1944 г. і быў пахаваны ў в. Кунігішке, Валковыш. раёна ў Літве.

Пасля ўсяго сям'я вырашыла не вяртацца на Смаленшчыну, і пабудаваць новую хату там, дзе Анна Васільеўна знайшла прытулак і працу.

Дарэчы, і міт пра Суворавых, па выніку архіўных пошукаў, не пацвердзіўся. Бацька Анны Васільеўны і ў 1891 г., калі ў яго і яго жонкі нарадзіўся першы сын, быў Бяляўскім Васілём Фёдаравічам.

Аўтар: Алёна Дробыш

 

Работы экспертов "Школы поиска информации о репрессированных":

Елена Коровченко. Палачи без работы не сидели

Дмитрий Дрозд. История одной фотографии (поиск информации о репрессированных - продолжение)

Алесь Кіркевіч. Крыж і лісты Ўладзіміра Кіркевіча

Игорь Станкевич. Жизнь — это боль, страдания и бесконечные потери родных и близких (история моей бабушки — дочери «врагов народа»).

Максім Гацак. Збіраў грошы на рамонт царквы – расстраляць!

Игорь Станкевич. Меня поразила лютая жестокость и бесчеловечность коммунистического режима.

Алесь Кіркевіч. Біце іхных курэй, гэта куры ворагаў народу!

Статьи по теме

  • 20.09.2016

    Дмитрий Дрозд провёл первое занятие практической школы поиска информации о репрессированных

    20 сентября в «Открытом пространстве "Верх"» прошло первое занятие в практической школе поиска информации о репрессированных. Его провёл... Читать далее

Обратите внимание

Полезное видео

Публичный источник пополнения базы данных нарушения прав человека в Республике Беларусь
Заполните форму на нашем сайте. Пришлите ее нам. Собираем документы вместеПодробнее
15 лет и полное молчание

Наши партнеры