Як увогуле можна застацца "нармальнай", патрапіўшы цяжарнай пад арышт АДПУ?

Мы працягваем публікацыю артыкулаў, якія паступілі ад экспертаў "Школы пошуку інфармацыі аб рэпрэсаваных".

Аўтар: Алёна Дробыш

Як часта бывае пры пошуку рэпрэсаваных, ад пачатку я вельмі мала ведала пра Лешчанку Франца Адамавіча. Мне было вядома толькі яго імя, месца жыхарства і магчыма нараджэння — в. Замосце, сёння Слуцкі раён, Менская вобласць, і што быў ён арганістам у Замоскім касцёле.

Правесці генеалагічныя даследаванні, каб даведацца год, месца нараджэння і бліжэйшых сваякоў, па Лешчанках з в. Замосце Слуцкага раёна амаль немагчыма, бо гэта самае распаўсюджанае прозвішча ў гэтай і навакольных вёсках.

Першыя пісьмовыя звесткі аб Францы Адамавічы я знайшла ў інтэрнэце ў "Картатэцы Сталіна" — базе дадзеных па рэпрэсаваных на сайце "Радыё Свабода".

Так я даведалася, што Лешчанка Франц Адамавіч нарадзіўся ў 1904 г. і быў двойчы арыштаваны: 16.02.1930 і 27.08.1933.

У першы раз 18.03.30 "тройкай" ён быў прысуджаны да 3 год ППЛ па артыкуле 58-11 КК РСФСР за а/с агітацыю і як член к/р арганізацыі. Адбываў пакаранне недзе на Далёкім Усходзе. Другі раз быў асуджаны "тройкай" 20.01.34, і атрымаў 8 год ППЛ па артыкулах 72,76 КК БССР, як член к/р арганізацыі. Пакаранне адбываў у Сеўпечлагу НКУС. Яшчэ ўзгадваецца, што 03.09.1949 г. АС сасланы у Краснаярскі край. Перагледжана справа Лешчанкі Ф.А. была Пракуратурай БССР 31.05.1989.

Я адразу напісала запыты ў КДБ Беларусі і МУС Расіі (па месцах адбывання пакарання). Для пацверджання сваяцтва я прыклала пасведчанне аб смерці жонкі Франца Адамавіча — Лешчанка Юзэфы Марцінаўны, і пасведчанне аб нараджэнні яго ўнука, дзе пазначана яго дачка Дробыш (па мужу) Паліна Францаўна. Першыя адказы з Расеі я атрымала адмоўныя. МУС па Рэспубліцы Комі паведаміла, што архіўная, асабістая справа зняволенага Лешчанкі Франца Адамавіча, знішчана з-за заканчэння тэрміну захавання. А МУС па Краснаярскім краі адмовіла, бо "ў справе рэпрэсаванага адсутнічае інфармацыя аб дачцэ Паліне Францаўне" (яна была запісана Аннай), а ў прыкладзеных мной дакументах факт сваяцтва паміж Дробыш Палінай Францаўнай і Лешчанкам Францам Адамавічам не пацверджаны.

Тады я зрабіла запыт у ЗАГС Слуцкага райвыканкама на даведку аб шлюбе Лешчанка Паліны Францаўны. І такі запіс ад 1951 года захаваўся. У даведцы пазначана прозвішча мужа і жонкі да шлюбу і пасля. Так факт сваяцтва быў даказаны. Па выніку я атрымала адказы і з КДБ Беларусі і з МУС Расіі.

У КДБ на захаванні знаходзяцца дакументы па першай і трэцяй справах (1930 і 1949 гг.), заведзеных на Лешчанку Ф.А. У МУС Краснаярскага края — па справе 1949 г. Але ў дакументах ёсць узгадкі і па справе 1934 г. Згодна атрыманым мной дакументам сведкам супраць Франца Адамавіча ў 1930 г. выступаў другі Лешчанка Франц Адамавіч з в. Замосце, толькі не 1904, а 1908 г.н. (факт пражывання двух поўных цёзкаў у в. Замосце пацвярджаецца і перапісам гаспадарак 1926 г.). Ці былі яны далёкімі сваякамі, ці проста поўнымі цёзкамі, на жаль, невядома. Па той жа справе праходзіў яшчэ адзін Лешчанка, “кулак” Кобель і ксёндз. У дакументах, якія даслала КДБ, імёны і прозвішчы замазаны, ці часткова замазаны. МУС Расіі гэтым не займалася.

 

 

Да таго ж, я праглядала базы па рэпрэсаваных у інтэрнэце і кнігу Леаніда Маракова "Рэпрэсаваныя каталіцкія духоўныя, кансэкраваныя і свецкія асобы Беларусі 1917-1964". З усяго атрымліваецца, што “кулак” Кобель — гэта Кобель Кандрат Андрэевіч, 1871 г.н., які меў аднаасобную гаспадарку на х. Плюшнікі (ёсць згадка у дакументах аб гэтым хутары), быў арыштаваны 17.02.1930, асуджаны 18.03.1930 на высылку. Другі Лешчанка, што праходзіць па справе — верагодна, Лешчанка Іпаліт Адамавіч, 1887 г.н., з в. Замосце, аднаасобнік. Арыштаваны - 28.02.1930, асуджаны — 18.03.1930, прысудзілі высылку. Ён, магчыма, прыходзіўся братам Францу Адамавічу. А ксёндз — гэта адміністратар касцёла Найсвяцейшай Троіцы і Унебаўзяцця НПМ у г. Слуцку Сабачынскі Мечыслаў-Фелікс Юзафавіч, 1886 ці 1884 г.н. Згодна кнізе Л. Маракова, "паводле некаторых звестак Сабачынскі таксама апекаваў касцёл езуітаў св. Барбары у в. Замосце". Атрыманыя мной дакументы ускосна пацвярджаюць гэта. А яшчэ ксёндз апекаваўся людзьмі.

У 1930 г. абвінавачванне будавалася на тым, што ўсе названыя асобы "былі праціўнікамі савецкай улады, выказваліся супраць усіх мерапрыемстваў, што ёй праводзіліся, прадказвалі хуткае яе падзенне". У аднаго з абвінавачаных (каго — замазана) брат жонкі жыў ў Польшчы, і гэты абвінавачаны ліставаўся з тым братам. А ўсе ўдзельнікі збіраліся "прабрацца ў Польшчу, каб увесну, калі палякі пойдуць у наступ, быць у іх шэрагах". Таксама ў пратаколе сведкі запісана, што "група асабліва злосна адносіцца да калгасаў". Арыштаваныя быццам казалі аднавяскоўцам: "Людзі павінны жыць па пісанню бібліі, а калгасаў там не прадугледжана. Не ўступайце ў калгасы, не гнявіце Бога". Пацвердзіць усё сказанае Лешчанккам Ф.А., 1908 г.н. (сведкай) мог "Ходзька Іпаліт з Замосця".

Яшчэ са справы вынікае, што сям'я Лешчанкі Франца Адамавіча ў 1930 г. складалася з яго (галавы дома), яго жонкі Юзэфы Мартынаўны (30 год), брата Лешчанкі Эдуарда Адамавіча (15 год) і дачкі Апалоніі Францаўны (5 год), якая пазней стала Палінай ці Польцяй. Сам Франц Адамавіч меў няскончаную ніжэйшую адукацыю. "У 1914 годзе скончыў тры класы Земскай 4-класнай школы. Далей вучыцца ў бацькі не было грошай" (з аўтабіяграфіі). Маці памерла ў 1920 г., бацька — у 1922. І з 1923 г. да арышта Франц Адамавіч служыў у ксяндза Сабачынскага. У пратаколе допыта па першай справе запісана, што Лешчанка Ф.А. з 1917 па 1921 гг. быў заняты ў сельскай гаспадарцы, а ўжо ў 1922 г. працаваў арганістам, прычым не толькі ў Замосці, а таксама ў касцёлах в. Старчыцы (сёння в. Акцябр Салігорскага раёна) і г. Слуцку. Узгадваецца яшчэ адна вёска, але я пакуль не здолела яе адназначна расчытаць і ідэнтыфікаваць. Заробак арганіста быццам дасягаў 2000 рублей на год, з чым Франц Адамавіч быў не згодны (утрымліваецца запіс у пратаколе допыту). Тут канешне цікава, дзе і як ён вывучыўся граць на аргане, але гэта пакуль пытанне будучых пошукаў.

Яшчэ Лешчанка Ф.А. да арышту быў пазбаўлены выбарчых правоў як "індывідуальнаабкладзены", выкарыстоўваў наёмную працу і плаціў падатак з 1928 г. Прычым у 1928 г. падатак складаў 50 рублёў, а ў 1929 — ужо 361 рубель (ксёндз папярэджваў, што з-за сумеснай з ім працы, падатак значна падвысяць). Меў ва ўласнасці дом ды хлеў, якія былі застрахаваныя на 350 рублёў. У 1929 г. прыцягваўся да крымінальнай адказнасці па артыкуле 106 КК (арт. 106 КК РСФСР у рэдакцыі 1926 г. — захаванне ў гандлёвым закладзе некляймёных вырабаў з золата, срэбра, плаціны і збыт іх), прысуджаны да 3 год умоўна.

Таксама, згодна пратаколу допыта сведкі, у групу ўваходзіла жонка Франца Адамавіча — Юзэфа Мартынаўна, "якая ўзводзіць паклёп і дзейкае па вёсцы". Я ведала, што Юзэфа Мартынаўна не адбывала пакарання, жыла ў в. Замосце і чакала мужа. Але я ўсё ж запытала і яе справу ў КДБ, паколькі яна ўзгадваецца ў справе мужа. І не дарэмна. Атрымала копіі дакументаў і па ёй. Згодна гэтым дакументам Лешчанка Юзэфа Мартынаўна, 1899 г.н., праходзіла па крымінальнай справе мужа Лешчанкі Франца Адамавіча. Яе арыштавалі ў адзін дзень з мужам 16.02.1930. А 18.03.1930 справу ў адносінах да яе спынілі пастанаўленнем "тройкі" пры .ПП АДПУ па БВА Відаць, цэлы месяц яна правяла пад арыштам. І гэта пры тым, што яна была цяжарная. У год арышта (1930) Юзэфа нарадзіла сына — Лешчанку Бернарда Францавіча.

Згодна анкеце, Юзэфа Мартынаўна была з той жа мясцовасці, з суседняй вёскі Баровішчы, цяпер Пакрашэўскі с/с, паходзіла з сялян, была непісьменнай, у час нямецкай (1-й сусветнай) і польскай акупацыі служыла кухаркай у ксяндза (відаць праз яго і пазнаёмілася з мужам), да арышту была хатняй гаспадыняй. У яе анкеце таксама ўзгадваецца мужнін заробак у 2000 рублёў на год. Але ў пратаколе допыта з пазнейшай датай асноўнай крыніцай існавання пазначаны заробак Франца, як арганіста, які складае 200 рублёў на год. Вось так прыпісалі нуль…

Увогуле, пратакол допыту Юзэфы Мартынаўны больш эмацыйны. Згодна гэтаму пратаколу яна з мужам да арышта жыла ўжо 7 год. Яна распавядала, што "Муж ездзіць па касцёлах з ксяндзом, грае на аргане, дома амаль не бывае, зямлю закінуў. Таму былі вымушаны наняць аднаго ці двух батракоў". "У мужа вялікае сяброўства з ксяндзом, муж цалкам пад яго ўплывам, што той скажа, тое муж зробіць абавязкова". "Яны ўвесь час аб нечым гавораць, абмяркоўваюць. Мечаслаў (ксёндз) забараніў расказваць мне, дзе яны бываюць" і аб чым гавораць. Таксама у пратаколе ўзгадваецца як вясной 1929 г. у в. Вынісцы сяляне сарвалі сход і збілі старшыню РВК. Ці меў да таго дачыненне Франц Адамавіч, яго жонка не ведала, але ён з ксяндзом былі на тым сходзе.

У 1928 і 1929 гг. ксёндз жыў у Лешчанкаў, пазней жыў у "вядомага багацея, кулака" (Кобеля), які падтрымліваў кантакты з іншымі кулакамі, напрыклад з былым “кулаком” з х. Аляксандрава. А яшчэ ў гэтага Кобеля знайшлі ў студзені 1930 г. закапанымі ў зямлю 40 п. жыта ды пшаніцы.

Яшчэ за аднаго апякуемага з Замосця ксёндз аплочваў налог, дапамагаў купляць дровы, сена. Калі ксёндз спыняўся ў яго (імя замазана), то часам туды прыходзілі "нейкія людзі", аб чым гаварылі — Юзэфе Мартынаўне невядома. На аснове ўсяго гэтага Лешчанка Ф.А. быў прысуджаны да 3 год ППЛ. Вярнуўся дадому ў лістападзе 1932 г. А ўжо ў жніўні 1933 г. зноў арыштаваны АДПУ. 

Францу Адамавічу нават год не далі пабыць з сям'ёй. 20 студзеня 1934 г. "тройкай" ён быў асуджаны па артыкулах 72, 76 КК БССР і атрымаў 8 год пазбаўлення волі за прыналежнасць да антысавецкай арганізацыі ПОВ, "якой у той час кіраваў ксёндз" (Сабачынскі — прозвішча згадваецца ў дакументах, дасланых расійскім МУС), "які таксама ў 1933 г. быў арыштаваны і асуджаны". Згодна інфармацыі з "Картатэкі Сталіна" ксёндз Сабачынскі Мечыслаў Язэпавіч арыштаваны 10.03.33, а асуджаны 24.02.34 на 10 год ППЛ.

Таксама па гэтай справе праходзяць "удзельнікі ПОВ" з вёсак Замосце, Пакрашэва, Вынісцы, Ленькі Грэскага раёна і асобы са Старобінскага, Глускага і Слуцкага раёнаў. Толькі ў адкрытым доступе (Картатэка Сталіна) і толькі з прозвішчам Лешчанка я знайшла яшчэ 5 асоб і аднага Шчарбіцкага, асуджаных 20.01.34 па тым жа артыкуле (72, 76):

— Лешчанка Антон Целясцінавіч, 1885 г.н., в. Замосце. 5 год ППЛ;

— Лешчанка Вікенці Апанасавіч, 1908 г.н., в. Покрашава. 3 гады ППЛ;

— Лешчанка Казімер Антонавіч, 1883 г.н., в. Замосце. 5 год ППЛ;

— Лешчанка Казімер Язэпавіч, 1883 г.н., в. Замосце. 5 год ППЛ;

— Лешчанка Міхаіл Сямёнавіч, 1891 г.н., в. Покрашава. 5 год ППЛ;

— Шчарбіцкі Павал Адамавіч, 1883 г.н., в. Покрашава. 8 год ППЛ.

Франц Адамавіч адбываў тэрмін пакарання ў Далёкаўсходнім краі ў "Бамлазе" і "Пячорлазе" (будаўніцтва Паўночна-Пячорскай чыгуначнай магістралі) з траўня 1934 г. па 6 красавіка 1946 г. І гэта пры тым, што тэрмін сканчаўся 28 жніўня 1941 г. Але з-за вайны з Германіяй быў затрыманы да 1946 г. "Лішнія" амаль 5 год пры вынясенні наступнага прысуду не ўлічваліся.

Пасля вызвалення Франц Адамавіч вярнуўся дадому да сям'і. Уладкаваўся на працу ў калгас "Чырвоны будаўнік", дзе працаваў у будаўнічай брыгадзе, стаў слесарам. А "25 траўня 1949 г. быў вызваны павесткай у Грэскае раённае аддзяленне МДБ. Пасля кароткага апытвання аб тым, дзе адбываў тэрмін, арыштаваны і адпраўлены ў Бабруйскую абласную турму" (вельмі нагадвае схему дзеянняў сённяшніх праваахоўных органаў, "добрыя" паслядоўнікі). Пасля зноў допыты, "выкананне следчым аддзелам адпаведных фармальнасцяў" і рашэнне Асобнай Камісіі (Особого Совещания) пры МДБ СССР.

Згодна Пастановы Асобнай Камісіі ад 3 верасня 1949 г. на падставе ар.ар. 64 (узброенае паўстанне), 72 а (контррэвалюцыйная прапаганда ці агітацыя) і 76 (контррэвалюцыйная арганізацыйная дзейнасць) КК БССР Лешчанка Франц Адамавіч быў высланы на пасяленне ў Краснаярскі Край.

Ужо на месцы быў размеркаваны ў Тасееўскі раён і накіраваны леспрамгасам у в. Машукоўку, дзе жыў і працаваў. У справе маецца распіска Лешчанкі Ф.А., што ён папярэджаны аб крымінальнай адказнасці за самавольны выезд з месца пасялення — в. Машукоўка. Адказнасць — 20 год катаржнай працы. Згодна анкеце ад 1949 г. Франц Адамавіч быў сярэдняга росту (165-170), сярэдняга целаскладу з апушчанымі плячыма, доўгай шыяй і авальным тварам, валасы русыя, вочы карыя, лоб высокі, бровы прамыя, нос, рот і вушы малыя, вусны тонкія, падбароддзе прамое.

09.10.1954 г. Лешчанка Франц Адамавіч згодна "Загаду Генеральнага Пракурора СССР, Міністра Унутраных спраў СССР і старшыні Камітэта Дзяржаўнай бяспекі Саюза ССР нумар 127с/0309/078 ад ліпеня 1954 г. з сылкі на пасяленне вызвалены. Але ён больш не вярнуўся дадому да сям'і. Там у Краснаярскім краі ён "прыжаніўся" і застаўся жыць з іншай жанчынай, у іншай сям' і. Верагодна, тая іншая праз столькі год растання і пасля столькіх выпрабаванняў разумела яго лепш.

Думаю, малады Франц Адамавіч, застаўшыся ў 16 без мацеры, а ў 18 без бацькі і з малым (год 7) братам на руках, лічыў, што яму вельмі пашчасціла стаць адным з тых, кім апекаваўся ксёндз Мечыслаў Сабачынскі. Упэўнена, што дзякуючы менавіта яму Франц стаў арганістам, і быў бязмежна ўдзячны ксяндзу і Богу. Але гэтае ж апякунства пазней зламала ўсё яго жыццё, пазбавіла яго волі і прынесла неймаверныя здзекі яму і яго сям'і. Думаю, і вера яго пахіснулася, бо іначай наўрад ці ён не вярнуўся б да жонкі. Ён прасіў прабачэння ў жонкі, але тая яму не даравала.

Лешчанка Юзэфа Мартынаўна з юрыдычнага пункту гледжання, канешне, не адносіцца да рэпрэсаваных. Але, гледзячы на яе лёс, думаеш інакш. Мая свякруха неяк сказала, што Юзэфа Мартынаўна была нейкая не такая, замкнёная, і часцяком нешта незадаволена бубніла сабе пад нос. Але як увогуле можна застацца "нармальнай", патрапіўшы цяжарнай пад арышт АДПУ, застаўшыся адной з двума дзецьмі, братам мужа — падлеткам, і бяз сродкаў існавання. Як можна столькі год чакаць і кожны раз зноўку губляць свайго мужа? Вось здаецца ўжо скончыўся гэты жах, а ён зноўку вяртаецца. Муж так і не вярнуўся. А сын Бернард значна пазней загінуў на працы. У яго ўжо была жонка і двое дзетак, і ён працаваў у калгасе. У той дзень Бернард быў на сушцы зерня, і яго заваліла. Сама Юзэфа у сталым веку жыла ў дачкі, па гаспадарцы і па дому ўжо асабліва дапамагаць не магла і большую частку часу праводзіла ў сваім закутку. Юзэфа Мартынаўна не даравала мужу, але захавала сваю веру. Касцёл у Замосці тады не працаваў і яна стала на ўсе святы ездзіла ў касцёл у Нясвіж.

Ёсць цікавая сямейная байка, як аднаго разу яна вырашыла пахрысціць свайго праўнука. Малы (яму было месяцы 3-4) тады быў з маці ў другога дзеда ў суседняй вёсцы. Юзэфа Мартынаўна наняла сына суседзяў, што ездзіў на чорнай “Волзе” (а па тым часе гэта было о-го-го), пад'ехала да хаты ды загадала збірацца. І ў хуткім часе малы з мамай і бабай Юзяй імчаў на чорнай “Волзе” ў Нясвіжскі касцёл. А яшчэ яна таму ж малому, калі даглядала за ім, у летку ў спёку, адзявала лыжны касцюм.

Я люблю запісваць і распавядаць вось такія сямейныя байкі ці міты, але лёс нашых не такіх ужо і далёкіх продкаў пакінуў значна больш жудасных сакрэтаў ды гісторый. Але і іх трэба распавядаць, каб яны нас, можа, чаму навучылі.

 

Аўтар: Алёна Дробыш (карэктар - Алена Анісім).

Іншыя артыкулы Алёны Дробыш:

Алёна Дробыш: як я шукала Суворава ў архівах КГБ-ФСБ

Знойдзен: Шаўковы Раман -- начальнік броневых цягнікоў атамана Сямёнава, падпалкоўнік

Беларускі дакументацыйны цэнтр

Статьи по теме

  • 08.09.2015

    Евгений Васькович: «Я провел в камере ШИЗО 360 суток»

    Евгений Васькович: Силы черпал в осознании своей правоты. Бывший политзаключённый Евгений Васькович, освобождённый 22 августа 2015 года указом... Читать далее

  • 28.09.2015

    Комитет по правам человека ООН и белорусы: разъяснения юриста (продолжение)

    Читать начало статьи Комитет по правам человека ООН. Как Республика Беларусь реагирует на его решения?  Насколько выполняет свои международные... Читать далее

Обратите внимание

Полезное видео

Публичный источник пополнения базы данных нарушения прав человека в Республике Беларусь
Заполните форму на нашем сайте. Пришлите ее нам. Собираем документы вместеПодробнее
15 лет и полное молчание

Наши партнеры