Права і правы чалавека на беларускіх землях


Доўгі час на беларускіх землях панавала звычаёвае права - сістэма няпісаных прававых нормаў, якія ўзнікаюць непасрэдна з грамадскіх адносін і абапіраюцца на традыцыйныя звычаі. Звычаёвае права фіксавала такія перажыткі родаплемяннога ладу, як роўнасць усіх свабодных супольнікаў, супольную ўласнасць на зямлю і інш. Па меры развіцця дзяржаўнай улады адбывалася прызнанне звычаёвага права дзяржавай, яго "рэдагаванне" і запіс. Замацоўваліся нормы і прынцыпы судовага працэсу, сумы штрафаў (якія прыйшлі на змену кроўнай помсты) і іншыя пакаранні. Першымі прававымі актамі пісанага права былі граматы князёў, дамовы. Адным з іх была Смаленская гандлёвая праўда 1229 года.


У перыяд феадалізму ідэі прававой роўнасці людзей не існавала. Панавала прызнанне розных ільгот і прывілей  для пануючых саслоўяў і асобных груп феадалаў, што падрывала агульны прынцып адзінства права. У рэдкіх выпадках  у дакументах змяшчаліся законы, якія абаранялі, у пэўнай ступені, правы простых людзей. У дакументах і актах разам з адзначэннем у іх прававой спецыфікі для розных станаў, выяўляліся таксама і нормы права, якія рэгламентавалі жыццё прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў і рэлігійных груп на нашых землях.


Сярод помнікаў феадальнага права Беларусі часоў Рэчы Паспалітай найбольш яркім і значным з'яўляецца Статут 1588 года.  Гэта быў кодэкс законаў, накіраваных на захаванне самастойнасці і нацыянальнай ідэнтычнасці. «Статут Вялікага Княства Літоўскага» 1588 года заставаўся галоўнай крыніцай права ў Беларусі да 1840 года. Ён падвёў заканадаўчую аснову пад новыя на той момант часу ўзаемаадносіны ў нашым познефеадальным грамадстве. Статут аказаў вялікі ўплыў на законы суседніх краін.  Ён быў прыняты ў якасці ўзору пры складанні Саборнага ўлажэння 1649 года ў Расеі. У Польшчы ў тых выпадках, калі не мелася выразна сфармуляваных нормаў мясцовага права, суды і заканадаўцы звярталіся менавіта да Статуту. У  Статуце захавалася старая беларуская мова, дзяржаўна-прававая і дзелавая лексіка.


З часу ўсталявання свайго  панавання над беларускімі землямі, расійскі царызм  праводзіў палітыку нацыянальнага, культурнага, моўнага і рэлігійнага прыгнёту беларускага народа,  імкнуўся  даказаць яго беспадстаўнасць як самастойнага этнасу.


Беларуская Народная Рэспубліка - дзяржава, абвешчаная на тэрыторыі Беларусі 25 сакавіка 1918 года. Галоўным кіруючым органам з'яўлялася Рада БНР. У БНР дзейнічала Часовая канстытуцыя, існаваў інстытут грамадзянства (друкаваліся пашпарты грамадзян БНР), дзяржаўная пячатка, сцяг і герб, фармаваліся ўласныя ўзброеныя сілы, дзейнічала сістэма адукацыі. У 1919-1920 гг. БНР дэ-юрэ прызналі Украінская Народная Рэспубліка, Літва, Латвія, Эстонія, Чэхаславакія і Фінляндыя; дэ-факта - Германія, Балгарыя, Турцыя.


Уваходжанне БССР у склад СССР з’явілася, па сутнасці, вяртаннем у імперыю. Нягледзячы на фармальны суверэнітэт, канстытуцыйнае права выхаду з СССР, Савецкая Беларусь не мела рэальных правоў у савецкай унітарнай дзяржаве імперскага тыпу. Канстытуцыi БССР  насілi дэкларацыйны і дэкаратыўны характар, а жыццё народа рэгулявалася падзаконнымі актамі, загадамі і часта сакрэтнымі дакументамі.


З моманту заснавання Рэспубліка Беларусь узяла курс на пабудову дэмакратычнай дзяржавы. Але ўсё змянілася з прыходам да ўлады А. Лукашэнкі ў 1994 годзе. На сённяшні дзень Рэспублiка Беларусь - апошняя дыктатура сучаснай Еўропы, дзе пастаянна адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадства. Адсутнічае свабода слова і сходаў, не шануюцца правы чалавека, зачыняюцца незалежныя медыя, адбываецца пераслед, знікненне і арышты грамадскіх і палітычных дзеячаў, журналістаў і праваабаронцаў, фальсіфікуюцца выбары.