Права сярэднявечных княстваў на беларускіх землях

Звычаёвае права

У перыяд ІХ - першай паловы XIII стст.  на тэрыторыі кожнага княства дзейнічала свая сістэма звычаяў, якая рэгулявала адносіны паміж людзьмі.
У старажытнасці дамінуючым было звычаёвае няпісанае права, крыніцай якога служылі звычаі, якія ўзніклі з грамадскіх адносін і былі санкцыянаваныя дзяржавай. Яно складвалася па меры фарміравання дзяржавы, якая, перш за ўсё, падтрымлівала выгадныя пануючаму класу правілы паводзінаў, што прывяло да таго, што права і справядлівасць сталі несумяшчальныя.
 Па меры феадалізацыі грамадства паўстала неабходнасць у больш выразнай рэгламентацыі ўсіх бакоў грамадскага жыцця, што можна было ажыццявіць толькі з дапамогай пісанага права, нормы якога ў некаторай ступені абмяжоўвалі самавольства феадальнай адміністрацыі.
Характэрнымі рысамі раннефеадальнага права былі фармальнае раўнапраўе  свабодных людзей і мяккасць пакаранняў. Але і ў гэты час права прадугледжвала пэўныя прывілеі феадалаў і замацоўвала поўнае бяспраўе рабоў.
Пісанае права не замяняла звычаёвае права. Яно дзейнічала нароўні з ім, дапаўняла яго ці змяняла асобныя нормы. Першымі прававымі актамі пісанага права былі граматы князёў, дамовы. Адным з іх была Дамова Віцебскай, Полацкай і Смаленскай земляў з Рыгай і Гоцкім берагам 1229 года. (1)

Смаленская гандлёвая праўда 1229 года.

Дамова падпісаная ў 1229 годзе паміж Смаленскім, Віцебскім, Полацкім княствамі і Рыгай з востравам Готландам. Гандаль Полацкага, Віцебскага і Смаленскага княстваў з Захадам у XIII—XIV стагоддзях ажыццяўляўся пераважна па Заходняй Дзвіне. Дамова замацавала прававыя нормы, якія гарантавалі развіццё гандлёвых адносін на аснове ўзаемнасці і раўнапраўя: купцы-замежнікі мелі ў краіне знаходжання аднолькавы прававы статус.

Асноўныя пункты дамовы былі: праезд па Заходняй Дзвіне, а таксама ў Рыгу, Любек, Готланд і іншыя гарады балтыйскага ўзбярэжжа смаленскім, полацкім і віцебскім купцам; нямецкім купцам свабодны праход па Заходняй Дзвіне;

―вольны аптовы і рознічны гандаль абодвум бакам;

―вызначэнне падатку;

―забараняўся прымус купцоў-замежнікаў да ўдзелу ў ваенных паходах і інш.

Для спрэчных пытанняў былі зацверджаны нормы гандлёвага крымінальнага права. Артыкулы 1,2,3 прадугледжвалі пакаранне за забойства і калецтва чалавека. За забітага вольнага чалавека спаганялі 10 грыўняў серабра, а за папа або пасла -- два плацяжы, г.зн. 20 грыўняў серабра, у той жа час за халопа (раба) толькі грыўня серабра.

Дамова 1229 года стварала трывалую прававую аснову для развіцця гандлю, садзейнічала яго пашырэнню. (2)

 

Права сярэднявечных княстваў на беларускіх землях

Вялiкае Княства Лiтоўскае

Вялiкае Княства Лiтоўскае ў часы Рэчы Паспалiтай

Беларускiя землi пад уладай Расiйскай імперыi

Беларуская Народная Рэспубліка

Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка 

Рэспубліка Беларусь

 


 * Праект для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не ўяўляе сабой поўны пералік арганізацый і фактаў па гісторыі беларускага права.

 Крыніцы:

  1. Юхо І.А. Крыніцы беларуска-літоўскага права. 1991 г.
  2. Юхо І.А. Крыніцы беларуска-літоўскага права. 1991 г.

Слайд:

1 і 2. (1 - Рагвалод, Рагнеда)
Выявы асобаў паводле ілюстрацый:
Уладзімір Бутрамееў. Вялікія і славутыя людзі зямлі Беларускай. МІНСК.
«БЕЛАРУСКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕДЫЯ» 2005;

2.Полацкі Сафійскі сабор 11 ст. Рэканструкцыя Г. Лебедзева. "Ілюстраваная храналогія гісторыя Беларусі " 1995 г.

Обратите внимание

Наши партнеры