Вялiкае Княства Лiтоўскае

Прывілей 30 студзеня 1387 года. Магдэбургскае права.

Полацак, Магілёў адрозна ад звычайных гарадоў мелі права двойчы на год праводзіць міжнародныя кірмашы, прычым прыезджыя купцы мусілі прадаваць тавар толькі оптам, ад чаго горад меў значную выгаду. (1)

Прывілей 20 лютага 1387 года.

Прывілей выдадзены вялікім князем літоўскім Ягайлам пасля падпісання ў 1385 годзе Крэўскай уніі. Крэ У 1387 годзе Ягайлам было падаравана Вільні Магдэбургскае права.  

З XIV стагоддзя Магдэбургскае права распаўсюдзілася на гарады Вялікага Княства Літоўскага. Яно давала гораду права на самакіраванне і ўласны суд, права зямельнай уласнасці і вызваленне ад большай часткі феадальных павіннасцяў. Магдэбургскае права праіснавала ў нас да канца ХVІІІ стагоддзя і было зліквідаванае пасля анексіі Беларусі Расейскай імперыяй.

Першымі ў Беларусі Магдэбургскае права ўвялі Вільня (1387 год) і Берасце (1390 год). Пазней, у ХV-ХVІ стагоддзях, яго дасталі жыхары Горадні, Слуцка, Полацка, Менска, Новагародка, Слоніма, Магілёва, Пінска ды інш.

Жыхары гарадоў, якія атрымлівалі Магдэбургскае права, вызваляліся ад феадальных павіннасцяў, ад суда і ўлады ваяводаў, старастаў і іншых дзяржаўных службовых асоб. У прыватнаўласніцкіх гарадах Магдэбургскае права не вызваляла гараджан ад залежнасці і ўлады феадалаў, аднак залежнасць не мела рыс прыгонніцтва. На аснове Магдэбургскага права ў горадзе ствараўся выбарны орган самакіравання - магістрат.

Згодна з прывілеем на Магдэбургскае права ў горадзе ствараліся органы самакіравання, незалежныя ад ваяводаў і старастаў. Гарадское кіраванне ўзначальваў войт, прызначаны вялікім князем, але многія беларускія гарады дамагаліся права выбіраць і яго. Разам з ім дзейнічала гарадская рада, што складалася з 12-20 чалавек. Дзейнасць рады ў фінансавай сферы кантралявалася выбарным органам з 12 месцічаў - мужоў паспалітых, або прысяглых. Існаваў уласны судовы орган па крымінальных справах - лава, куды ўваходзілі лаўнікі пад старшынствам войта. Штодзённымі справамі займаліся бурмістры, якія па сканчэнні паўнамоцтваў рабілі справаздачу перад радай, а пазней - на агульным сходзе месцічаў. Бурмістарскі суд, куды ўваходзілі бурмістры з радцамі, развязваў цывільныя справы. Гарадская рада і лава разам складалі магістрат.

Атрыманне горадам Магдэбургскага права вылучала яго з мясцовай феадальна-адміністрацыйнай сістэмы, падпарадкоўваючы вялікаму князю. Статус ягоных жыхароў істотна падвышаўся: яны станавіліся вольнымі, набывалі права на зямельную ўласнасць, вызваляліся амаль ад усіх феадальных павіннасцяў: нарыхтоўкі сена, выдзялення фурманак і інш., якія неслі дагэтуль разам з сялянамі воласці, ад суда і ўлады дзяржаўных службовых асобаў. Дазвалялася рабіць у горадзе ратушу, мець крамы, мануфактуры, загадваць вагамі і мерамі, будаваць млыны, лазні і г.д. Прадугледжваліся і пэўныя гандлёвыя льготы. Так, мяшчане Вільні, Полацка і некаторых іншых гарадоў з Магдэбургскім правам вызваляліся ад мыта на тэрыторыі ўсёй нашай дзяржавы. Гарады з Магдэбургскім правам - Менск, ўская унія --  пагадненне аб дынастычным саюзе паміж Польскім каралеўствам і Вялікім Княствам Літоўскім. Прывілей надаваў асаблівыя правы феадалам, якія прынялі каталіцкую веру.  Ім гарантавалася права поўнай уласнасці на родавыя маёнткі, у т.л. права вольна распараджацца імі. Дакумент быў напісаны на лацінскай мове.

Па прывілеі: феадалы-каталікі будуць мець поўную магчымасць, валодаць, карыстацца, прадаваць, мяняць, дараваць згодна са сваёй воляй і жаданнем замкі, воласці, сёлы, дамы і ўсё, чым валадалі па спадчыне ад бацькоў.

Па гэтым прывілеі ўсё каталіцкае духавенства, касцёлы, манастыры і феадальна-залежыя ад іх людзі выключаліся з дзяржаўнай юрысдыкцыі: забараняліся шлюбы з праваслаўнымі да тае пары, пакуль яны не прымуць каталіцкай веры; у выпадку ўступлення ў шлюб праваслаўнай з каталіком шлюб заставаўся ў сіле, але праваслаўны муж або жонка абавязаны былі пераходзіць у каталіцкую веру пад страхам судовых пакаранняў; маёнткі і іншыя даходы, перададзеныя каталіцкаму духавенству, вызваляліся ад усялякага роду службаў і павіннасцяў у карысць дзяржавы і гасудара. Захоп каталіцкім духавенствам дзяржаўных паўнамоцтваў у адносінах да залежных людзей паслужыў першым крокам да запрыгоньвання сялян. (2)

Гарадзельскі прывілей 1413 года.

Прывілей - заканадаўчы акт, які юрыдычна замацоўваў Гарадзельскую унію, выдадзены ад імя караля Польшчы Ягайлы і вялікага князя літоўскага Вітаўта.

З мэтай узвышэння феадалаў-каталікоў над астатнімі феадаламі і стварэння ім арэолу знатнасці па гэтым прывілеі ўстанаўліваўся парадак надзялення гербамі, атрыманымі ад польскіх феадалаў.

Усе некаталікі, у асноўным праваслаўныя, што складалі пераважную большасць насельніцва, не павінны былі дапускацца на дзяржаўныя пасады і не маглі быць членамі дзяржаўнай Рады. (3)

Прывілей Казіміра 1447 года.

Прывілей — заканадаўчы акт у Вялікім Княстве Літоўскім, выдадзены вялікім князем Казімірам IV у Вільні 2 мая 1447 года, значна пашырыў правы і прывілеі шляхты, а таксама паклаў пачатак юрыдычнаму афармленню залежнасці сялян ад феадалаў. Прывілей завяршыў працэс прававога афармлення шляхецкага саслоўя.

Прывілей гарантаваў шляхце Вялікага Княства Літоўскага эканамічныя і палітычныя правы (на зямельную ўласнасць, суда над залежным ад іх насельніцтвам), забараніў шляхціцам прымаць збеглых “чужых” сялян.

Каб не дапусціць пранікнення ў княства польскай шляхты і захаваць яго самастойнасць, зямля, дзяржаўныя пасады, ганаровыя чыны і званні ў Вялікім Княстве Літоўскім даваліся толькі выхадцам княства.

У артыкуле 3 прывілеі адзначана пашырэнне кола асоб, якім гарантуецца іх недатыкальнасць. Тут больш поўна пералічаны групы класа феадалаў і саслоўя шляхты, а таксама ўключаны гарадскія жыхары, "месцічы". Такім чынам, прывілей меў юрыдычнае значэнне не толькі для шляхты, але і для простых людзей, асабліва гараджан.

У артыкуле 4 выкладаўся адзін з найбольш важных прынцыпаў крымінальнага права аб прымяненні пакарання толькі да вінаватай асобы і ў адпаведнасці з правам. Гэтая норма затым была ўключана і ў статуты. Дзеянне артыкула 4 прывілеі 1447 года распаўсюджвалася як на шляхту так і на простых людзей без усялякага выключэння.

У артыкуле 5 змяшчалася канстытуцыйная норма аб праве феадалаў свабодна выязджаць за граніцу "для лепшого шчастья набытия, а любо учинков рытерских" акрамя непрыяцельскіх зямель.

Артыкул 6 паўтараў правы феадалаў валодаць і распараджацца маёнткамі. Новым у гэтым артыкуле быў запіс аб праве мяшчан распараджацца набытымі маёнткамі, а таксама патрабаванне, каб усе феадалы мелі дакументы на нанава набытыя маёнткі. Артыкулы 7 і 8 замацоўвалі спадчынныя правы.

У артыкуле 9 пацвярджалася права выдаваць замуж дачок, пляменніц і ўдоў без ведама гаспадара і яго намеснікаў.

Працэс узмацнення эканамічнага панавання феадалаў над сялянамі атрымаў юрыдычнае замацаванне ў артыкуле 11, па якім ні гасудар, ні яго намеснікі, ні іншыя службовыя асобы не павінны  былі прымаць на дзяржаўныя або на вялікакняжацкія землі прыватнаўласніцкіх сялян. Адначасова і феадалам забаранялася прымаць на свае землі дзяржаўных (вялікакняжацкіх) сялян. Тым самым гэтай нормай быў пакладзены пачатак юрыдычнага абмежавання права пераходу сялян, пачатак заняволення сялян. У працэсе падпарадкавання іх феадалу выключнае значэнне меў артыкул 12, па якім за апошнімі замацоўвалася права судзіць залежных сялян. Гэта пазбаўляла магчымасці сялянам шукаць абароны супраць самавольства феадалаў у дзяржаўных установах.

Прывілей забараняў ураду раздаваць дзяржаўную маёмасць і пасады іншаземцам, такім чынам быў накіраваны супраць пранікнення польскіх феадалаў у Вялікае Княства. (4)

Судзебнік 1468 года, Статут Казіміра.

Судзебнік — першы кодэкс крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага права ВКЛ, першая спроба ўсталяваць адзінства прававых норм на ўсёй тэрыторыі.

Судзебнік складзены на аснове мясцовага звычаёвага права і судова-адміністрацыйнай практыкі, мае 25 артыкулаў. Судзебнік напісаны на старабеларускай мове. Захаваўся ў 3 спісах канца 15 - пачатку 16 ст.

Судзебнік устанавіў адзіныя для ўсёй дзяржавы віды пакаранняў за злачынствы супраць феадальнай уласнасці, абмяжоўваў адказнасць жонкі і дзяцей за злачынствы мужа і бацькі. У судзебніку развіта ідэя індывідуалізацыі пакарання.

Калі не было чым плаціць судовы штраф і кампенсаваць прычыненыя злачынствам страты, маглі перадаць у рабства таму, хто пацярпеў, жонку і старэйшых за 7 гадоў дзяцей асуджанага. Гэта першае ў законе вызначэнне ўзросту, з якога дзеці маглі несці адказнасць за віну бацькоў.

У судзебніку выявіўся новы погляд на мэты пакарання. У звычаёвым праве галоўнай мэтай пакарання была кампенсацыя пацярпеламу прычыненай шкоды і спыненне злачыннай дзейнасці. Мэта пакарання, паводле судзебніка, — застрашванне, хоць не выключаліся і маёмасныя кампенсацыі. Цялесныя пакаранні і смяротная кара прадугледжваліся нават за такія злачынствы, як крадзеж на суму "выше полукопья", г.зн. больш за 30 грошаў. У старажытным праве злачынец, прыгавораны да смяротнай кары, мог ад яе адкупіцца, яго маглі таксама перадаць у няволю пацярпеламу ці яго блізкім. Паводле судзебніка забаранялася вызваляць злачынцу ад кары.

Артыкулы 5 і 6 абмяжоўвалі адказнасць жонкі і дарослых дзяцей злодзея, калі яны не ведалі аб злачынстве і не карысталіся крадзеным, бо па старажытнаму звычаёваму праву разам са злодзеем адказнасць несла ўся яго сям'я. Тым самым у судзебніку атрымала замацаванне ідэя індывідуалізацыі пакарання.

Узмацненне феадальнага прыгнёту і пазбаўленне залежных сялян (граматай 1447 года) права вольнага пераходу ад феадала было замацавана ў артыкуле 24, якім прадугледжвалася пакаранне смерцю таго, хто дапамагаў сялянам або чэлядзі ўцякаць ад сваіх паноў. (5)

Прывілей 1492 года.

Прывілей выдадзены Аляксандрам. Гэты  прывілей  М.В. Доўнар-Запольскі называў Канстытуцыяй 1492 года, «першай агульнадзяржаўнай хартыяй вольнасцей».

Прывілей 1492 года ўвёў значныя абмежаванні ўлады вялікага князя. Так, вялікі князь прыняў на сябе абавязкі, не параіўшыся з панамі-радай, не пасылаць паслоў у іншыя дзяржавы, не заключаць саюзных дагавораў з замежнымі краінамі.

Падаткі, што збіраліся ў казну, маглі расходавацца на земскія патрэбы толькі паводле рашэння паноў-рады. Вялікі князь не меў права адмяняць або змяняць законы, пастановы і судовыя рашэнні, прынятыя сумесна з радай. У выпадку ж, калі пры абмеркаванні ў радзе якіх-небудзь пастановаў паны-рада не згодзяцца з думкай вялікага князя, то ён быў абавязаны выканаць тое, што яму параяць феадалы (арт. 14). Прывілей  (арт. 9) вызваляў прыватнаўласніцкіх сялян ад дзяржаўных падаткаў і павіннасцяў.

У артыкулах 16-20 вызначаліся агульныя прынцыпы прызначэння і пазбаўлення дзяржаўных пасад. Устанаўлівалася, што ніхто не мог быць пазбаўлены пасад без віны, устаноўленай у працэсе публічнага разбірацельства.

 У прывілеі абвяшчалася неабходнасць вынясення справядлівых судовых рашэнняў, забараняліся хабары і судзейская неаб'ектыўнасць. Устанаўліваўся пэўны тэрмін разгляду спраў. Тым самым гэты канстытуцыйны акт быў накіраваны на ўдасканаленне адзіных для ўсёй дзяржавы норм судаводства (арт.2,3,11,14,18,24,28,29,33). (6)

Прывілей Жыгімонта Старога 1506 года.  

Дакумент складаецца з 7 артыкулаў. Прывілей пацвердзіў "усе правы, вольнасці і граматы", выдадзеныя цэрквам, духоўным і свецкім феадалам, "гарадам, мяшчанам, жыхарам і наогул асобам усіх саслоўяў і стану". Такім чынам былі замацаваны юрыдычныя нормы, запісаныя ў прывілеях асобным землям (княствам), валасцям і гарадам ВКЛ.

Прывілей 1506 года пацвярджаў асноўныя палажэнні прывілея 1492 года. Новым быў запіс аб праве падданых падаваць чалабітныя і скаргі на дзеянні адміністрацыі. Падкрэслівалася, што абранне вялікага князя адбылося са згоды ўсіх падданых і жыхароў дзяржавы, хоць яно праводзілася на з'ездзе (сойме) шляхты. Такім чынам, выбаршчыкі фармальна прадстаўлялі ўсё грамадства і лічылі сябе выразнікамі волі ўсяго народа, таму прывілей адрасаваны ўсяму насельніцтву ВКЛ. (7)

Статут 1529 года Вялікага Княства Літоўскага.

У выніку кадыфікацыі і сістэматызацыі права Вялікага Княства Літоўскага ў 20-х гадах 16 ст. быў складзены Статут 1529 года.  Пасля яго выдання галоўнае ў развіцці права стала належыць не прывілеям,  хоць яны і працягвалі выдавацца, а статутам і соймавым пастановам.

Статут 1529 года - першая рэдакцыя збору законаў Вялікага Княства Літоўскага, які складаў прававую аснову дзяржавы. Меў 13 раздзелаў, падзеленых на артыкулы. Не друкаваўся, спісы яго на працягу першай паловы XVI ст. дапаўняліся новымі артыкуламі.

Першыя тры раздзелы прысвечаны дзяржаўныму праву, астатнія ─ грамадзянскаму і крымінальнаму праву, парадку і працэсу. Юрыдычна замацоўваў асновы грамадскага і дзяржаўнага ладу, парадак утварэння, склад і паўнамоцтвы дзяржаўных і судовых устаноў, прывілеяванае становішча шляхты і абмежаванне правоў сялян. Спрыяў цэнтралізацыі дзяржавы, умацаванню законнасці і пэўнаму абмежаванню феадальнага самавольства. Напісаны на беларускай мове. Выданне Статута вывела нас на адно з першых месцаў у свеце па развіцці права і прававой культуры.

Ёсць падставы сцвярджаць, што ў падрыхтоўцы Статута прымалі ўдзел беларускі першадрукар і доктар права  Францыск Скарына, а таксама канцлер ВКЛ Альбрэхт Гаштольд, пад кантролем якога складаўся Статут. Асноўныя палажэнні Статута абмяркоўваліся з вялікім князем літоўскім Жыгімонтам Казіміравічам, якому належыць гонар зацвярджэння Статута.

Статут падрыхтаваны на аснове кадыфікацыі і сістэматызацыі норм мясцовага звычаёвага права, пастаноў судовых і дзяржаўных устаноў, Судзебніка 1468 года, прывілеяў.

Пры распрацоўцы Статута яго складальнікі ўпершыню вырашылі шэраг вельмі складаных тэарэтычных і практычных пытанняў, такіх, як  пытанне аб размежаванні нормаў права па асобных галінах, размяшчэнні іх у пэўнай сістэме, увялі шэраг новых палажэнняў, раней невядомых праву Вялікага Княства Літоўскага. Падобных сістэматызаваных збораў мясцовых законаў у той час не было ні ў адной з еўрапейскіх дзяржаў.

Выданне Статута 1529 года вывела ВКЛ на адно з першых месцаў у свеце па развіцці права і прававой культуры. Пад уплывам ідэй гуманізму ў статут 1529 года былі ўпершыню ўнесены нормы, якія некалькі абмяжоўвалі самавольства магнатаў, абвяшчалася правіла, адпаведна якому асобы, як убогія, так і багатыя, павінны былі судзіцца згодна з гэтым Статутам. Больш дакладным павінна было стаць судаводства, абмяжоўваліся судовыя пошліны, рэгламентаваўся ўдзел адвакатаў у судовым працэсе.

Па Статуту 1529 года ўводзяцца прынцыпы адказнасці ўсіх толькі па законе і толькі па суддзе. (8)

Прывілей 1563 года.

Прывілей абвяшчаў ураўнанне ў правах праваслаўных феадалаў з католікамі. Гэта ж было пацверджана прывілеем ад 30 снежня 1565 года.

Прывілей устанавіў, што ўся шляхта ВКЛ карыстаецца аднолькавымі правамі, у тым ліку правам на заняцце вышэйшых дзяржаўных пасад (ваяводаў, кашталянаў — членаў гаспадарскай рады), прыдворных і земскіх урадаў. Былі скасаваны дыскрымінацыйныя ў адносінах да праваслаўнай шляхты, а таксама ўсіх тых, хто раней не атрымаў польскіх гербаў, палажэнні Гарадзельскага прывілея 1413 года (яго арыкулы 3 і 9, якія цытуюцца ў прывілеі 1563 года). Адзінай умовай карыстання шляхецкімі вольнасцямі была пакінута прыналежнасць шляхціца да хрысціянскага веравызнання. Такім чынам,  правы былі распаўсюджаны і на пратэстанцкую шляхту, хоць прама пратэстанцкія веравызнанні ў прывілеі не названы.

Прыняцце прывілеі 1563 года  азначала крах палітыкі каталіцкай вярхушкі ВКЛ на недапушчэнне праваслаўных на дзяржаўныя пасады (прывілей 1551 года), хоць раней асобным прадстаўнікам праваслаўнай знаці ўдавалася заняць такія пасады. Прывілей 1563 года дэ-юрэ ўстанавіў рэлігійную талеранцыю ў шляхецкім саслоўі ВКЛ. (9)

Прывілей (Бельскі) 1564 года.

Прывілей — адзін з юрыдычных актаў, што ўдасканальвалі прававыя нормы Статута Вялікага Княства Літоўскага 1529 года. Апублікаваны ў час падрыхтоўкі Статута Вялікага Княства Літоўскага 1566 года пасля настойлівых просьбаў шляхты, якая намагалася пашырыць свае саслоўныя і палітычныя правы. Прывілей абвяшчаў аддзяленне некаторых судовых органаў ад адміністрацыі, выбарнасць саслоўных судоў, роўнасць шляхты перад судом і законам.

У складанай палітычнай сітуацыі ў час інфлянцкай вайны 1558-1582гг. на абмежаванне сваёй улады і прэрагатыў у судовых адносінах пайшлі не толькі вялікі князь, але і паны-рада і старасты (пераважна магнаты). Яны былі вымушаны адмовіцца ад сваіх судовых правоў і даходаў дзеля кансалідацыі саслоўя феадалаў. Бельскі прывілей 1564 года ўводзіў новыя прынцыпы фарміравання судовых устаноў і падсуднасці: выбарнасць земскіх суддзяў, вывядзенне земскіх павятовых судоў з-пад адміністрацыйнага падпарадкавання і адзіная падсуднасць шляхты земскім судам. (10)

Статут Вялікага Княства Літоўскага 1566 года.

Статут ─ другая рэдакцыя збору законаў Вялікага Княства Літоўскага, які складаў прававую аснову дзяржавы. Другі статут ВКЛ дзейнічаў на землях Вялікага Княства Літоўскага ў 1566—1588 гг., а на Правабярэжнай Украіне і ў XVII—XVIII стст.

Працай камісіі па падрыхтоўцы Статута кіраваў канцлер М. Радзівіл Чорны. У Статуце 1566 года  захавана з невялікімі зменамі структура Статута 1529 года. У ім 14 раздзелаў і 367 артыкулаў. Статут напісаны на старабеларускай мове, быў перакладзены на лацінскую і польскую мовы.

Статут 1566 года  замацаваў асноўныя прынцыпы права: адзінства права для грамадзян, хоць яно не было роўным для ўсіх, дзяржаўны суверэнітэт (насуперак царкоўнаму касмапалітызму), абмежаванне ўлады гаспадара (вялікага князя), прыярытэт пісанага права.

Больш поўна і ясна была паўторана норма, раней выкладзеная ў Статуце 1529 года, якая забараняла даваць маёнткі і пасады чужаземцам і  суседзям Вялікага  Княства Літоўскага.

Упершыню намячалася аддзяленне суда ад органаў улады і кіравання. Для гэтага ствараліся земскія суды і падкаморскія суды. Больш поўна рэгламентаваліся кампетэнцыі органаў дзяржаўнай улады і кіравання, якія былі заснаваны на агульных прынцыпах феадальнага права: стварэнне ільгот і перавага для класа феадалаў і саслоўя шляхты, недапушчэнне простых людзей у органы кіравання, замацаванне прававой няроўнасці розных сацыяльных груп насельніцтва. Устаноўлены ўзрост крымінальнай адказнасці з 14 год.

Складальнікі Статута надалі яго нормам аднастайную і сучасную, на той час, форму і прававую тэрміналогію (беларускую), зразумелую для большасці насельніцтва, што спрыяла ўмацаванню сярод шляхты і мяшчан павагі да закону і дзяржавы. (11)

Права сярэднявечных княстваў на беларускіх землях

Вялiкае Княства Лiтоўскае

Вялiкае Княства Лiтоўскае ў часы Рэчы Паспалiтай

Беларускiя землi пад уладай Расiйскай імперыi

Беларуская Народная Рэспубліка

Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка 

Рэспубліка Беларусь


* Праект для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не ўяўляе сабой поўны пералік арганізацый і фактаў па гісторыі беларускага права.

 Крыніцы:

1. Юхо І.А. Крыніцы беларуска-літоўскага права. 1991 г.

ru.wikipedia.org/wiki/Магдебургское_право

2. https://slovo.ws/urok/historyofbelarus/150/034.html

3. Юхо І.А. Крыніцы беларуска-літоўскага права. 1991 г.

4.Юхо І.А. Крыніцы беларуска-літоўскага права. 1991 г.

4. be.wikipedia.org/wiki/Гарадзельскі_прывілей

ru.wikipedia.org/wiki/Общеземский_привилей_Казимира

Юхо I. А. Крыніцы беларуска-літоўскага права. 1991 г.

6. Юхо І.А. Крыніцы беларуска-літоўскага права. 1991 г.

7. Юхо І.А. Крыніцы беларуска-літоўскага права. 1991 г.

http://ebooks.grsu.by/basuk/lektsyya-3.htm

8. Юхо І.А. Крыніцы беларуска-літоўскага права. 1991 г.

http://jivebelarus.net/at_this_day/Privilege-of-1506.html

9. Юхо І.А. Крыніцы беларуска-літоўскага права. 1991 г.

ru.wikipedia.org/wiki/Статут_Великого_княжества_Литовского_1529_года

10. Юхо І.А. Крыніцы беларуска-літоўскага права. 1991 г.

11. Юхо І.А. Крыніцы беларуска-літоўскага права. 1991 г.

ru.wikipedia.org/wiki/Статут_Великого_княжества_Литовского_1529_года          

Слайд:

1.Вiтаўт-выявы асобаў паводле iлюстрацый : Уладзiмiр Бутрамееў. Вялiкiя i славутыя людзi зямлi Беларускай. МІНСК. «Беларуская Энцыклапедыя» 2005.

 

 

 

Обратите внимание

Наши партнеры