Вялiкае Княства Лiтоўскае ў часы Рэчы Паспалiтай

 

Статут 1588 года. 

Трэці Статут Вялікага Княства Літоўскага, звод законаў феадальнага права, які дзейнічаў у ВКЛ з 1589 года, а пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі - у Віцебскай і Магілёўскай губернях да 1831 года, у Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях да 1840 года. Статут 1588 года падрыхтаваны на высокім тэарэтычным узроўні кваліфікаванымі прававедамі пад кіраўніцтвам канцлера ВКЛ А.Б.Валовіча і падканцлера Льва Сапегі. Статут ВКЛ 1588 года складаўся з 14 раздзелаў і 488 артыкулаў, напісаны на старабеларускай мове, які разумела большасць жыхароў краіны. Першы артыкул IV раздзела вызначаў дзяржаўны статус старабеларускай мовы.

У Статут увайшлі нормы дзяржаўнага (канстытуцыйнага) права, чаго на той час не было ў заканадаўчай практыцы іншых еўрапейскіх дзяржаў. Ён абагульніў тагачасныя дзяржаўна-прававыя ідэі, некаторыя з якіх апярэджвалі свой час. У Статуце знайшла адлюстраванне тэорыя падзелу ўлады на заканадаўчую (сойм), выканаўчую (вялікі князь, адміністрацыйны апарат) і судовую (Трыбунал ВКЛ, земскія і падкаморскія суды, выбарныя і незалежныя ад адміністрацыі); абвяшчалася неабходнасць прытрымлівацца  дзяржаўнага суверэнітэту, насуперак сярэдневяковаму царкоўнаму касмапалітызму; адзінства права для ўсёй дзяржавы і ўсіх паўнапраўных людзей (хаця само права  прызнавала розную праваздольнасць для розных сацыяльных груп насельніцтва); прыярытэт пісанага права.

Статут юрыдычна замацаваў фактычную адасобленасць ВКЛ ад Польшчы ў федэрацыйных рамках Рэчы Паспалітай, што працягвалася і пасля падпісання акта Люблінскай уніі. У Статуце акт Люблінскай уніі нават не ўпамінаецца. Статут прадугледжваў таксама, што атрымліваць маёнткі і займаць духоўныя і дзяржаўныя пасады ў княстве маглі толькі мясцовыя ўраджэнцы і ні ў якім выпадку «чужаземцы», «загранічнікі» ці «суседзі».

Ідэі Рэфармацыі і верацярпімасці былі замацаваныя ў артыкуле 3 раздзела  трэцяга Статута 1588 года, дзе было прадпісана гасудару і ўсім дзяржаўным органам забяспечыць захаванне ў спакоі ўсіх жыхароў незалежна ад рознага разумення (і карыстання) розных вучэнняў хрысціянскага веравызнання. Аднак пасля Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 года пачалося ганенне на ўсіх некаталікоў, што выклікала вострую барацьбу супраць каталіцкай агрэсіі, а ў 1623 годзе сацыяльны і рэлігійны гнёт выклікаў у Віцебску народнае паўстанне. У 1632 годзе пратэстантам было забаронена  будаваць у гарадах  новыя малітоўныя дамы і праводзіць публічныя богаслужэнні. У 1689 годзе за атэізм быў спалены на вогнішчы падсудак брэсцкага земскага суда Казімір Лышчынскі. У парушэнне Статута ў 1733 годзе соймам Рэчы Паспалітай быў прыняты закон, які не дазваляў некаталікоў выбіраць дэпутатамі на агульны сойм.

Статут 1588 года, які ўзаконіў запрыгоньванне сялян, упершыню ўвёў крымінальную адказнасць за забойства простага чалавека, абвясціў ідэю верацярпімасці, забараніў перадачу вольнага чалавека за пазыкі ці злачынства ў няволю, устанавіў крымінальную адказнасць з 16 год.

Ідэі гуманізму адлюстраваліся як у нормах дзяржаўнага, так і ў нормах крымінальнага і грамадзянскага права. Так, у пэўнай ступені  гарантаваліся маёмасныя і асабістыя правы мяшчан, абмяжоўваліся крыніцы халопства толькі палонам. Свабодны чалавек ні за якое злачынства не мог быць адданы ў вечную няволю. Абвяшчалася права ўсіх свабодных людзей бесперашкодна выязджаць за мяжу.

З мэтай атрымання прызнання абвінавачанага простага чалавека маглі катаваць. Але калі па Статуту 1566 года катаваць можна было кожнага простага чалавека, то па Статуту 1588 года катаваць можна было толькі чалавека падазронага, віна якога  хоць і не была ўстаноўлена з доказамі злачынства, але меліся другія няпоўныя ўскосныя доказы яго віны. У такім выпадку дазвалялася катаваць абвінавачанага на працягу адной гадзіны.  Злоўленага злодзея-рэцыдывіста, вядомага сваімі ўчынкамі, дазвалялася катаваць на працягу аднаго дня да трох разоў. Забаранялася ўжываць такія віды катавання, якія былі небяспечныя для жыцця, або маглі вызваць яго калецтва. Поўная забарона катавання, як сродку атрымання прызнання абвінавачанага, была зроблена толькі ў 1776 годзе, але на практыцы яно прымянялася і пазней. (1)

Уста́ва аб кірава́нні, ці Канстыту́цыя 3 ма́я 1791 года.

Канстытуцыя — асноўны закон Рэчы Паспалітай, прыняты Чатырохгадовым соймам 3 мая 1791 года ў Варшаве, які змяняў форму праўлення Рэчы Паспалітай з абмежаванай манархіі на канстытуцыйную манархію. Канстытуцыя 3 мая складалася з 11 артыкулаў.

Канстытуцыя рэгулявала правы і абавязкі ўсіх саслоўяў дзяржавы і вызначала прынцыпы арганізацыі дзяржаўнай улады. Галоўная ўвага надавалася сферы палітычных адносін — вызначэнню падзела галін улады (заканадаўчай, выканаўчай і судовай). У Канстытуцыі дэталёва прапісана і вызначана важная роля караля (вялікага князя) у грамадстве і сістэме ўлады. Уводзілася спадчыннасць трона замест ранейшай выбарнасці манарха соймам. Канстытуцыяй назаўсёды скасоўваліся такія характэрныя да таго часу для Рэчы Паспалітай правы як права ліберум вета (liberum veto) у сойме і права шляхты на канфедэрацыю.

Канстытуцыя была першым у Еўропе і другім у свеце (пасля Канстытуцыі ЗША) кадыфікаваным асноўным законам, зафіксаваным пісьмова і падзяляўшым тры галіны ўлады (на сучасны ўзор).

Канстытуцыя 3 мая 1791 года была прынятая Чатырохгадовым соймам, саслоўна-прадстаўнічым органам Рэчы Паспалітай. Праца па складанні канстытуцыйнага акта пачалася 6 кастрычніка 1788 года і працягвалася 32 месяцы.

Прыняццю Канстытуцыі папярэднічаў перыяд агітацыі і частковага ўкаранення рэформаў, які пачаўся з дзейнасці канвакацыйнага сойма 1764 года і выбараў Станіслава Аўгуста Панятоўскага манархам Рэчы Паспалітай.

У 1764-1766 гг. Станіслаў Панятоўскі пачаў рэформы, накіраваныя на ўмацаванне цэнтральнай улады ў Рэчы Паспалітай. У эканамічнай сферы праводзіліся рэформы Тызенгаўза, дзякуючы якім на паўночным захадзе Беларусі з’явілася даволі значная колькасць мануфактур, прыбытак з якіх накіроўваўся ў дзяржаўны скарб. У 1773-1775 гг. была арганізавана “Адукацыйная камісія”, дзейнасць якой стала пачаткам рэформы ў галіне асветы. Ажыццяўляліся некаторыя змены ў палітычнай сістэме. Так, сойм 1764 года ўвёў абмежаванне на выкарыстанне права ліберум вета ў вырашэнні гаспадарчых спраў: эканамічныя пытанні сталі вырашацца простай большасцю галасоў. Гэта былі першыя памкненні рэфарматараў, якія сведчаць аб тым, што Рэч Паспалітая магла пазбегнуць падзелаў яе суседнімі дзяржавамі. У 1775 годзе былі выдадзеныя законы, якія дазвалялі мяшчанам набываць феадальныя маёнткі, а шляхце займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю і гандлем без страты сваіх шляхецкіх правоў.

Законам 1776 года ўсім мяшчанам гарантавалася недатыкальнасць іх уласнасці, забяспечвалася "свабода купецтва, гандлю і рамяства, куплі і продажу дамоў, участкаў і ўсякай маёмасці, права свабоднага пераезду і пакідання свайго месца жыхарства" .

У 1776 годзе  адбылася поўная забарона катавання, як сродку атрымання прызнання абвінавачанага, але на практыцы яно прымянялася і пазней.

Канстытуцыя павінна была ўрэгуляваць палітычны крызіс, выкліканы злоўжываннем шляхецкімі прывілеямі і падтрыманы некаторымі магнатамі, і замяніць іх дэмакратычнымі прынцыпамі канстытуцыйнай манархіі. Акт зраўнаваў у некаторых палітычных правах дваран і гараджан, а таксама абвясціў апеку дзяржавы над сялянамі, змякчыўшы тым самым гнёт прыгону. Канстытуцыя наклала забарону на дзеянне некаторых парламенцкіх інстытутаў, якія падрывалі працу заканадаўцаў. Так было скасавана права liberum veto, якое дазваляла любому дэпутату завяршыць абмеркаванне пытання ў сойме і працу сойма наогул, выказаўшы нязгоду.

Суседзі Рэчы Паспалітай успрынялі прыняцце Канстытуцыі з варожасцю.

 

Права сярэднявечных княстваў на беларускіх землях

Вялiкае Княства Лiтоўскае

Вялiкае Княства Лiтоўскае ў часы Рэчы Паспалiтай

Беларускiя землi пад уладай Расiйскай імперыi

Беларуская Народная Рэспубліка

Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка 

Рэспубліка Беларусь


* Праект для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не ўяўляе сабой поўны пералік арганізацый і фактаў па гісторыі беларускага права.

Крыніцы:

1. Юхо І.А. Крыніцы беларуска-літоўскага права. 1991 г.

be.wikipedia.org/wiki/Статуты_Вялікага_Княства_Літоўскага

2. Юхо І.А. Крыніцы беларуска-літоўскага права. 1991 г.

be.wikipedia.org/wiki/Канстытуцыя_3_мая_1791_года

be-tarask.wikipedia.org/wiki/Канстытуцыя

http://www.studfiles.ru/preview/3053877/page:7/

Слайд:

1. Леў Сапега -- аўтар невядомы.

Обратите внимание

Наши партнеры