Беларуская Народная Рэспубліка

5 снежня 1917 года. Першы Усебеларускі кангрэс.

Кангрэс праводзіўся з 5 снежня 1917 года ў Менску Вялікай беларускай радай. Паседжанні адбываліся з 5 па 17 снежня 1917 года з матэрыяльнай падтрымкай Народнага камісарыяту РСФСР. З'езд сабраў шматлікіх беларускіх палітычных дзеячоў, якія прадстаўлялі наступныя губерні: Менскую, Магілёўскую, Віцебскую, Смаленскую, Гарадзенскую. Таксама на з’езд прыбылі прадстаўнікі беларускамоўных паветаў Ковенскай і Віленскай губерняў. Старшынёю з’езда быў абраны кіраўнік Беларускай вайсковай рады Янка Серада.

Кангрэс абвясціў права беларускага народа на незалежнасць і самавызначэнне, а таксама прыняцце дэмакратычнай формы ўраду. Кангрэс выбраў Раду Кангрэса, у склад якой увайшоў 71 прадстаўнік розных палітычных партыяў.

У ночы з 17 снежня на 18 снежня 1917 года будынак, у якім праходзіў кангрэс быў атачоны бальшавіцкімі атрадамі. У залу паседжання ўвайшлі народны камісар унутраных справаў Рэзанскі разам з кіраўніком горада Міхаілам Крывашэіным і паведамілі пра роспуск з’езда і арышт прэзідыума. У залу ўварваліся ўзброеныя салдаты Першага менскага пяхотнага палка на чале з прапаршчыкам Рамнёвым. Прэзідыум быў арыштаваны і накіраваны ў Савет народных камісараў, дэлегаты з’езда  разагнаныя. Рада з’езда перайшла на нелегальнае становішча. (1)

20 лютага 1918 года. Першая Устаўная грамата выканаўчага камітэта Усебеларускага з’езда.

Першая Устаўная грамата была прынята 20 лютага,  21 лютага - апублікаваная. 21 лютага 1918 года Выканкам Усебеларускага з'езда звярнуўся да народа Беларусі з Устаўной граматай, у якой абвясціў сябе часовай уладай на тэрыторыі Беларусі. Да адкрыцця Усебеларускага ўстаноўчага сходу функцыі новай улады былі ўскладзеныя на сфармаваны Выканкамам Народны Сакратарыят, кіраўніком якога стаў адзін з лідараў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) Язэп Варонка. Грамата заклікала «народы Беларусі ўзяць свой лёс ва ўласныя рукі» і ажыццявіць «поўнае самавызначэнне». Аўтары тэксту нічога не сказалі пра аўтаномію Беларусі ў складзе Расіі, але і абвясціць яе незалежнай дзяржавай не адважыліся. Грамата абвясціла, што да склікання Усебеларускага Устаноўчага з'езда Выканкам Рады абвяшчае сябе вышэйшай уладай у беларускіх губернях. (2)

9 сакавіка 1918 года. Другая Устаўная грамата Выканаўчага камітэта Усебеларускага з’езда .

9 сакавіка 1918 года прынятая Другая Устаўная грамата да народаў Беларусі, у якой абвяшчалася, што “Беларусь у рубяжох разсялення i лiчбеннай перавагi беларусскага народа” аб'яўляецца Беларускай Народнай Рэспублікай. Выканкам быў перайменаваны ў Раду БНР, Прэзідыум якой узначаліў прадстаўнік БСГ Янка Серада, сакратаром Прэзідыума быў прызначаны Сямён Крывец. Рада БНР абвяшчалася заканадаўчым органам да склікання Устаноўчага сходу. Элементам канстытуцыі ў Другой Устаўной грамаце БНР можна прызнаць пункт 5, дзе абвяшчалася, што ў рубяжах Беларускай Народнай Рэспублікі ўсе народы маюць права на нацыянальна-персанальную аўтаномію, абвяшчалася роўнае права ўсіх моваў народаў Беларусі. Таксама канстытуцыйны характар меў пункт 7, дзе ліквідавалася права прыватнай уласнасці на зямлю. Зямля перадавалася без выкупу тым, хто на ёй працуе. Лясы, азёры і нетры аб'яўляліся ўласнасцю БНР. (3)

25 сакавіка 1918 года. Трэцяя Устаўная грамата.

25 сакавіка 1918 года на сесіі Рады БНР у будынку Сялянскага пазямельнага банка на вуліцы Серпухаўскай (цяпер - Валадарскага, 9) была прынятая Трэцяя Устаўная грамата, па якой БНР абвяшчалася незалежнай і вольнай дзяржавай у межах той тэрыторыі, дзе пражывае большасць беларускага насельніцтва. (4)

 

Права сярэднявечных княстваў на беларускіх землях

Вялiкае Княства Лiтоўскае

Вялiкае Княства Лiтоўскае ў часы Рэчы Паспалiтай

Беларускiя землi пад уладай Расiйскай імперыi

Беларуская Народная Рэспубліка

Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка 

Рэспубліка Беларусь


* Праект для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не ўяўляе сабой поўны пералік арганізацый і фактаў па гісторыі беларускага права.

Крыніцы:

1. be.wikipedia.org/wiki/Першы_Усебеларускі_з%27езд

2. http://www.npa.by/provozglashenie-belorusskoy-narodnoy-respubliki-1918-god.html

3. http://naviny.by/rubrics/society/2009/03/09/ic_articles_116_161575

4. http://www.expressnews.by/3151.html

Слайд:

1. Браты Луцкевічы і Ўласаў -- аўтар фота невядомы.

Обратите внимание

Наши партнеры