Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка

Канстытуцыя ССРБ 1919 года.

Першая Канстытуцыя Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі (ССРБ) была прынятая на I Усебеларускім з'ездзе Саветаў 3 лютага 1919 года. Канстытуцыя юрыдычна замацавала стварэнне БССР, савецкую форму ўлады і асноўныя прынцыпы сацыялістычнага ладу. Першую яе частку складала Ленінская дэкларацыя правоў рабочага і эксплуатуемага народа. У трох раздзелах другой часткі  гаварылася аб неабходнасці ўстанаўлення дыктатуры гарадскога і сельскага пралетарыяту, аб правах, свабодах і абавязках грамадзян Рэспублікі. Таксама ў ёй гаварылася аб сістэме вышэйшых органаў дзяржаўнай улады і кіравання, сцягу і гербе. Вышэйшым органам улады прызнаваўся Усебеларускі з'езд Саветаў. У перапынку паміж з'ездамі ўлада пераходзіла ў рукі да ЦВК БССР. У Канстытуцыі БССР, у адрозненне ад Канстытуцыі РСФСР, не гаварылася пра органы мясцовага кіравання і пра выбарчае права. (1)

Грамадзянскі кодэкс 1923 года. Грамадзянскае права было накіравана, перш за ўсё, на развіццё і ўмацаванне дзяржаўнай формы ўласнасці. З мэтай умацавання сацыялістычнай сістэмы гаспадарання і формаў сацыялістычнай уласнасці нарматыўныя прававыя акты БССР на падставе агульнасаюзнага заканадаўства дапаўнялі і развівалі асноўныя палажэнні грамадзянскага заканадаўства, якія знайшлі адлюстраванне ў Грамадзянскім кодэксе 1923 года (ГК).

Дзяржаўная ўласнасць атрымала абсалютную пазоўную  абарону. Акрамя дзяржаўнай і кааператыўна-калгаснай (уласнасці асобных калгасаў альбо кааператыўных аб'яднанняў) формаў уласнасці, грамадзянскае заканадаўства рэгламентавала асабістую ўласнасць грамадзян толькі на працоўныя прыбыткi, жылы дом, прадметы асабістага спажывання. (2)

Канстытуцыя 1927 года.

Канстытуцыя БССР 1927 года ў першай главе «Агульныя палажэнні» замацоўвае дэмакратычныя правы і свабоды, усталёўвае абавязкі грамадзян БССР. З 23 артыкулаў гэтай главы -  17 прысвечана правам, свабодам і абавязкам. Так, не толькі абвяшчаецца, але і гарантуецца права на стварэнне арганізацый, права на правядзенне мітынгаў, шэсцяў, свабода выказвання меркаванняў, свабода сумлення, роўнасць правоў грамадзян незалежна ад расавай і нацыянальнай прыналежнасці, права свабоднага карыстання роднай мовай і іншыя правы і свабоды. І толькі два абавязкі ўскладаюцца на грамадзян БССР - абавязак працаваць (арт. 7) і ўсеагульны вайсковы абавязак (арт. 13). Па Канстытуцыі БССР 1927 года  выбарчае права не толькі не было ўсеагульным, але яно было і няроўным, і непрамым (арт.арт. 26,57). (3)

1928 год.  Першы Крымінальны кодэкс БССР. Першы Крымінальны кодэкс БССР быў прыняты ў 1928 годзе і дзейнічаў да 1960 года. За гэты час у яго былі ўнесены значныя змены, абумоўленыя гістарычным развіццём краіны.

7 жніўня 1932 года ЦВК і СНК СССР быў прыняты закон “Аб ахове маёмасці дзяржаўных прадпрыемстваў, калгасаў і кааперацыі і ўмацаванні грамадскай (сацыялістычнай) уласнасці”. Гэты закон увайшоў у гісторыю як “закон аб каласках”, так як прадугледжваў смяротнае пакаранне за нязначныя крадзяжы дзяржаўнай маёмасці.

21 лістапада 1929 года была ўстаноўлена крымінальная адказнасць за адмову грамадзяніна СССР вярнуцца ў краіну. Гэта кваліфікавалася як здрада, і цягнула абвяшчэнне   вінаватага змешчаным па-за законам і расстрэл праз 24 гадзіны пасля ўстанаўлення яго асобы. Менавіта па гэтых абвінавачваннях у здрадзе і тэрарызме, а таксама па абвінавачваннях у шпіянажы, у шкодніцтве, дыверсіях, антысавецкай агітацыі і прапагандзе, была асуджаная асноўная маса рэпрэсаваных грамадзян, зусім не датычных да згаданых злачынстваў.

Па пастанове ЦВК СССР ад 1 чэрвеня 1934 года падлягалі пакаранню члены сям'і вайскоўца, які здзейсніў уцёкі або пералёт за мяжу. У практыцы разгляду крымінальных спраў у масавым парадку дапушчалася асуджэнне “за настрой”, “вядзенне дзённіка контррэвалюцыйнага зместу”, за анекдоты, успаміны пра дарэвалюцыйнае жыццё, якія расцэньваліся як дзяржаўныя злачынствы (антысавецкая агітацыя і прапаганда).

У шырокіх маштабах ужывалася смяротнае пакаранне. Больш за тое, да яго грамадзяне асуджаліся ў пазасудовым парадку, завочна, часцяком па спісах. Цэнтральныя органы НКУС даводзілі да мясцовых органаў планы на расстрэл “ворагаў народа”. Усё больш шырока выкарыстоўвалася пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, у тым ліку і за нязначныя дзеі.

Галоўным і вырашальным доказам віны стаў факт прызнання абвінавачаным сваёй віны. У 1937 годзе з мэтай аблягчэння і паскарэння атрымання асабістага прызнання віны з боку абвінавачанага, следчыя органы афіцыйна атрымалі права на ўжыванне да арыштаваных фізічных мер уздзеяння. (4)

Канстытуцыя 1937 года. У Канстытуцыі БССР былі адлюстраваны факт перамогі сацыялізму, панаванне сацыялістычнай сістэмы гаспадарання і двух формаў сацыялістычнай уласнасці - дзяржаўнай уласнасці альбо кааператыўна-калгаснай уласнасц; перарастанне дыктатуры пралетарыяту ў агульнанародную дзяржаву; адменены абмежаванні выбарчых правоў “непрацоўных элементаў”, замацавана роўнасць грамадзян, пашырана кола правоў і свабод грамадзян. Аднак абвешчаныя Канстытуцыяй гарантыі правоў не былі рэалізаваны пасля на практыцы.

Абвяшчалася, што праца ў БССР з'яўляецца абавязкам і справай гонару кожнага здольнага да працы грамадзяніна па прынцыпе: "хто не працуе, той не есць”.

Істотным чынам была змененая выбарчая сістэма. Абвяшчалася, што выбары дэпутатаў ва ўсе Саветы дэпутатаў працоўных (Вярхоўны Савет БССР, акруговыя, раённыя Саветы дэпутатаў і г.д.) ажыццяўляюцца на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні.

У Канстытуцыі былі дакладна прапісаны правы грамадзян: на працу і адпачынак, матэрыяльнае забеспячэнне, бясплатную адукацыю, раўнапраўе палоў, нацыянальнасцяў і рас, абавязкі грамадзян. У адпаведнасці з інтарэсамі працоўных і ў мэтах умацавання сацыялістычнага ладу грамадзянам БССР гарантаваліся законам свабода слова, свабода друку, свабода сходаў і мітынгаў, свабода вулічных шэсцяў і дэманстрацый.

У Канстытуцыі 1937 года была зроблена спроба адыходу ад прынцыпу ”ўся ўлада Саветам" і намечаны пераход да падзелу ўлады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую.

Упершыню з'явіліся раздзелы пра суд і пракуратуру, хоць утвараліся яны ў адпаведнасці з саюзным заканадаўствам. Гэтая канстытуцыя насіла дэкларацыйны і дэкаратыўны характар, а жыццё народа рэгулявалася падзаконнымі актамі, загадамі і часта сакрэтнымі дакументамі. (5)

1953 год. Указ Л.П. Берыі “Аб амністыі”. Шырокай рэабілітацыі палітычных зняволеных дадзены Указ не прадугледжваў, больш за тое, быў арыентаваны толькі на амністыю крымінальнікаў, тым не менш, менавіта Берыя накіраваў на імя Старшыні Савета Міністраў СССР Г.М. Маленкова і Першага сакратара ЦК КПСС Н.С. Хрушчова дакумент аб амністыі ўсіх асуджаных пазасудовымі органамі, перш за ўсё “тройкамі” НКВД і Асобай нарадай ОГПУ-НКВД-МГБ-МУС. Пасля гэтага, Берыем у 1953 годзе былі створаны групы для праверкі і перагляду найбольш гучных фальсіфікаваных спраў: "справы ўрачоў", "сіянісцкай змовы", "мінгрэльскай справы" і "справы МГБ".

З траўня 1954 года пачынаецца перыяд масавага перагляду спраў. Набіраў абароты і працэс індывідуальнага перагляду спраў, адмены прысудаў і рэабілітацыі на аснове асабістых заяў у судовым парадку (або заяў сваякоў па справах расстраляных). Пасля ХХ з'езда КПСС адбылося змяненне зместу працэсу рэабілітацыі. Створаныя “выязныя” камісіі Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР 1956 года, не звязаныя, як іх папярэднікі, жорсткімі ідэалагічнымі ўстаноўкамі, увялі ў сваю практыку паняцце мэтазгоднасці ўтрымання таго ці іншага зняволенага пад вартай, што спрыяла значнаму паскарэнню працэсу перагляду спраў. Асноўная праца па рэабілітацыі нявінна асуджаных у 30-я гады грамадзян, была праведзена Вярхоўным Судом у 1955-1961 гг. Было разгледжана звыш за 50 000 спраў у дачыненні да 110 000 чалавек. Аднак толькі нешматлікія з ахвяраў рэпрэсій атрымалі галосную, публічную рэабілітацыю.

Другі перыяд працэсу рэабілітацыі пачаўся ў 1987 годзе, пасля стварэння Камісіі Палітбюро ЦК КПСС па дадатковым вывучэнні матэрыялаў, звязаных з рэпрэсіямі, якія мелі месца ў перыяд 30 - 40-х і пачатку 50-х гадоў. Па сутнасці, менавіта на гэтым этапе пачынаецца сапраўдная (заканадаўчая) рэабілітацыя ахвяр палітычных рэпрэсій, і сам працэс рэабілітацыі набывае прававы сэнс. (6)

27 красавіка 1945 года. Стварэнне ААН. 27 красавіка 1945 года Міжнародная канферэнцыя ў Сан-Францыска, скліканая для стварэння Арганiзацыi Аб'яднаных Нацый, прыняла рашэнне аб уключэнні БССР у лік краін - заснавальніц гэтай арганізацыі. Дэлегацыя БССР была запрошаная на ўстаноўчую канферэнцыю ААН.

Удзел БССР у працы ААН паклаў пачатак новаму этапу знешнепалітычнай дзейнасці рэспублікі, якая працякала ў адпаведнасці з нормамі міжнароднага права і ажыццяўлялася ў розных міжнародных формах. Рэспубліка мела свае прадстаўніцтвы, вяла значную дыпламатычную перапіску, удзельнічала ў рабоце розных міжнародных канферэнцый. (7)

10 снежня 1948 года. Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека. Прынята рэзалюцыяй 217 А (III) Генеральнай Асамблеі ААН ад 10 снежня 1948 года.

Артыкул 1

Усе людзі нараджаюцца свабоднымі і роўнымі ў сваёй годнасці і правах. Яны надзелены розумам i сумленнем i павiнны ставiцца адзiн да аднаго ў духу брацтва.

Артыкул 2

Кожны чалавек павінен валодаць усімі правамі і ўсімі свабодамі, што абвешчаны гэтай Дэкларацыяй, без якога б там ні было адрознення, як напрыклад у адносiнах расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі, палітычных ці іншых перакананняў, нацыянальнага або сацыяльнага паходжання, маёмаснага, саслоўнага ці іншага становішча.

Акрамя таго, не павiнна рабiцца нiякага адрознення на аснове палiтычнага, прававога або мiжнароднага статуса краiны або тэрыторыi, да якой чалавек належыць, незалежна ад таго, ці з'яўляецца гэта тэрыторыя незалежнай, несамастойнай, або як-небудзь iнакш абмежаванай у сваiм суверэнiтэце.

Артыкул 3

Кожны чалавек мае права на жыццё, на свабоду і на асабістую недатыкальнасць.

Артыкул 4

Ніхто не павінен утрымлівацца ў рабстве або ў паднявольным стане; рабства і гандаль рабамі забараняюцца ва ўсіх іх відах.

Артыкул 5

Ніхто не павінен падвяргацца катаванням або жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажальнаму  абыходжанню i пакаранню.

Артыкул 6

Кожны чалавек, дзе б ён ні знаходзіўся, мае права на прызнанне яго права суб'ектнасці.

Артыкул 7

Усе людзі роўныя перад законам і маюць права, без усякага адрознення, на роўную абарону закону. Усе людзі маюць права на роўную ахову ад якой бы там ні было дыскрымінацыі, што парушае гэту Дэкларацыю, i ад якога б там нi было падбухторвання да такой дыскрымінацыі.

Артыкул 8

Кожны чалавек мае права на эфектыўнае аднаўленне ў правах кампетэнтнымi нацыянальнымi судамi ў выпадках парушэння яго асноўных правоў, якiя дадзены яму канстытуцыяй або законам.

Артыкул 9

Ніхто не можа быць прыцягнуты да  адвольнага арышту, затрымання або выгнання.

Артыкул 10

Кожны чалавек, для вызначэння яго правоў i абавязкаў i для ўстанаўлення абгрунтаванасцi прад'яўленага яму крымiнальнага абвiнавачання, мае права, на аснове поўнай роўнасці, на тое, каб яго справа была разгледжана публiчна i з захаваннем усiх патрабаванняў справядлiвасцi незалежным i непрадузятым судом.

Артыкул 11

  1. Кожны чалавек, які абвінавачваецца ў злачынстве, мае права лічыцца невінаватым да таго часу, пакуль яго вiнаватасць не будзе ўстаноўлена законным парадкам шляхам публiчнага судовага разбору, пры якiм яму забяспечваюцца ўсе магчымасцi для абароны.
  2. Ніхто не можа быць асуджаны за злачынства на падставе ўчынення якога-небудзь дзеяння або за бяздзеянне, якiя ў час iх учынення не з'яўлялiся злачынствам па нацыянальных законах або па міжнароднаму праву. Не можа таксама накладацца пакаранне больш цяжкае, чым тое, якое магло быць ужыта ў той час, калi злачынства было зроблена.

Артыкул 12

Ніхто не можа ўчыняць самавольнае ўмяшанне ў яго асабiстае i сямейнае жыццё, самавольны замах на недатыкальнасць яго жылля, тайну яго карэспандэнцыі або на яго гонар і рэпутацыю. Кожны чалавек мае права на абарону закону ад такога ўмяшання або такіх замахаў.

Артыкул 13

  1. Кожны чалавек мае права свабодна перамяшчацца i выбiраць сабе месцапражыванне ў межах кожнай дзяржавы.
  2. Кожны чалавек мае права пакідаць любую краіну, уключаючы сваю ўласную, i вяртацца ў сваю краіну.

Артыкул 14

  1. Кожны чалавек мае права шукаць прыстанiшча ад праследавання ў iншых краiнах i карыстацца гэтым прыстанiшчам.
  2. Гэта права не можа быць выкарыстана ў выпадку праследавання, сапраўды заснаванага на ўчыненнi непалiтычнага злачынства, або дзеяння, што супярэчыць мэтам i прынцыпам Арганiзацыi Аб'яднаных Нацый.

Артыкул 15

  1. Кожны чалавек мае права на грамадзянства.
  2. Ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены свайго грамадзянства або права змянiць сваё грамадзянства.

Артыкул 16

  1. Мужчыны і жанчыны, якія дасягнулі паўналецця, маюць права без усякiх абмежаванняў, незалежна ад расы, нацыянальнасцi або рэлiгii, браць шлюб i засноўваць сям'ю. Яны карыстаюцца аднолькавымі правамі ў дачыненні да ўступлення ў шлюб, у час знаходжання ў шлюбе i ў час яго скасавання.
  2. Шлюб можа быць заключаны толькi пры свабоднай i поўнай згодзе абодвух бакоў, што бяруць шлюб.
  3. Сям'я з'яўляецца натуральнай i асноўнай ячэйкай грамадства i мае права на абарону з боку грамадства i дзяржавы.

Артыкул 17

  1. Кожны чалавек мае права валодаць маёмасцю як аднаасобна, так і сумесна з іншымі.
  2. Ніхто не павінен быць самавольна пазбаўлены сваёй маёмасці.

Артыкул 18

Кожны чалавек мае права на свабоду думкі, сумлення і рэлігіі; гэта права ўключае свабоду мяняць сваю рэлiгiю або перакананнi i свабоду спавядаць сваю рэлігію або перакананні як аднаасобна, так i разам з iншымi, публiчным або прыватным парадкам у вучэнні, богаслужэнні і выкананні рэлігійных і рытуальных абрадаў.

Артыкул 19

Кожны чалавек мае права на свабоду перакананняў і на свабоднае выяўленне  iх; гэта права ўключае свабоду бесперашкодна прытрымлівацца сваіх перакананняў і свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі любымі сродкамі і незалежна ад дзяржаўных межаў.

Артыкул 20

  1. Кожны чалавек мае права на свабоду мірных сходаў і асацыяцый.
  2. Ніхто не павінен быць прымушаным уступаць у якую-небудзь асацыяцыю.

Артыкул 21

  1. Кожны чалавек мае права прымаць удзел у кіраванні сваёй краінай непасрэдна або пры дапамозе свабодна абраных прадстаўнікоў.
  2. Кожны чалавек мае права роўнага доступу да дзяржаўнай службы ў сваёй краіне.
  3. Воля народа павінна быць асновай улады ўрада; гэта воля павiнна знаходзiць сабе выяўленне ў перыядычных і нефальсіфікаваных выбарах, якія павінны праводзіцца пры ўсеагульным i роўным выбарчым праве, шляхам тайнага галасавання або пры дапамозе iншых раўназначных форм, што забяспечваюць свабоду галасавання.

Артыкул 22

Кожны чалавек, як член грамадства, мае права на сацыяльнае забеспячэнне i на ажыццяўленне неабходных для падтрымання яго годнасцi i для свабоднага развiцця яго асобы правоў у эканамiчнай, сацыяльнай i культурнай галiнах пры дапамозе нацыянальных намаганняў i мiжнароднага супрацоўнiцтва i ў адпаведнасцi са структурай i рэсурсамi кожнай дзяржавы.

Артыкул 23

  1. Кожны чалавек мае права на працу, на свабодны выбар работы, на справядлiвыя i добрыя ўмовы працы i на ахову ад беспрацоўя.
  2. Кожны чалавек, без якой-небудзь дыскрымінацыі, мае права на роўную аплату за роўную працу.
  3. Кожны хто працуе, мае права на справядлiвую i здавальняючую ўзнагароду, якая забяспечвае вартае чалавека iснаванне для яго самога i яго сям'i, i дапаўняецца, пры неабходнасцi, iншымi сродкамi сацыяльнага забеспячэння.
  4. Кожны чалавек мае права ствараць прафесiянальныя саюзы i ўступаць у прафесійныя саюзы для абароны сваіх інтарэсаў.

Артыкул 24

Кожны чалавек мае права на адпачынак i вольны час, уключаючы права на разумнае абмежаванне рабочага дня і на аплачваемы перыядычны водпуск.

Артыкул 25

  1. Кожны чалавек мае права на такi жыццёвы ўзровень, уключаючы харч, адзенне, жыллё, медыцынскi догляд i неабходнае сацыяльнае абслугоўванне, якi неабходны для падтрымання здароўя i дабрабыту яго самога i яго сям'i, i права на забеспячэнне на выпадак беспрацоўя, хваробы, інваліднасці, удоўства, надыходу старасцi або iншага выпадку страты сродкаў да iснавання па незалежных ад яго акалiчнасцях.
  2. Мацярынства i дзяцiнства даюць права на асаблівую апеку і дапамогу. Усе дзеці, якія нарадзіліся ў шлюбе або па-за шлюбам, павiнны карыстацца аднолькавай сацыяльнай абаронай.

Артыкул 26

  1. Кожны чалавек мае права на адукацыю. Адукацыя павінна быць бясплатнай па меншай меры ў тым, што датычыць пачатковай і агульнай адукацыі. Пачатковая адукацыя павінна быць абавязковай. Тэхнічная і прафесійная адукацыя павінна быць агульнадаступнай i вышэйшая адукацыя павiнна быць аднолькава даступнай для ўсiх на падставе здольнасцей кожнага.
  2. Адукацыя павiнна быць накiравана на поўнае развiццё чалавечай асобы i на павелiчэння павагi да правоў чалавека i асноўных свабод. Адукацыя павiнна садзейнiчаць узаемаразуменню, цярпiмасцi i дружбе памiж усiмi народамi, расавымi або рэлiгiйнымi групамi, і павінна садзейнічаць дзейнасці Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па падтрыманні мiру.
  3. Бацькi маюць права прыярытэту ў выбары вiду адукацыi для сваiх малалетнiх дзяцей.

Артыкул 27

  1. Кожны чалавек мае права свабодна ўдзельнiчаць у культурным жыццi грамадства, цешыцца мастацтвам, удзельнiчаць у навуковым прагрэсе i карыстацца яго дабротамi.
  2. Кожны чалавек мае права на ахову яго маральных і матэрыяльных інтарэсаў, што з'яўляюцца вынікам навуковых, літаратурных або мастацкіх прац, аўтарам якіх ён ёсць.

Артыкул 28

Кожны чалавек мае права на сацыяльны i мiжнародны парадак, у якiм правы i свабоды, што выкладзены ў гэтай Дэкларацыi, могуць быць цалкам ажыццёўленыя.

Артыкул 29

  1. Кожны чалавек мае абавязкі перад грамадствам, у якiм толькi i магчыма свабоднае i поўнае развiццё яго асобы.
  2. Пры ажыццяўленнi сваiх правоў i свабод кожны чалавек павiнен спазнаць толькi такiя абмежаваннi, якiя ўстаноўлены законам выключна з мэтай забеспячэння належнага прызнання і павагі правоў і свабод іншых і задавальнення справядлівых патрабаванняў маралі, грамадскага парадку i агульнага дабрабыту ў дэмакратычным грамадстве.
  3. Ажыццяўленне гэтых правоў i свабод нi ў якiм разе не павiнна супярэчыць мэтам i прынцыпам Арганiзацыi Аб'яднаных Нацый.

Артыкул 30

Нiшто ў гэтай Дэкларацыi не можа быць вытлумачана, як прадастаўленне якой-небудзь дзяржаве, групе асоб або асобным людзям права займацца якой-небудзь дзейнасцю або ўчыняць дзеяннi, накiраваныя да знiшчэння правоў i свабод, што выкладзены ў гэтай Дэкларацыi. (8)

1954 год. Уступленне ў МАП. Рэспубліка Беларусь з'яўляецца членам МАП з 1954 года і ратыфікавала 49 яе канвенцый, у тым ліку 8 вызначальных:

КАНВЕНЦЫЯ МАП 29. Канвенцыя аб прымусовай або абавязковай працы.

КАНВЕНЦЫЯ МАП 87. Канвенцыя аб свабодзе аб'яднанняў і абароне права аб'ядноўвацца ў прафсаюзы.

КАНВЕНЦЫЯ МАП 98. Канвенцыя аб прымяненні прынцыпаў права на аб'яднанне ў прафсаюзы і на вядзенне калектыўных перамоваў.

КАНВЕНЦЫЯ МАП 100. Канвенцыя аб роўнай узнагародзе мужчын і жанчын за працу роўнай каштоўнасці.

КАНВЕНЦЫЯ МАП 105. Канвенцыя аб скасаванні прымусовай працы.

КАНВЕНЦЫЯ МАП 111. Канвенцыя аб дыскрымінацыі ў галіне працы і заняткаў.

КАНВЕНЦЫЯ МАП 138. Канвенцыя аб мінімальным узросце для прыёму на працу.

КАНВЕНЦЫЯ МАП 182. Канвенцыя аб забароне і неадкладных мерах па выкараненні найгоршых формаў дзіцячай працы. (9)

Канстытуцыя БССР 1978 года. Чацвёртая Канстытуцыя Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі была прынята на пазачарговай дзявятай сесіі Вярхоўнага Савета БССР 14 красавіка 1978 года.

У Канстытуцыі БССР замацоўвалася вяршэнства ўлады народа, які ажыццяўляў яе праз Саветы народных дэпутатаў, якія складаюць палітычную аснову дзяржавы. Усе іншыя дзяржаўныя органы былі падкантрольныя і падсправаздачныя Саветам народных дэпутатаў.

У дакуменце былі прапісаны грамадзянскія правы і свабоды. Канстытуцыя ўключала артыкулы аб эканамічнай сістэме, аснову якой складала сацыялістычная ўласнасць на сродкі вытворчасці ў форме дзяржаўнай (агульнанароднай) і калгасна-кааператыўнай уласнасці.

Сацыяльнай асновай БССР прызнаваўся непарушны саюз рабочых, сялян і інтэлігенцыі. Грамадзянам БССР давалася права ўносіць у дзяржаўныя органы і грамадскія арганізацыі прапановы аб паляпшэнні іх дзейнасці, крытыкаваць недахопы ў працы.

У Канстытуцыі быў пацверджаны прынцып дэмакратычнага цэнтралізму: выбарнасць ўсіх органаў дзяржаўнай улады знізу даверху, падсправаздачнасць іх народу, абавязковасць рашэнняў вышэйстаячых органаў для ніжэйстаячых. (10)

 

БССР. Дысідэнцкі рух

Да дысідэнцтва ў СССР у шырокім сэнсе разумення далучаліся нацыянальныя, рэлігійныя і палітычныя рухі; людзі творчых прафесій, якія адмовіліся выконваць ідэалагічныя савецкія нормы; у больш вузкім - гэта група людзей, чые інтарэсы засяродзіліся на барацьбе з парушэннямі грамадзянскіх правоў у СССР. Гэта актывісты руху, які прынята называць “праваабарончым” і які часта атаясамліваюць з дысідэнцтвам у цэлым.

Найбольш актыўныя формы пратэсту былі характэрныя галоўным чынам для трох слаёў грамадства: творчай інтэлігенцыі, вернікаў і некаторых нацыянальных меншасцяў. (11)

1939 год. Фабіян Абрантовіч,  вядомы дзяяч беларускага каталіцкага руху. З-за ўводу савецкіх войскаў у Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну ў верасьні 1939 апынуўся на савецкай тэрыторыі. Арыштаваны,абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці і ў шпіянажы на карысць Ватыкана. Памёр у Бутырскай турме ад катаванняў і здзекаў.(12)

1939 год. Казімір Свёнтэк,  пробашч касцёла ў Пружанах, будучы кардынал Беларусі за антысавецкую дзейнасць быў арыштаваны і асуджаны.(13)

1945 год. Ксёндз Віктар Шутовіч, беларускі каталіцкі святар, публіцыст. Ад вясны 1944 года да 1945 года служыў у мінскім Чырвоным касцёле. 26 студзеня 1945 года арыштаваны савецкімі ўладамі, прысуджаны да турэмнага зняволення і высланы ў канцлагер у Комі АССР. Вызвалены 20 сакавіка 1955 года, вярнуўся ў Мінск, атрымаў парафію (нелегальна, з 1956 года) у Барысаве, дзе і памёр. (14)

1946-1947  гг. Звяз беларускіх патрыётаў узнік на пачатку 1946 года ў Глыбокім і Паставах. Летам 1946 года суполкі з Баранавічаў, Слоніма і Наваградка аб’ядноўваюцца ў Цэнтр Беларускага Вызваленчага Руху пад кіраўніцтвам Васіля Супруна. Летам 1947 года ўзніклі абласныя структуры кіравання, якія ўзначалілі Алесь Барэйка (Баранавіцкая вобласць), Мікола Макарэвіч (Берасцейская вобласць), Сяргей Яноўскі (Маладэчанская вобласць) і Мікола Ляскавец (Пінская вобласць). Зімой 1947 года арганізацыя была ліквідаваная савецкімі органамі дзяржбяспекі. Адбыліся два ваенныя трыбуналы ў Баранавічах і Мінску. Удзельнікаў ЗБП абвінавацілі ў антысавецкай дзейнасці і пакаралі расстрэламі, лагерамі і турэмнымі тэрмінамі.

Галоўныя мэты, якія ставілі перад сабой актывісты ЗБП: паляпшэнне дабрабыту насельніцтва, абарона нацыянальных і грамадзянскіх правоў, выратаванне беларускай мовы ва ўмовах інтэнсіўнай русіфікацыі. Канчатковай мэтай згуртавання была пабудова незалежнай беларускай дзяржавы.  (15)

1946 -1947 гг. “Чайка”, падпольная патрыятычная арганізацыя ў Слоніме ў асяродку настаўніцтва і моладзі Слонімшчыны.  Арганізацыя  ставіла  сваёй мэтай змаганне за нацыянальныя правы і годнасць свайго народа, яго культуру, мову, гісторыю, за свабоду і незалежнасць Беларусі.

У хуткім часе “Чайка” выйшла далёка за межы Слонімшчыны: патрыятычныя групы падполля былі створаныя і ў Баранавічах (з дапамогай Уладзіміра Салаўя — студэнта настаўніцкага інстытута), у Брэсце, Жыровічах і ў іншых гарадах і мястэчках. Разам з іншымі арганізацыямі "Чайка" аб'ядноўваюцца ў Цэнтр беларускага вызваленчага руху (ЦБВР), які павінен быў ажыццяўляць агульнае кіраўніцтва рухам. У сярэдзіне 1947 года падполле было разгромлена карнымі савецкімі органамі. Усіх арыштаваных абвінавацілі ў здрадзе СССР і антысавецкай агітацыі, у падрыхтоўцы ўзброенага паўстання супроць Савецкага Саюза з мэтай аддзялення Беларусі ад СССР. Удзельнікі арганізацыі былі асуджаны на тэрміны ад 10 да 25 гадоў. (16)

1946-1947 гг. Саюз Вызвалення Беларусі (СВБ), падпольная маладзёжная антысавецкая арганізацыя ў Наваградку ў 1946-1947гг. Створаны ў лістападзе 1946 года. Галоўнай мэтай СВБ было “аддзяленне Беларусі ад СССР і стварэнне самастойнай беларускай дзяржавы”. У канцы траўня 1947 года следчым аддзелам УМГБ Баранавіцкай вобласці было арыштавана 18 сяброў СВБ, выдадзеных правакатарам. 31 жніўня 1947 года  Ваенны трыбунал войскаў МВД Баранавіцкай вобласці прысудзіў удзельнікаў СВБ да зняволення на тэрмін ад 8 да 25 гадоў канцлагераў. Вядомыя наступныя прозвішчы 15 удзельнікаў наваградскага патрыятычнага падполля “Саюз Вызвалення Беларусі”, якія былі засуджаны па гэтай справе савецкім ваенным трыбуналам у Баранавічах: Генадзь Казак, Міхась Кожыч, Міхась Капціловіч, Самсон Пярловіч, Кастусь Рамановіч, Аляксандар Ляпешка, Аляксандар Усюкевіч, Пятро Дземянчук, Іван Макар, Міхась Мазан, Яўген Лішко, Анань Родзевіч, Сафрон Стома, Віталь Губарэвіч, Адам Шабоцька. (17)

1947-1950 гг. Расціслаў Лапіцкі. Вучань 10-га класа, Расціслаў Лапіцкі, стаў ідэолагам і заснавальнікам мядзельскай антыкамуністычнай арганізацыі. Дзейнасць мядзельскай арганізацыі пераважна абмяжоўвалася вуснай антыкамуністычнай прапагандай. Р.Лапіцкі сабраў радыёпрыёмнік, з дапамогай якога распаўсюджвалі інфармацыю заходніх радыёстанцый сярод аднакласнікаў і мясцовых жыхароў. На машынцы друкавалі ўлёткі і распаўсюджвалі іх у вёсках. Да руху далучылася паўтара дзясятка школьнікаў 7-10 класаў і некаторыя старэйшыя жыхары Мядзеля.

У лютым-сакавіку 1950 года арыштаваных набралася больш за паўтара дзясятка падпольшчыкаў. У ліпені 1950 года ў Маладэчне адбыўся суд ваеннага трыбунала. Падсудныя трымаліся мужна. Асабліва Р. Лапіцкі, чыё апошняе слова было абвінавачваннем камуністычнаму рэжыму. Прысуджаны да расстрэлу, ён адмовіўся прасіць аб памілаванні. Астатнім былі прысуджаны тэрміны ад 10 да 25 гадоў.(18)

1948 г. Ларыса Геніюш, беларуская паэтка, пісьменніца і грамадскі дзяяч, прадстаўніца старога Беларускага Адраджэння

5 сакавіка 1948 году арыштаваная органамі МДБ разам з сынам. Абое знаходзіліся ў турмах Чэхаславаччыны, Львова, з кастрычніка 1948 году ў турме Мінску. Судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР Л.Геніюш асуджана на 25 гадоў зняволення ў папраўча-працоўных лагерах. Камісія Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 30.05.1956 г. абвінавачванне прызнала абгрунтаваным, але тэрмін пакарання быў зменшаны да 8 гадоў. Пераехала ў пасёлак Зэльву, што на Гарадзеншчыне, дзе жыла, не прыняўшы савецкага падданства.  Памерла 07.04.1983 г. (19)

1951 г. Эрнст Сабіла, беларускі пратэстанцкі рэлігійны і грамадскі дзяяч, дысідэнт.  Адзін з заснавальнікаў і лідараў Беларускай Евангельскай царквы. У 1951 годзе, будучы студэнтам, быў арыштаваны па арт. 72-Б Крымінальнага кодэкса БССР (“актыўная агітацыя з ужываннем нацыянальных і рэлігійных забабонаў”). Быў прысуджаны да расстрэлу, але расстрэльны прысуд быў заменены на 25 гадоў канцлагераў. У 1964 годзе, праз 13 гадоў зняволення, быў вызвалены і вярнуўся да актыўнай рэлігійнай дзейнасці. З часу вызвалення знаходзіўся пад наглядам КДБ. З 1988 года прасвітар Евангельскай царквы. У 1989 годзе пастар Сабіла асвяціў першы з’езд Беларускага народнага фронту. (20)

1957 г. Браты Лявон і Міхась Белыя. Пляменнікі Якуба Коласа. Група братоў Белых ў 1957 годзе ў Мінску расклейвалі ўлёткі супраць русіфікацыі Беларусі. За выраб і распаўсюд улётак у абарону беларускай мовы абодва браты былі асуджаныя і прызнаныя віноўнымі паводле арт. 67 (антысавецкая агітацыя і прапаганда).: Лявон атрымаў тэрмін у 10 гадоў зьняволеньня, ягоны брат - 7 гадоў.  (21)

1962—1963 гг. Асяродак студэнтаў філфака БДУ. Асяродак меў каля дзесяці сяброў. Выступалі супраць палітыкі русіфікацыі, абмяжоўваліся вуснай прапагандай. Вясной 1963 г. асяродак разгромлены КДБ, частка студэнтаў выключана з універсітэта. (22)

Пачатак 1960-х гг. Акадэмічны асяродак  -- кола патрыятычна настроеных беларускіх навукоўцаў. Збіралі і назапашвалі інфармацыю адносна гісторыі нацыянальнага беларускага руху і яго дзеячаў, калекцыянавалі ўспаміны, кніжкі і часопісы, пераважна віленскага друку або часу Інбелкульту. Вяліся пошукі аднадумцаў і ўсталёўваліся з імі кантакты. Асаблівая ўвага скіроўвалася на студэнтаў. Шукаліся таксама кантакты з іншымі патрыятычныямі асяродкамі. У 1974—1975 гг. былі звольненыя з працы на падставе абвінавачанняў у беларускім нацыяналізме:

Каўрус Алесь, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства, нарадзіўся на Мядзельшчыне;

Лапуць Віктар, загадчык аддзела Інстытута геалогіі, нарадзіўся на Капыльшчыне ў сям’і, дэпартаванай у 1937 г. у Казахстан, вучыўся ў Львове;

Міско Сцяпан, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, нарадзіўся на Слонімшчыне;

Пазняк Зянон, аспірант Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, нарадзіўся на Івеншчыне;

Прашковіч Мікола, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры, нарадзіўся ў Бярэзінскім р-не, працаваў настаўнікам на Смаргоншчыне;

Рабкевіч Валянцін, старшы рэдактар Беларускай савецкай энцыклапедыі, нарадзіўся на Капыльшчыне, працаваў журналістам на Браслаўшчыне і Валожыншчыне;

Чарняўскі Міхась, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі, нарадзіўся і настаўнічаў на Мядзельшчыне.

Разам з тым быў і шэраг іншых удзельнікаў акадэмічнага асяродка, датычна якіх улады абмежаваліся “прафілактычнымі размовамі” і запалохваннямі.

Праз год—два частцы з іх, з дапамогай Максіма Танка і пры спрыянні некаторых работнікаў апарата ЦК КПБ, удалося вярнуцца ў свае ранейшыя навуковыя ўстановы. Іншыя ўладкаваліся ў розныя рэдакцыі і выдавецтвы. (23)

1968 год. Міхась Ігнатавіч Кукаба́ка, беларускі дысідэнт, праваабаронца, апошні палітвязень Савецкага Саюза (у 1970-1976 гадах, 1978-1988 гадах). Арыштоўваўся 4 разы па палітычных абвінавачваннях і правёў у турмах і спецпсіхбольніцах турэмнага тыпу ў суме каля 17 гадоў. У 1968 годзе у час акупацыі Чэхаславакіі войскамі Савецкага Саюза і падначаленых яму краін М.Кукабака адкрыта выступае з асуджэннем агрэсіўных дзеянняу савецкага ўрада. (24)

1978 г. Асяродак студэнтаў філфака БДУ. Галоўнае патрабаванне  — выкладанне навучальных прадметаў на беларускай мове. За гэтыя патрабаванні А.Разанаў і В.Ярац былі выключаныя з універсітэта. (25)

1984-85гг. Група “Незалежнасць" падпольная антысавецкая арганізацыя.  Распрацоўвала планы змагання за незалежнасць Беларусі і вызваленне яе ад бальшавізма. Удзельнікі: Вінцук Вячорка, Сяргей Дубавец, Сяржук Сокалаў-Воюш, Віктар Івашкевіч, Алесь Суша, Генік Лойка,Алесь Костка, Алесь Бяляцкі, Яўген Івашкевіч, Генадзь Сагановіч. Група наладзіла самвыдат, друкаваліся бюлетэні “Люстра дзён” і “Бурачок”, у якіх удзельнікі арганізацыі дзяліліся сваімі адкрыццямі ў вывучэнні нацыянальнай гісторыі і культуры, паказвалі сутнасць савецкага ладу. (26)

1979—1984 гг. Беларуская майстроўня. Аб'яднанне, створанае пераважна студэнтамі універсітэта і Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, дзейнічала пераважна ў Мінску. Ставіла за мэту адраджэнне ў гарадскіх умовах беларускай народнай культуры, усяго беларускага. Пазней сваю актыўнасць “Майстроўня” пачала пашыраць на іншыя гарады Беларусі. Пасля пратэстаў у красавіку 1964 г. супраць зносу будынка былога Мінскага гарадскога тэатра пачаліся затрыманні і пераслед сяброў аб'яднання, і яно спыніла сваё існаванне, трансфармаваўшыся ў шэраг іншых, з такой жа культурна-асветніцкай, а таксама палітычнай скіраванасцю дзейнасці (напрыклад, клуб імя Караткевіча і клуб “Талака”). (27)

1988 г.  Мартыралог Беларусі. “Мартыралог Беларусі”  грамадскае гісторыка-асветніцкае таварыства памяці ахвяраў камунізму і сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі. Арганізацыя была ўтвораная 19 кастрычніка 1988 году. Гэтая ж дата лічыцца днём утварэньня Беларускага Народнага Фронту. “Мартыралог Беларусі” займаецца асветніцкай і даследніцкай дзейнасцю, збірае інфармацыю пра злачынствы сталінскіх часоў і камунізму.  (28)

1989 год. Беларускі ПЭН-цэнтр. Праводзіць працу, накіраваную на забеспячэнне свабоды слова і абарону правоў журналістаў і пісьменнікаў. (29)

1990 год. Венскі камітэт. Актыўныя сябры арганізацыі -- Валерый Сядоў, Раман Якаўлеўскі, Юрый і Аляксей Ходыка.  Сябры Венскага камітэта забяспечвалі юрыдычную дапамогу, выступалі з праваабарончымі ідэямі на мітынгах, у вольнай прэсе, удзельнічалі ў міжнародных праваабарончых канферэнцыях у Маскве, у канферэнцыях паняволеных народаў у Таліне, Тбілісі. Адзін з заснавальнікаў Венскага камітэта, Валерый Сядоў, пастановай Пракуратуры БССР быў арыштаваны і змешчаны ў следчы ізалятар. У ізалятары ён знаходзіўся больш за два месяцы, 32 дні з якіх галадаў. Неўзабаве дзейнасць Венскага камітэта прыпынілася. (30)

Дысiдэнцкi рух

 

Права сярэднявечных княстваў на беларускіх землях

Вялiкае Княства Лiтоўскае

Вялiкае Княства Лiтоўскае ў часы Рэчы Паспалiтай

Беларускiя землi пад уладай Расiйскай імперыi

Беларуская Народная Рэспубліка

Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка 

Рэспубліка Беларусь


* Праект для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не ўяўляе сабой поўны пералік арганізацый і фактаў па гісторыі беларускага права.

Крыніцы:

1. http://www.pravo.by/main.aspx?guid=2041

2. http://www.pravo.by/ImgPravo/pdf/GPK_BSSR_1923.pdf

3. http://www.pravo.by/main.aspx?guid=2051

4. http://www.law.bsu.by/pub/11/Ugolovnuy%20kodekc_1928.pdf

5. http://www.pravo.by/main.aspx?guid=2061

ru.wikipedia.org/wiki/Конституция_Белоруссии

6. ru.wikipedia.org/wiki/Берия,_Лаврентий_Павлович

http://www.dissercat.com/content/istoriya-gosudarstvennoi-reabilitatsionnoi-politiki-i-obshchestvennogo-dvizheniya-za-uvekove

7.http://www.npa.by/bssr-v-sostave-sssr.html

8. http://www.un.org/ru/documents/decl_conv/declarations/declhr.shtml

9. http://evolutio.info/index.php?option=com_content&task=view&id=1061

10. http://www.pravo.by/main.aspx?guid=207

11. П. Сцепаненка. http://spring96.org/ru/news/77307

12.ru.wikipedia.org/wiki/Абрантович,_Фабиан

13.http://jivebelarus.net/history/new-history/oposition-in-belarus-1944-1953.html?page=3#lnk2

14.http://jivebelarus.net/history/new-history/oposition-in-belarus-1944-1953.html?page=3#lnk2

15.betarask.wikipedia.org/wiki/Зьвяз_беларускіх_патрыётаў

  1. http://novychas.by/asoba/kiraunik_patryjatycnaj_cajki
  2. http://www.slounik.org/154980.html
  3. http://rutracker.org/forum/viewtopic.php?t=3364325

http://belhist.ru/2012/12/den-rozhdenija-rostislava-lapickogo/

19.ru.wikipedia.org/wiki/Гениюш,_Лариса_Антоновна

20.betarask.wikipedia.org/wiki/Эрнэст_Сабіла

21-23. http://old.belcollegium.org/lekcyji/historyja/czarniauski_02.htm Міхал Чарняўскі. Беларускія антыкамуністычныя рухі ў час поздняга сталінізму ( ад Сталіна да перабудовы Гарбачова: 1953—1987 гг.)

24.ru.wikipedia.org/wiki/Кукобака,_Михаил_Игнатьевич

betarask.wikipedia.org/wiki/Міхась_Кукабака

25.http://old.belcollegium.org/lekcyji/historyja/czarniauski_02.htm Міхал Чарняўскі. Беларускія антыкамуністычныя рухі ў час поздняга сталінізму ( ад Сталіна да перабудовы Гарбачова: 1953—1987 гг.)

 26.Успаміны С. Дубаўца В. Вячоркі, Я. Івашкевіча https://www.youtube.com/watch?v=3uxkr-eQmH0

27.http://old.belcollegium.org/lekcyji/historyja/czarniauski_02.htm Міхал Чарняўскі. Беларускія антыкамуністычныя рухі ў час поздняга сталінізму ( ад Сталіна да перабудовы Гарбачова: 1953—1987 гг.)

28.betarask.wikipedia.org/wiki/Мартыралёг_Беларусі

29-30. А.Бяляцкі "Халоднае крыло Радзімы".

Слайд:

1.Францiшак Аляхновiч – здымак Яна Булгака.

 

 

Обратите внимание

Наши партнеры